Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Amnesty International: У 2015 найбольш сьмяротных пакараньняў за чвэрць стагодзьдзя, Беларусь па-ранейшаму адзіная ў рэгіёне


Драматычныя глябальны рост колькасьці пакараньняў сьмерцю прывёў да таго, што ў 2015 годзе колькасьць пакараных сьмерцю — большая, чым ў нейкі іншы год апошняй чвэрці стагодзьдзя, адзначаецца ў штогадовай справаздачы праваабарончай арганізацыі Amnesty International.

Найбольш сьмяротных пакараньняў было ў Іране, Пакістане, Саўдаўскай Арабіі. Amnesty International сьцьвярджае, што ў 2015 годзе сьмерцю было пакарана 1634 чалавекі — гэта на 50% болей, чым у папярэднім, 2014 годзе. Гэтая лічба не ўключае ў сябе Кітай, дзе пакараныя сьмерцю былі, верагодна, тысячы, інфармацыя пра гэта зьяўляецца дзяржаўнай таямніцай. Глябальны рост пакараньняў сьмерцю ў асноўным адбываецца за кошт ўжо названых Ірану, Пакістану і Саўдаўскай Арабіі, на якія прыпадае 89% усіх сьмяротных пакараньняў у 2015 годзе (за выключэньнем Кітая).

У Іране летась былі пакараныя ня менш чым 977 чалавек, пазалетась — 743, пераважная большасьць за злачынствы, зьвязаныя з наркотыкамі. Іран таксама зьяўляецца адной з апошніх краінаў, дзе пакараньне сьмерцю прымяняецца да непаўналетніх злачынцаў, што ёсьць грубым парушэньнем нормаў міжнароднага права.

У Пакістане пасьля таго, як у 2014 годзе быў скасаваны мараторый на пакараньне сьмерцю цывільных асобаў, на шыбеніцу адправілі больш за 320 чалавек.

У Саудаўскай Арабіі колькасьць сьмяротных пакараньняў вырасла на 76% у параўнаньні з лічбамі 2014 году, і склала ня менш 158 чалавек. Большасьць зь іх былі абезгалоўленыя, але ўлады таксама выкарыстоўвалі расстрэлы.

Першая пяцёрка краінаў, дзе ў 2015 годзе была найбольшая колькасьць сьмяротных пакараньняў— Кітай, Іран, Пакістан, Саудаўская Арабія і ЗША.

Amnesty International адзначае, што ўпершыню за ўсю гісторыю, большасьць краін сьвету — 102 — на гэты момант цалкам адмянілі сьмяротнае пакараньне. У агульнай колькасьці ў 140 дзяржавах сьмяротнае пакараньне альбо не прадугледжанае законам, альбо не практыкуецца.

У справаздачы Amnesty International гаворыцца, што Беларусь была адзінай краінай у рэгіёне, дзе выкарыстоўвалася сьмяротнае пакараньне.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG