Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Івана – печка для каўбасы


Сяргей Астраўцоў

Сяргей Астраўцоў

Новая перамога на расейска-ўкраінскім фронце: расейцы спалілі 249 кг украінскай каўбасы.

Акт спаленьня адбыўся ў Крыме. Спачатку «варожую прадукцыю» сканфіскавала мытня. Кіроўцу будуць судзіць. А каўбасу зьнішчылі у «камэры высокага тэмпэратурнага спальваньня». Вытворца на ўздыме: такую сучасную печку павінна цяпер мець кожная мытня. Як мінімум.

Расейцы цяпер выбіраюць каўбасу не паводле якасьці і цаны. Не паводле тэрміну прыдатнасьці. А выключна зважаючы на краіну паходжаньня. У Івана цяпер ёсьць каўбаса ня добрая і нядобрая або смачная ці не. У яго ёсьць свая, а ёсьць чужая, падрыўная.

Навіна сьвежая, камэнтароў няшмат, але «па дзелу». Ну насьмяшылі сваёй «барацьбой з інтэрвэнцыяй». Цікава: калі ідзе «гандлёвая вайна», ці можна гэта лічыць перамогай?.. Дакладна спалілі? А можа з набітымі ратамі справаздачу склалі?.. Самі то яны ядуць за тры шчакі. Яны іншым есьці не даюць, у гэтым соль… Наступны: мы ў сваёй Уладзімірскай рыхтуемся. Зараз будзем спальваць з Татарстану ды Іванаўскай, і напэўна — з Бранскай. Ня трэба нам чужой каўбасы!.. Падлучыўся і нехта з украінцаў: «кацапы» аддаюць перавагу каўбасцы з туалетнай паперы.

Знаёмы прыехаў на пабыўку з Масквы ў родную Горадню. Такія вяндліны ў краме, ходзіць зьдзіўляецца. І той хочацца пакаштаваць і гэтай. Такіх у Маскве цяпер ня купіш. Праўда, прыяцель, кажа, закупіўся днямі ў «краме забароненых прадуктаў». Там усё знойдзеш, чаго душа пажадае. Існуюць і такія, аказваецца. Напаўпадпольныя, ясна. Ён расказвае, а мне ўспамінаюцца фільмы пра часы сухога закону ў Штатах. За дзьвярыма ў нейкі падвал – вялізнае памяшканьне, дамачкі, шыкоўная публіка балюе, падпольнае віскі ракою.

Адзінае, што гэта было амаль сто гадоў назад. А ў Расеі — у нашы дні. Розьніца істотная.

Неверагодна, але ўвасобіўся ў жыцьцё і стары савецкі анэкдот. Добры грамадзянін набірае нумар: ГПУ? Так. Суседзі ядуць. Ну дык што? Ядуць ікру. І што? Залатымі лыжкамі. Выяжджаем! Праз пэўны час. Набірае нумар: НКВД? Так. Суседзі ядуць. І што? Ікру чорную. Выяжджаем! Праз гады набірае: КДБ? Так точна! Суседзі ядуць. Выяжджаем!

Патрыёты Расеі цяпер пішуць даносы на суседзяў, якія цішком спажываюць забароненыя харчы, уключаныя Пуціным у чорны сьпіс. А сучасныя камсамольцы ходзяць па крамах і самачынна пазначаюць налепкамі варожую ежу. Такі энтузіязм у народзе абудзіўся! Проста рэвалюцыйны! Глядзіш, пачнуць неўзабаве на печкі для каўбасы скідвацца, каб у кожным двары была.

XS
SM
MD
LG