Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як паўплывае абвастрэньне канфлікту ў Карабаху на міжнародную сытуацыю вакол Данбасу? У чым падабенства і ў чым адрозьненьне канфліктаў у Данбасе і ў Карабаху?

Дракахруст: Калі каротка казаць, то вельмі неспрыяльным для Ўкраіны будзе гэтае рэха. Бо зараз ігнараваць параўнаньне будзе немагчыма. І ў Карабаху, і на Данбасе — навідавоку сэпаратызм, і там і там — масіраваная падтрымка гэтага сэпаратызму з боку суседняй дзяржавы. Дастаткова сказаць, што другі прэзыдэнт Армэніі Робэрт Качаран да таго быў прэзыдэнтам непрызнанай Нагорна-Карабаскай рэспублікі. Гэта як Аляксандар Захарчанка стаў бы расейскім прэзыдэнтам.

Зараз Карабах ізноў гарыць, трэба прымаць нейкія міжнародныя рашэньні, фармуляваць пазыцыі. А яны значна больш разнастайныя, чым адносна Данбасу. Некаторыя краіны, найперш Турэччына, цалкам падтрымліваюць Азэрбайджан. Але пазыцыя хіба ня большасьці дзяржаваў сьвету іншая: Карабах — тэрыторыя Азэрбайджана, незалежнасьць НКР ніхто не прызнае, але аднаўленьне фактычнай тэрытарыяльнай цэласнасьці Азэрбайджану можа адбыцца выключна мірным шляхам, шляхам перамоваў. Гэта ні што іншае, як формула замарожваньня канфлікту, абмежаваньня азэрбайджанскага сувэрэнітэту.

Падобная ж формула ўвасабляе сусьветнае стаўленьне да Тайваня — Кітай адзіны, але фактычнае аб’яднаньне — толькі мірам. Прычым, дзесяцігодзьдзямі гэтая забарона на сілавое вяртаньне выспы КНР была падмацаваная гарматамі Ціхаакіянскага флёту ЗША. Пакуль карабаскі канфлікт знаходзіўся ў замарозцы, яго ў якасьці прэцэдэнту для Ўкраіны не прыгадвалі.

Дарэчы, на Рыскім саміце Ўсходняга Партнэрства летась усе заўважылі нежаданьне Беларусі падпісваць супольную дэклярацыю з асуджэньнем Расеі за анэксію Крыму. Але насамрэч у Рызе разгарэўся тады больш палкі скандал з азэрбайджанскай дэлегацыяй, якая настойвала на аднастайнасьці падыходаў — асуджаеце Расею за Крым, асудзіце Армэнію за Карабах. У чым прадстаўнікам Баку было адмоўлена.

міжнародная сытуацыя вакол Данбасу ў нечым падобная на карабаскую

У прынцыпе міжнародная сытуацыя вакол Данбасу ў нечым падобная на карабаскую — ўсе кажуць, што сілавога рашэньня канфлікту не існуе. Але справа ў нюансах. Кіеў у прынцыпе і сам не зьбіраецца ваяваць, але адна справа — калі гэта сувэрэннае рашэньне, і іншая — калі гэта вынік ціску партнэраў, моцных сьвету гэтага. Прынамсі, для ідэі перагляду менскіх пагадненьняў, якая зараз робіцца ўсё больш папулярнай у Кіеве, сытуацыя гранічна неспрыяльная, Ўкраіна можа атрымаць умовы горшыя, чым Менск-2.

Безумоўна, Расея будзе ціснуць на Захад, настойваючы на ідэнтычнасьці канфліктаў у Карабаху і ў Данбасе. Гэта неабавязкова прывядзе да скасаваньня санкцыяў, але можа прывесьці да ўзмацненьня ціску Захаду на Кіеў, каб ён выконваў сваю частку менскіх пагадненьняў — амністыя, статус Данбасу, выбары.

Цыганкоў: Так, аднаўленьне карабаскага канфлікту стварае новыя аргумэнты для данбаскага канфлікту. У любым такім канфлікце пачынаюць успамінаць Косава, Босьнію, Паўднёвую Асэтыю — усе магчымыя канфлікты, зьвязаныя з гэтай цяжкай дылемай сучаснага сьвету — паміж непарушнасьцю межаў і правам нацыяў на самавызначэньне. Але тут адрозьненьні трэба безумоўна нагадаць. Усё-такі Карабах ад пачатку канфлікту быў аўтаномнай вобласьцю ў складзе Азэрбайджану. У тым савецкім адміністрацыйна-тэрытарыяльным дзяленьні былі аўтаномныя рэспублікі, аўтаномныя вобласьці, якія мелі ніжэйшы статус, чым саюзныя рэспублікі, але ён не параўноўваўся са статусам вобласьці ці раёну. Асаблівы статус падкрэсьліваў этнічны склад. Там была пераважная большасьць армян, здаецца 70%, а пасьля канфлікту там адбыліся этнічныя чысткі насельніцтва, армяне выяжджалі з Азэрбайджану, азэрбайджанцы выехалі з тэрыторыяў, якія кантраляваліся армянскім бокам. І зараз Карабах этнічна амаль на 100% армянскі.

Карбалевіч: Карабах перайшоў пад кантроль Армэніі фактычна да распаду Савецкага Саюзу, і на момант яго распаду, калі зьявіліся незалежныя дзяржавы, Нагорны Карабах быў у складзе Армэніі.

карабаскі канфлікт можа стаць моцным выпрабаваньнем для такой арганізацыі, як АДКБ

Цыганкоў: Дэ-факта так, але гэты стан ня быў нікім не прызнаны дэ-юрэ. І гэта яшчэ адно адрозьненьне. Але ёсьць лёгіка юрыдычная, а ёсьць палітычная. Нягледзячы на тое, што ў Данбасе было больш рускамоўнага насельніцтва, чым ва ўсёй астатняй Украіне, вышэй згаданых прыкметаў, такіх, як у Карабаху, там няма. Гэта яшчэ раз пацьвярджае ўнікальнасьць і складанасьць вырашэньня карабаскай праблемы.

Карбалевіч: Любая новая міжнародная праблема, любы канфлікт адцягвае ўвагу ад Украіны. Для Расеі гэта выгадна, для Ўкраіны — не.
Расея ў вачах Захаду у большай ступені, чым нават у Сырыі, можа стаць арбітрам, мадэратарам перамоваў, міратворцам гэтага канфлікту. Бо постсавецкая прастора аб’ектыўна зона пераважнага расейскага ўплыву, што вымушаны прызнаваць і Захад. І калі Маскве ўдасца ўрэгуляваць карабаскую праблему, то Захад можа за гэта «заплаціць». Карабаскі крызыс — яшчэ адзін чыньнік не для урэгуляваньня, а для замарозкі «данбаскага вузла».

Зь іншага боку, Карабах можа стаць новым канфліктным полем у супрацьстаяньні Расеі і Турэччыны.

Акрамя таго, карабаскі канфлікт можа стаць моцным выпрабаваньнем для такой арганізацыі, як АДКБ. Глядзіце, як адрэагавала Армэнія на, здавалася б, нявінную заяву МЗС Беларусі, нібыта саюзьніка Ерэвану. Падчас украінскага крызысу АДКБ ніяк не выявіла сябе. Калі АДКБ цяпер ніяк не падтрымае Армэнію, то ўзьнікне пытаньне, навошта існуе такая арганізацыя. А падтрымаць Ерэван чальцам АДКБ будзе цяжка. І тут зноў жа прыклад Беларусі, якая мае больш цесныя адносіны з Азэрбайджанам, чым з Армэніяй.

Цыганкоў: Эканамічныя сувязі Беларусі і Азэрбайджана непараўнальна большы, ёсьць кантракты па нафце і нават асабістыя адносіны: мы памятаем, як прэзыдэнт Азэрбайджану Ільхам Аліеў выратаваў Беларусь, калі ў 2010 годзе даў крэдыт ў 200 мільёнаў даляраў.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

XS
SM
MD
LG