Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гомельскі раённы суд другі раз пакараў штрафам незалежную журналістку


Ларыса Шчыракова, архіўнае фота
Ларыса Шчыракова, архіўнае фота

Судзьдзя Гомельскага раённага суду Тамара Застаўнецкая 5 красавіка з другога заходу пастанавіла аштрафаваць на 5 мільёнаў 250 тысяч рублёў журналістку-фрылансэра Ларысу Шчыракову. Яе абвінавацілі ў супрацы з тэлеканалам «Белсат» без акрэдытацыі.

Першасны адміністрацыйны пратакол з Гомельскага РАУС судзьдзя адпраўляла на дапрацоўку. У ім гаварылася, што Шчыракова без акрэдытацыі падрыхтавала ў пасёлку Бальшавік відэасюжэт «Барысаўская трагедыя можа паўтарыцца ў Гомелі» і разьмясьціла яго на сваёй старонцы ў Youtube і на мясцовым сайце «Сильные новости».

У новым пратаколе фігураваў ужо тэлеканал «Белсат».

Ларыса Шчыракова апавяла:

«31 сакавіка, адпраўляючы пратакол на дапрацоўку, судзьдзя ўзяла пад увагу рапарт маёра абласной управы міліцыі Лазоўскага. Ён дакладаў начальству, што „ў ходзе вывучэньня відэазапісу «Барысаўская трагедыя можа паўтарыцца ў Гомелі» ўстаноўлена было, што «ён — уласнасьць «Белсату»“. На якой падставе зроблена такая выснова, мне невядома. Я хадайнічала, каб сёньня на судовае пасяджэньне выклікалі аўтара рапарту — маёра Лазоўскага, але судзьдзя адхіліла хадайніцтва. Мне давялося выказаць недавер судзьдзі, бо быў сумнеў у абʼектыўнасьці разгляду. Аднак адводу судзьдзя не прыняла і пастанавіла аштрафаваць мяне на 25 базавых велічыняў».

Журналістка патлумачыла, што падзеі зь відэазапісам пра сытуацыю ў пасёлку Бальшавік разгортваліся менавіта так, як і напісана ў першасным пратаколе.

«Судзьдзя адпраўляла пратакол на дапрацоўку, бо мяне не было за што штрафаваць», — кажа Шчыракова.

У лютым у прыгарадным пасёлку Бальшавік Гомельскага раёну жыхары двух навабудаў скардзіліся, што ў дамах рэгулярна набіраецца чад. Яны баяліся паўтарэньня барысаўскай трагедыі, калі газам атруціліся шэсьць чалавек. Людзі грукаліся ў розныя дзяржаўныя ўстановы, але іх ня чулі. Шчыракова на просьбу сайта «Сильные новости» езьдзіла ў пасёлак, запісала на відэа, што людзі кажуць пра свае апасеньні. Тэкст і відэасюжэт зьмясьціла ў Youtube і перадала сайту «Сильные новости». Скарыстаў відэаздымкі ў сваім выпуску й тэлеканал «Белсат».

Пасьля публікацыі ў Бальшавік адразу ж прыехалі газавая служба, супрацоўнікі МНС і апэратыўна ліквідавалі непаладкі.

«Дзе і што, — кажа журналістка, — чыталі ці глядзелі ратавальныя службы, я ня ведаю. Магчыма, іх начальства прымусіла, альбо гэта было простае супадзеньне. Але гэта ня так і важна. Галоўнае, што непаладкі выправілі, што трагедыя не паўтарылася. Вось я й думаю: дык у чым мая віна? Паводле Канстытуцыі я маю права зьбіраць і распаўсюджваць інфармацыю, і ніякая акрэдытацыя мне не патрэбная. А што відэаздымкі скарыстаў „Белсат“, гэта ўжо іншая справа».

Сёньняшні штраф — другі па ліку, вынесены Шчыраковай Гомельскім раённым судом. У студзені намесьнік старшыні гэтага суду Аляксандар Лісоўскі на падставе часткі 2 артыкула 22.9 КаАП аштрафаваў Шчыракову на 22 базавыя велічыні (4 мільёны 620 тысяч) за відэасюжэт пад назвай «Падтрымка дзяцей-сірот на іх шляху да дарослага жыцьця», які таксама паказваўся і на «Белсаце». Ён быў прысьвечаны праблемам былога гадаванца школы-інтэрната з пасёлку Ўрыцкі Гомельскага раёну. Сюжэт і стаў падставай для адміністрацыйнага пратаколу і буйнога штрафу.

Яшчэ дзьве аналягічныя адміністрацыйныя справы ў дачыненьні да журналісткі Шчыраковай суды Савецкага й Сьветлагорскага раёнаў сёлета спынілі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG