Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску абмяркоўваюць выбары на Данбасе і ці дапаможа ім паліцэйская місія АБСЭ


Прадстаўнікі так званых ДНР і ЛНР Дзяніс Пушылін і Ўладзіслаў Дэйнэга, архіўнае фота 2015 году
Прадстаўнікі так званых ДНР і ЛНР Дзяніс Пушылін і Ўладзіслаў Дэйнэга, архіўнае фота 2015 году

Сёньня пройдзе паседжаньне Трохбаковай кантактнай групы па ўрэгуляваньні сытуацыі на Данбасе.

Учора паўдня ўжо засядала палітычная падгрупа, якая абмяркоўвала пытаньні «мадальнасьці», гэта значыць умоваў правядзеньня мясцовых выбараў у акупаваных раёнах Данбасу і магчымую амністыю ўдзельнікам ваенных дзеяньняў у рэгіёне.

Пытаньне выбараў у Данбасе актуалізаваў прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка, які ў нядзелю заявіў, што яны магчымыя, калі пройдуць паводле ўкраінскага заканадаўства і ў адпаведнасьці з нормамі АБСЭ, а таксама калі за іх падрыхтоўкай, правядзеньнем і за наступнай перадачай улады будуць назіраць узброеныя падразьдзяленьні паліцыі АБСЭ.

Акрамя таго, украінскі бок настойвае на перадачы Расеяй Украіне кантролю за яе мяжой на Данбасе, на вывадзе расейскіх войскаў і зброі.

У сувязі з гэтай заявай Парашэнкі напярэдадні сёньняшняга пасяджэньня ў Менску з сумеснай заявай выступілі прадстаўнікі так званых ДНР і ЛНР на перамовах Дзяніс Пушылін і Ўладзіслаў Дэйнэга.

На іх думку, «стварэньне ўзброенай міжнароднай паліцыі дзеля забесьпячэньня бясьпекі выбараў не прадугледжанае Менскімі пагадненьнямі і наўпрост ім супярэчыць».

Падобную місію яны называюць не іначай як «інтэрвэнцыяй, якая прывядзе да маштабных баявых сутыкненьняў і сапраўднай вайны, у якую апынуцца наўпрост уцягнутыя краіны Захаду».

Сэпаратысты са свайго боку патрабуюць увесьці ўзгодненыя зь імі папраўкі ў Канстытуцыю Ўкраіны і ў закон аб адмысловым статусе Данбаса, а таксама сумесна распрацаваць закон аб выбарах.

Такім чынам дыскусія ў Менску аб выбарах на Данбасе, да якіх Украіну падштурхоўваюць заходнія партнэры, абяцае быць гарачай і наўрад ці завершыцца хуткай згодай.

Акрамя таго ўкраінскі бок мае намер сёньня ў Менску зноў узьняць пытаньне аб вызваленьні палонных і закладнікаў, у тым ліку Надзеі Саўчанкі, а таксама дамагацца спыненьня абстрэлаў і захаваньня рэжыму цішыні на лініі разьмежаваньня на Данбасе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG