Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Трупы, чарвякі, смурод — вось і ўся свабода», — як прафэсар БДУ ставіцца да лібэральных рэформаў


Валеры Байнёў

Валеры Байнёў

Учора на катэдры інавацыйнага мэнэджмэнту Эканамічнага факультэту БДУ адбыўся навукова-тэарэтычны сэмінар па тэме «Лібэральна-рынкавыя рэформы як пагроза эканамічнай і нацыянальнай бясьпецы Беларусі».

Дакладчыкам на сэмінары быў загадчык катэдры інавацыйнага мэнэджмэнту эканамічнага факультэту БДУ Валеры Байнёў.

Абвестка аб правядзеньні сэмінару

Абвестка аб правядзеньні сэмінару

Пасьля сэмінару Свабода зьвярнулася да прафэсара Байнёва, каб той патлумачыў свой тэзіс.

— Чаму вы лічыце, што лібэральна-рынкавыя рэформы — пагроза нацыянальнай бясьпецы Беларусі?

— Лібэральна-рынкавыя рэформы Беларусі проціпаказаныя, таму што яны нідзе не атрымаліся. Таму што лібэральна-рынкавыя рэформы паўсюль у былым СССР прывялі да вайны, забойстваў, крыві, разрухі, крызісу. Нам 25 гадоў абяцалі, што рынкавыя рэформы забясьпечаць жыцьцё як на Захадзе, а яны нам забясьпечылі жыцьцё як у ваюючай Афрыцы. Таму адзіная краіна, дзе пакуль маці не атрымлівалі пахаронак зь мясцовых франтоў — гэта Беларусь. Нам трэба ладзіць рынкавыя рэформы, толькі калі мы хочам скончыць жыцьцё самагубствам. Лібэральныя рэформы нідзе не атрымаліся, яны немагчымыя. Яны паўсюль прывялі да вайны, разрухі, крызісу, інфляцыі. Вакол страляніна, забойства, войны. Трупы, трупы, трупы, чарвякі, смурод — вось і ўся свабода.

— А якая эканамічная мадэль неабходная Беларусі, на вашу думку?

— Трэба ўзмацняць дзяржаўнае рэгуляваньне да ўзроўню хоць бы як у Амэрыцы. Таму што ва ўсіх заходніх краінах дзяржава грае непараўнальна большую ролю ў эканоміцы, чым гэта ёсьць у Беларусі. Нам трэба ўзмацняць да ўзроўню ЗША, да ўзроўню Бэльгіі, Францыі — узмацніць мінімум удвая. Такая мадэль, як на Захадзе, патрэбная нам: з моцнай дзяржавай, з поўнай адсутнасьцю рынку, з буйнымі карпарацыямі, якія курыруюць дзяржаўныя і нават наддзяржаўныя органы (у нашым выпадку — наддзяржаўныя органы ЭАЭС). Гэта значыць, нам рэзка трэба ўзмацніць ролю дзяржавы ў эканоміцы.

— Ці можаце сказаць, наколькі распаўсюджаныя падобныя погляды сярод акадэмічнай супольнасьці Беларусі? Звычайна больш чуваць галасы эканамістаў, якія выступаюць за правядзеньне лібэральных рэформаў...

— Вы проста шукаеце там, дзе хочаце. На самой справе, такія погляды дастаткова распаўсюджаныя. Але ў нас цяпер такая сытуацыя, як у 37 годзе — лібэральная тусоўка, якая фінансуецца Амэрыкай, яна як бы дамінуе. На самой справе такіх, як я, вельмі шмат, але яны, на жаль, ледзь не ў падпольлі. Але калі трэба — яны выйдуць з падпольля, не турбуйцеся. Калі жыцьцё пасьля рынкавых рэформаў пачне рэзка пагаршацца да ўкраінскага варыянту (вы ж там ужо дарэфармавалі краіну), калі вы дарэфармуеце эканоміку да ваеннага стану, тады такія, як мы, пачнём з вас пытацца.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG