Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Баку абвінаваціў Ерэван у парушэньні замірэньня ў Нагорным Карабаху


Пагадненьне аб перамір’і ў зоне карабахскага канфлікту было дасягнута Азэрбайджанам і Армэніяй 5 красавіка.

Міністэрства абароны Азэрбайджану заявіла, што армянскі бок 115 разоў парушыў абвешчанае напярэдадні перамір’е ў Нагорным Карабаху. Абстрэл вёўся з буйнакалібэрных кулямётаў і артылерыі па ўсёй лініі судакрананьня бакоў, паведаміў прадстаўнік ведамства Вагіф Дзяргахлы. Пры гэтым Баку, як адзначаецца ў паведамленьні, перамір’е датрымлівае.

Улады самаабвешчанай Нагорна-Карабахскай рэспублікі абвяргаюць гэтую інфармацыю. Паводле іх словаў, за ноч яны не зафіксавалі выпадкаў парушэньня пагадненьня аб спыненьні агню.

Аб перамір’і Азэрбайджан і Арменія аб’явілі 5 красавіка. Ваенныя дзеяньні былі прыпыненыя.

Абстаноўка ў зоне карабахскага канфлікту рэзка абвастрылася ў ноч на 2 красавіка. У сераду Баку і Сьцепанакерт апублікавалі дадзеныя пра страты за чатыры дні збройнага супрацьстаяньня. Так, улады самаабвешчанай Нагорна-Карабахскай рэспублікі паведамілі пра гібель 29 вайскоўцаў, 28 зьніклі бязь вестак, яшчэ 72 салдаты былі параненыя. Страты азэрбайджанскай арміі — 31 вайсковец.

У ААН у панядзелак паведамілі, што ахвярамі ўзброенага супрацьстаяньня сталі больш за 30 чалавек, больш за 200 атрымалі раненьні.

XS
SM
MD
LG