Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Да свайго 85-годзьдзя прафэсар Гарадзенскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту, знакаміты краязнаўца, літаратуразнаўца Аляксей Міхайлавіч Пяткевіч, выдаў чарговае дасьледаваньне культурнай спадчыны «Слова і кніга Прынёманьня», у якой прасочаны здабыткі ад даўніх часоў да сучаснасьці.

Пачынае аўтар з далёкага ХІІІ стагодзьдзя, калі слова, «радкі кірыліцы прыгожай», паўставала дзякуючы перапісчыкам. Адметнае ў дасьледаваньні рукапіснай кнігі — увага да тых асобаў, хто яе ствараў. Шырока цытуюцца іх аўтарскія ўстаўкі, прадмовы, пасьляслоўі, у якіх выявілася спроба заявіць пра сябе, выказаць сваё, чалавечае, асабовае, тым самым пакінуць свой сьлед у кнізе — слове напісаным, бо ж напісанае застаецца. Усе гэтыя «отцовскы сыны», «аз смиренныи» вельмі кранаюць. Яны прабіваюцца да нас, сёньняшніх чытачоў, праз стагодзьдзі і дзякуючы такім дасьледчыкам, як А.М. Пяткевіч.

У гэтым разьдзеле зьмешчана пасьляслоўе да Жухавіцкага Эвангельля, якое ў свой час апублікаваў Вацлаў Ластоўскі. Ня можа не зьдзівіць вялікая ахвярнасьць таго, хто напрыканцы назваў сябе: «Нягодны Лукаш Прасьвітар Царквы Жухавіцкай». Вось у якіх умовах стваралася Эвангельле: «...Пісаў пры лучыне ноччу, левай рукой сьвецячы, а правай пішучы, гэта значыць, у левай трымаючы лучыну, а ў правай пяро, і то тады, калі меў на паперу які грош з заробку, каб было за што яе купіць, дабрадзея ніякага ня маючы». Нішто не зьмянілася з тых часоў у нашым Краі. Толькі тэхніка пайшла далёка наперад. Вось і гэтую кнігу шаноўны прафэсар выдаў сваімі намаганьнямі, сам і рэдактар, і карэктар, і фундатар.

Здабыткі слова друкаванага — а іх безьліч — занатаваныя ў другім разьдзеле. Гэта ўжо не лучынны час ахвярнікаў-адзіночак, тут дзейнічаюць друкарні ўзору эўрапейскага. Вялікую ўвагу аддае аўтар такім установам у Любчы і Горадні. І гэта зразумела: здабыткі іх працы ўражваюць. Так, 100 кнігаў за 20 гадоў выпушчана ў друкарні Тызэнгаўза. Гэта лічба!

І тут А.М. Пяткевіч таксама бачыць і паказвае чытачу асобу, якая зьдзяйсьняе вялікі чын асьветніцтва. Гэта Пётр і Ян Кміты зь Любчы, Антоні Тызэнгаўз і Жан Жылібэр з Горадні.

Пра імкненьне дасьледчыка не абмінуць ніводнае зьявы культуры гаворыць, да прыкладу, такі факт. Між гарадзенскіх выданьняў канца ХІХ ст. гістарычнага, краязнаўчага, этнаграфічнага пляну аўтарства Я. Арлоўскага, І. Раманоўскага, М. Доўнар-Запольскага і інш. сустракаем ня толькі даволі вядомую кнігу «Перажыткі старажытнага сьветаўспрыманьня ў беларусаў» А. Багдановіча, але і забытую «Пра паншчыну», выдадзеную на год раней (1894).

Прасочвае навуковец, як зьмянялася мова друкаў. Калі раней гэта была старабеларуская, пазьней польская, то да канца ХІХ ст. у большасьці руская. Пранесьліся над Краем «лятучыя лісткі» «Мужыцкай праўды» Кастуся Каліноўскага, на якія дасьледчык зьвяртае асаблівую ўвагу.

А ўжо ў гады Адраджэньня пачатку ХХ ст. беларускае слова хоць яшчэ і было на паўлегальным становішчы, усё ж разьнеслася тысячным накладам выдадзеных у Лёндане брашураў. А там паўстала і «Наша Ніва», якая на Гарадзеншчыне была добра вядомая.

Зразумела, што не абмінуў аўтар альманах «Колас беларускае нівы», выдадзены сябрамі Гарадзенскага гуртка беларускай моладзі, які названы неардынарным выданьнем.

Была ў гісторыі беларускага друку і гарадзенская вясна. Гэта 1919 год, калі выходзіў цэлы шэраг цікавых выданьняў: газэты «Беларусь», «Родны край», «Бацькаўшчына», «Беларускі народ» і інш. Апошні артыкул у гэтым разьдзеле — «Па вайне», дзе разгледжаны друкаваныя выданьні да нашага часу. Бракуе, як на мой погляд, паведамленьня прычынаў, чаму так мільгаюць гэтыя назвы, што прымушала пэрыёдыкі сыходзіць са сцэны інфармацыйнага жыцьця. Зразумела, што пра многае напісаць і немагчыма, і непатрэбна. Але хоць бы пра тыя выданьні, што адыгралі асаблівую ролю ў нацыянальна-асьветным накірунку. Такою была газэта «Пагоня», якую А.М. Пяткевіч ацэньвае вельмі высока. І яе паўстаньне, і яе руйнаваньне адбывалася на вачах шаноўнага аўтара. Мяркую, тое было б цікава і для моладзі, для якое гэта ўжо гісторыя, і для іншых, бо мала хто пра тыя падзеі памятае.

