Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як крамлёўскія тролі галяндцаў палохалі


Кадр з фальшывага відэа.

Кадр з фальшывага відэа.

Група Bellingcat: расейская «фабрыка троляў» спрабуе паўплываць на вынікі рэфэрэндуму ў Нідэрляндах.

«Галяндцы! Не ідзіце супраць Украіны, гэта дрэнна для вас скончыцца. Мы прынясем хаос у вашы дамы. Вы пашкадуеце пра сваё рашэньне. Мы знойдзем вас паўсюль: у кіно, на працы, у вашай спальні. У нас ёсьць хлопцы ў Нідэрляндах, гатовыя выканаць любы загад». Чалавек у масцы-«балаклаве», у камуфляжнай форме і з аўтаматам у руках прамаўляе гэтыя словы на ламанай ангельскай мове, стоячы ў кампаніі некалькіх такіх жа мужчын. Пасьля гэтага яны дастаюць і падпальваюць сьцяг Каралеўства Нідэрлянды, выкрыкваючы па-ўкраінску: «Слава Украіне! Сьмерць ворагам!» Так завяршаецца відэаролік, распаўсюджаны ў інтэрнэце ў пачатку гэтага году і прысьвечаны рэфэрэндуму, які тычыцца пагадненьня аб асацыяцыі паміж Эўразьвязам і Ўкраінай. Галасаваньне пройдзе ў Нідэрляндах 6 красавіка.

Напярэдадні міжнародная група Bellingcat, якая займаецца расьсьледаваньнямі паводле інтэрнэт-крыніцаў і аб’ядноўвае журналістаў, мэдыяэкспэртаў і спэцыялістаў па інфармацыйных тэхналёгіях, апублікавала справаздачу, у якой робіць выснову: запалохаць галяндцаў ад імя ўкраінскага батальёну «Азоў» спрабавалі супрацоўнікі так званай расейскай «фабрыкі троляў» — арганізацыі, арыентаванай на працу ў інтэрнэце, інфармацыйныя дывэрсіі і прапаганду. У новым расьсьледаваньні падкрэсьліваецца, што ўдзельнікі групы Bellingcat не імкнуцца неяк паўплываць на вынік галасаваньня ў Нідэрляндах, роўна як і не сымпатызуюць праварадыкальным поглядам, якіх прытрымліваюцца многія рэальныя байцы батальёна «Азоў». Аднак Bellingcat лічыць патрэбным чарговы раз паказаць, як працуюць мэханізмы інфармацыйнай вайны, у дадзеным выпадку накіраваныя супраць грамадзян адной з краін Эўразьвязу.

Аб выніках расьсьледаваньня Радыё Свабода распавёў адзін з удзельнікаў Bellingcat Арык Толер.

— Што наштурхнула вас на думку аб тым, што відэа са сьцягам Нідэрляндаў, выкладзенае ў інтэрнэт нібыта ад імя байцоў ўкраінскага батальёну «Азоў», можа быць зьвязана зь дзейнасьцю расейскай «фабрыкі троляў»?

Арык Толер

Арык Толер

— Насамрэч гэта адбылося выпадкова. Адзін з нашых супрацоўнікаў займаўся гэтым відэа ў вольны час. Тое, што гаворка ідзе пра падложнае відэа, фэйк, вельмі хутка не выклікала сумневаў. Але калі ён вырашыў прасачыць, «адкуль ногі растуць», знайсьці самае першае зьяўленьне гэтага відэа — прыкладна так, як шукаюць паходжаньне кампутарных вірусаў, — ён сутыкнуўся з цэлай групай фэйк-акаўнтаў (гэта значыць заведзеных ня рэальнымі, а фіктыўнымі інтэрнэт-карыстальнікамі. — РС), якія з самага пачатку актыўна распаўсюджвалі гэты відэазапіс. Фактычна праз пару дзесяткаў хвілін пасьля таго, як гэта відэа было выкладзена, пачалося яго вельмі актыўны, «віруснае» распаўсюджаньне. Калі мы прыгледзеліся больш уважліва да таго, што гэта за акаўнты і хто за імі стаіць, дык прыйшлі да тых высноў, якія і робім у нашым дасьледаваньні: гэта праца людзей з вядомай «фабрыкі троляў».

— Якія вы маеце доказы гэтага?

