Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Дэпутаты Эўрапарлямэнту накіравалі ліст Надзеі Саўчанцы


Дэпутаты Эўрапарлямэнту накіравалі Надзеі Саўчанцы ліст са словамі падтрымкі і запэўненьнямі, што яны працягнуць выступаць за вызваленьне ўкраінскай лётчыцы.

Ліст, падпісаны 26 членамі Эўрапейскага парлямэнту, паступіў 4 сакавіка праз сыстэму «РосУзник», а 4 красавіка Надзея Саўчанка напісала зваротнае паведамленьне калегам і прапанавала ўвесьці пэрсанальныя санкцыі супраць кіраўніцтва Расеі.

«Дарагая Надзя, мы, сябры Ўкраіны ў Эўрапейскім парлямэнце, хацелі б падзяліцца з вамі нашай падтрымкай і запэўніць вас, што будзем працягваць барацьбу за Ваша вызваленьне. Вы — прыклад патрыятызму, адданасьці вашым каштоўнасьцям і ўкраінскаму народу. Украінцы заслугоўваюць жыць у дэмакратычнай краіне, свабоднай ад зьнешняга ўварваньня і ціску... Мы захапляемся Вашай сілай і стойкасьцю ў супрацьстаяньні суду ў стылі Кафкі», - гаворыцца ў калектыўным лісьце.

Дэпутаты параўналі Саўчанку з дысыдэнтамі савецкіх часоў і распавялі пра тое, якія дзеяньні робяць для яе вызваленьня. «Мы заклікаем Расею вызваліць вас у кожнай рэзалюцыі Эўрапарлямэнту, а таксама ў заявах, якія тычацца Ўкраіны і Расеі. Была рэзалюцыя, прысьвечаная выключна вашаму незаконнаму ўтрыманьню пад вартай у Расейскай Фэдэрацыі. Мы таксама пішам лісты расейскім чыноўнікам. Як Вы ведаеце, шэраг нашых калегаў з Эўрапарлямэнту далучыліся да вашай галадоўцы, што было ня толькі сымбалічным актам падтрымкі, але і кампаніяй, накіраванай на прыцягненьне ўвагі да сытуацыі, у якой вы знаходзіцеся. Мы працягнем ўздымаць пытаньне аб вашым вызваленьні з нашымі расейскімі калегамі. Наша дарагая калега, мы ўпэўненыя, што бліжэйшым часам зможам сустрэцца з вамі асабіста. Мы не здаёмся і будзьце ўпэўненыя, Вы не забытыя».

У адказ Надзея Саўчанка падзякавала дэпутатам за падтрымку, адначасова адзначыўшы, што іх «калегі з Расеі вельмі далёкія ад дэмакратычных каштоўнасьцяў». «Ім важныя толькі іх інтарэсы, дакладней інтарэсы толькі іх кашальку. Вось чаго яны баяцца. Таму дзейснымі будуць не агульныя санкцыі супраць народу Расеі, а менавіта народу прыйдзецца за іх адказваць, а пэрсанальныя санкцыі супраць Крамля», — піша ўкраінская лётчыца з Навачаркаскага СІЗА.

5 красавіка ўступіў у сілу прысуд Надзеі Саўчанцы — 22 гады пазбаўленьня волі. Яе прызналі вінаватай у саўдзеле ў забойстве двух расейскіх журналістаў у Луганскай вобласьці Ўкраіны ў чэрвені 2014 года. Саўчанка абвінавачваньні абвяргае. Украінка абяцала з 6-га красавіка пачаць сухую галадоўку, дамагаючыся ад расейскіх уладаў вяртаньня на радзіму.

XS
SM
MD
LG