Разьдзел «Літаратурна-мастацкае слова» — пра літаратурны працэс на Гарадзеншчыне ад філяматаў да сёньня. І тых, хто ўзгадаваны ў нашым Краі, і тых, хто трапіў сюды з розных прычынаў. Мноства імёнаў, мноства твораў. Так, у заключным артыкуле зь ляканічнаю назваю «Сучасьнікі» згаданыя больш за 160 імёнаў. Укласьці іх у 28-старонкавы тэкст параўнальна невялікага выданьня вельмі няпроста. Аўтар выкарыстоўвае трапныя, ляканічныя, выказаныя літаральна адной фразай, а то і некалькімі словамі характарыстыкі, якія дакладна высьвечваюць галоўную адметнасьць літаратурнага таленту. Называецца самае значнае. Толькі ў адным выпадку дазволю не пагадзіцца: лепш было б згадаць ня тэмы сучаснага палітычнага жыцьця публіцыста Зянона Пазьняка, а паэму «Вялікае княства» і кнігу лірыкі «Глёрыя Патрыя» паэта Зянона.

Вельмі істотную заўвагу, засьцярогу робіць дасьведчаны літаратуразнаўца напрыканцы размовы пра сучасны стан літаратуры, калі зьяўляецца «немалая колькасьць кніжак аматарскага ўзроўню... Выпусьціўшы такі твор ці зборнік, аўтар наіўна, а то і самаўпэўнена лічыць сябе пісьменьнікам. Масавы, эстэтычна не падрыхтаваны чытач таксама ўспрымае такую прадукцыю як эталён мастацкай творчасьці. Такім чынам размываецца сама катэгорыя мастацкасьці і самадзейная літаратура наносіць шкоду чытачу».

У разьдзеле «Выявы духу» размова ідзе пра яркія постаці Гарадзеншчыны: Яўхіма Карскага, Элізу Ажэшку, Макара Краўцова і інш. І гэта зразумела і неаспрэчна. А вось артыкул «Унівэрсытэт імя Янкі Купалы як асяродак навучаньня і выхаваньня пісьменьніцкіх асоб» выклікае сёньня неадназначнае ўражаньне. Цалкам справядлівыя словы пра тое, што «таленты заўсёды прыходзілі ў жыцьцё, каб супрацьдзейнічаць грамадзкай рэальнасьці свайго часу з мэтай яе аздараўленьня, удасканаленьня». Ці можна сёньня назваць хоць адну асобу з нашае ВНУ, якая была б здольная «супрацьдзейнічаць»? Пытаньне рытарычнае. Амаль усё тут у мінулым часе. Балюча сёньня бачыць сьпіс тых 14 навукоўцаў-філёлягаў, якіх аўтар называе «выдатныя ў дыдактычным і навуковым сэнсе спэцыялісты, якія сапраўды могуць узьдзейнічаць на фармаваньне пісьменьніцкіх асоб». Балюча, бо з 14 сем ужо не працуюць. Засталася палова і ня толькі таму, што іх ня стала. А не прыйшоў ніхто, хто мог бы гэтыя прагалы запоўніць.

Завяршае кнігу аўтабіяграфічны нарыс «Сваё». Гэта мастацкая біяграфія чытаецца як цікавы твор непрыдуманае літаратуры. Зачын гучыць як лірычны маналёг чалавека, чыё сэрца напоўнена глыбокай любоўю да месца народзінаў: «Кожны раз, калі кіруюся да роднага парога, калі машына, ідучы са Стоўбцаў, перавальвае цераз чыгуначны пераезд каля Нёмана і вачам адкрываецца шырокая панарама майго мястэчка Новы Сьвержань, зьведваю раптоўны прыліў радаснай узбуджанасьці, да якой аднак прымешваецца пачуцьцё гаркоты і жалю — нібы шкадаваньне сябе: як жа даўно ты ня быў тут, як ты так мог?»

Пісьменьнік расказвае пра тое, як трапіў у Горадню, на працу ў пэдінстытут. Гісторыя даўняя, вядомая. Але гэтым разам мяне асабліва зьбянтэжыла ягонае «молада-зелена!» Нотка шкадаваньня прамільгнула ў тым выгуку. Быццам захацеў наш шаноўны Аляксей Міхайлавіч вярнуць страчаную ў маладосьці магчымасьць застацца ў Менску ў Інстытуце літаратуры. Цяжка такое ўявіць, бо вельмі многа страціла б літаратурная Горадня ў такім выпадку.

Замілаванасьць да мясьцінаў маленства, любоў да родных людзей, выказаная стрымана, што характэрна для стылю пісьменьніка. Вылучае аўтар постаць бацькі Міхаіла Антонавіча, які зрабіў асаблівы ўплыў на фармаваньне ягонае асобы. Звычайны службоўца на чыгунцы, меў ён абвостранае пачуцьцё справядлівасьці, праз што неаднойчы ўзьнікалі праблемы на працы. Быў чалавекам неардынарным, шанаваў кнігу, меў матэматычныя здольнасьці, добры голас, іграў на аматарскай сцэне.

Пісьменьнік азіраецца на пройдзенае, якое ўспрымае па-філязофску. Не наракае, не шкадуе: «Так склаўся лёс. Благі ці шчасны, гэта ўжо ня мне ацэньваць. Але мой уласны. І роднае беларускае слова ў ім заўсёды было са мной».

Як тыя далёкія ў часе асьветнікі нашае зямлі, так і Аляксей Міхайлавіч Пяткевіч на гонар і хвалу Прынёманскаму Краю, з якім зжыўся, аддае сваю працу.

XS
SM
MD
LG