— Гэты відэазапіс зьявіўся на зусім новым канале ў YouTube пад назвай «Патрыёт». Ён, натуральна, суправаджаўся спасылкай на зыходнае відэа, нібыта выкладзенае на сапраўдным канале «Азова». Але як толькі вы ішлі па гэтай спасылцы, высьвятлялася, што зыходнае відэа, якое нібыта існавала, ужо выдаленае. Пры гэтым ніводная пошукавая машына, ніводны кэш не захаваў сьлядоў відэазапісу з адпаведным URL (Uniform Resource Locator — унікальны адрас кожнай старонкі ў інтэрнэце. — РС). Мы дастаткова прафэсійныя людзі для таго, каб зразумець, як гэта можна зрабіць: на канале ў YouTube на вельмі кароткі час разьмяшчаецца зусім выпадковае відэа, якое тут жа выдаляецца, яшчэ да таго, як патрапіць у кэш, а потым адпаведная спасылка прымацоўваецца — пад выглядам «зыходніка», які нібыта існаваў да фэйкавага відэа, у дадзеным выпадку — быццам бы ад «Азова».

Шэраг карыстальнікаў, якія разьмяшчалі і камэнтавалі відэа нібыта «Азова» на ўкраінскіх і расейскіх форумах, мелі адзін і той жа IP-адрас, ужо «засьвечаны» раней пры розных акцыях расейскіх троляў.

Цяпер вернемся да тых людзей, якія распаўсюджвалі гэты запіс. Першым гэта зрабіў карыстальнік пад нікам Artur 32409. Ён суправадзіў гэта відэа на форуме politforums.net запісам на ўкраінскай мове, які бурна ўхваляў дзеяньні байцоў «Азова». Потым за 24 хвіліны гэтае відэа было «разшэранае» 30 разоў, перш за ўсё на розных акаўнтах у сетцы «Ўкантакце». Пры гэтым некаторыя карыстальнікі, якія падзяліліся відэа, суправадзілі яго, нібыта ад свайго імя, тэкстам, які цалкам супадае з тым, што апублікаваў Artur 32409. Мы прасачылі, што гэта за карыстальнікі. Яны апынуліся зьвязаныя з распаўсюджваньнем матэрыялаў Фэдэральнага агенцтва навінаў (ФАН), якое зьяўляецца «роднаснай» арганізацыяй «фабрыкі троляў», арганізаванай у Пецярбургу. Усё праглядалася даволі ясна: аж да таго, што цэлы шэраг карыстальнікаў, якія разьмяшчалі і камэнтавалі відэа нібыта «Азова» на ўкраінскіх і расейскіх форумах, мелі адзін і той жа IP-адрас, ужо «засьвечаны» раней пры розных акцыях расейскіх троляў.

Карыкатура напярэдадні рэфэрэндуму ў Нідэрляндаў (Аўтар: Аляксей Кустоўскі)

Карыкатура напярэдадні рэфэрэндуму ў Нідэрляндаў (Аўтар: Аляксей Кустоўскі)

— Гэта было так добра заўважна? Гэта значыць можна сказаць, што апэрацыя апынулася дрэнна замаскіраванай?

— Так, маючы пэўны вопыт дасьледаваньня дзейнасьці інтэрнэт-троляў, магу сказаць, што якраз гэтая група не падалася нам асабліва разумнай або хітрай. Яны зрабілі відавочна недастаткова для таго, каб замесьці сьляды. Я зьвязваю гэта са спэцыфікай іх працы. «Фабрыка троляў» ўладкаваная такім чынам, што ад яе супрацоўнікаў патрабуюць разьмяшчэньня сотняў пастоў і камэнтароў штодня — у сацыяльных сетках, на форумах розных СМІ і т. п. У гэтых людзей проста няма часу для таго, каб вынайсьці нешта складанейшае. Напрыклад, не карыстацца адным IP-адрасам або нармальна аформіць свае фэйк-акаўнты ў сацсетках — так, каб яны выглядалі падобна да старонак рэальна існуючых людзей. Я магу спаслацца ня толькі на наш вопыт, але і, да прыкладу, на расьсьледаваньне Андрэя Сошнікава з расейскай службы Бі-бі-сі, які ўстанавіў, што расейская «фабрыка троляў» паслала па інтэрнэце іншае фэйкавае відэа, на якім нібыта амэрыканскі салдат страляе ў Каран. Тое ж самае: як і ў выпадку з «Азовам», відэа выраблена дастаткова непрафэсійна, а «расшэрывалася» так, што вызначыць яго паходжаньне аказалася ня так ужо складана. Гэта сапраўды перамога колькасьці над якасьцю: тролі маюць столькі працы, што яны не надаюць дастаткова ўвагі таму, каб замесьці сьляды.

— Можна меркаваць, што ў вас у Bellingcat сабраліся людзі дастаткова вопытныя, якія лёгка распазнаюць тое, што для звычайнага інтэрнэт-карыстальніка застаецца ўтоена. Але ж разьлічаныя такога кшталту матэрыялы якраз на неспрактыкаванага карыстальніка. У выпадку з фэйкавым відэа «Азова» ці можна сказаць, што яно аказала нейкі ўплыў на галяндзкую аўдыторыю, спрыяла фармаваньню грамадзкай думкі напярэдадні рэфэрэндуму па ўкраінскім пытаньні? Бо відавочна, што якраз для гэтага яно і выраблялася.

Тролі маюць столькі працы, што яны не надаюць дастаткова ўвагі таму, каб замесьці сьляды.

— Шчыра кажучы, ня думаю, што гэты відэазапіс меў такі ўжо вялікі эфэкт. Насамрэч мы пастараліся гэта адсачыць. Перш за ўсё, відэа зроблена даволі няўмела, вельмі па-аматарску. Можна нават назваць яго пацешным: пагрозы тых, хто ў ім прамаўляе, не здаюцца асабліва лягічнымі і рэальнымі, а адзін зь іх, які прамаўляе тыраду па-ангельску, кажа знарок дрэнна. Усё вельмі ўбога, на «тапорным» прапагандысцкім узроўні работа, праўда. І гэта адбілася на тым, як пра гэтае відэа пісалі СМІ і карыстальнікі сацыяльных сетак у Нідэрляндах адразу пасьля яго зьяўленьня. Характэрна, што да меркаваньня аб тым, што гэты запіс сапраўдны, ці, прынамсі, можа быць сапраўдным, схіляліся толькі тыя, чыё меркаваньне ўжо было сфармаванае і хто так ці інакш зьбіраўся прагаласаваць на рэфэрэндуме супраць дамовы з Украінай. Усе вядучыя СМІ, аднак, у адзін голас заявілі, што гэта відавочны фэйк. Гэта значыць тыя, хто з-за сваіх ўжо сфарманых поглядаў на ўкраінскую праблему хацелі верыць, што відэа сапраўднае, верылі, паколькі гэта падмацоўвала іх пункт гледжаньня, які ўжо існаваў. Тыя ж, чыё меркаваньне канчаткова не сфармавалася, роўна як і праўкраінскі лягер, прытрымліваліся скептычнай або прынамсі нэўтральнай пазіцыі.

Плякат праціўнікаў пагадненьня аб асацыяцыі Ўкраіны з Эўразьвязам у галяндзкім горадзе Эйндховэн.

Плякат праціўнікаў пагадненьня аб асацыяцыі Ўкраіны з Эўразьвязам у галяндзкім горадзе Эйндховэн.

— Паводле вашых назіраньняў, ці можа нешта зьмяніцца ў дзейнасьці «фабрыкі троляў» у блізкай будучыні? Ці яны стануць прафэсійнейшымі, пачнуць выпускаць больш якасную і таму больш небясьпечную для патэнцыйнай аўдыторыі прадукцыю?

Гэта такі савецкі тып мысьленьня: даеш 500 пастоў у тыдзень ад кожнага!

— Насамрэч, наколькі я магу судзіць, пэўную эвалюцыю «фабрыка троляў» ужо зрабіла. Але гэта па-ранейшаму вельмі грубая праца, па той прычыне, пра якую я ўжо казаў: іх начальства патрабуе колькасьці на шкоду якасьці. Шчыра кажучы, гэта такі савецкі тып мысьленьня: даеш 500 пастоў у тыдзень ад кожнага! Усё роўна, добрых, дрэнных (ну, з іх «тролінгавага» пункту гледжаньня): патрэбна статыстыка — наперад! Потым супрацоўнікі паказваюць гэта начальству, а яно, у сваю чаргу, тым, хто іх фінансуе: вось, глядзіце, мы апублікавалі за справаздачны пэрыяд 50 тысяч пастоў, 500 тысяч комэнтаў! Патэнцыйная аўдыторыя — 10 мільёнаў чалавек і г. д. Пры такім мысьленьні, шчыра кажучы, ім цяжка разьлічваць на эфэктыўнасьць.

— Вы маеце намер працягваць сачыць за дзейнасьцю «фабрыкі троляў» ці гэта ў цэлым другарадная тэма для Bellingcat?

— Я б не сказаў, што другарадная, але ўсё ж не асноўная. У рамках расьсьледаваньня, якое тычыцца фэйкавага відэа «Азова», мы выявілі яшчэ некалькі цікавых рэчаў і хочам апублікаваць вынікі сваіх назіраньняў у найбліжэйшы час, — кажа адзін з удзельнікаў групы Bellingcat Арык Толер.

XS
SM
MD
LG