Лінкі ўнівэрсальнага доступу

РБК: Сябры Пуціна і іх партнэры атрымліваюць даходы ад продажу гарэлкі «Путинка»


Брэнд належыць аднаму з партнэраў Сяргея Ралдугіна, а выпускаюць і прадаюць гарэлку структуры Ротэнбергаў.

Уладальнік таварнага знаку папулярнай гарэлкі «Путинка» мог зарабіць у 2015 годзе на брэндзе ня менш за 200 млн. рублёў, гаворыцца ў дасьледаваньні, праведзеным РБК. Згодна з публікацыяй, кампанія-ўладальнік брэнду належыць партнэру музыканта Сяргея Ралдугіна, блізкага сябра прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна.

Паводле падлікаў РБК, у Расеі летась прадалі каля 19 млн. літраў «Путинки». Выпускаюць гарэлку заводы, якія плацяць уладальніку брэнду «роялці». Дакладны памер адлічэньняў за выкарыстаньне назвы не паведамляецца. Паводле ацэнак экспэртаў, гэтая сума склала ў 2015 годзе ад 190 да 380 млн. рублёў.

Валодае брэндам кампанія «Рэал Інвэст». Яна, у сваю чаргу належыць кіпрскай Ermira Consultants Limited (66,7%) і ТАА «Стик» (33,3%). Гаспадар кіпрскай фірмы — Уладзіслаў Капылоў, бізнэсмэн. Чалавек з такімі жа імем, прозьвішчам і адрасам выступае сузаснавальнікам некамэрцыйнага партнэрства «Падтрымка дзіцячага спорту».

Другі заснавальнік партнэрства — музыкант-віялянчэліст Сяргей Ралдугін. Пасьля расьсьледаваньня OCCRP высьветлілася, што віялянчэлісту таксама належаць афшоры, праз рахункі якіх прайшлі ня менш за 2 млрд. даляраў.

Расейскі тэлеканал РБК высьветліў, што бізнэсмэн Капылоў супрацоўнічаў з Ралдугіным яшчэ мінімум у двух камэрцыйных праектах. Аднаму зь іх, як мяркуецца, належала Балтыйская мэдыягрупа. Сумеснаму праекту Капылова і Ралдугіна належыць амаль 11% футбольнага клюбу «Зэніт».

Гуртовымі замовамі «Путинки» і продажам гарэлкі займаюцца структуры блізкага сябра Аркадзя Ротэнберга мільярдэра Васіля Анісімава, сьцьвярджаюць у РБК. Зарэгістраваная на Кіпры структура Ігара Ротэнберга, сына Аркадзя Ротэнберга, кіруе некалькімі буйнымі гарэлачнымі заводамі, якія вырабляюць «Путинку». СМП-банк, які належыць Барысу і Аркадзю Ротэнбергам, крэдытаваў уладальнікаў «Рэал Інвэст», трымальніка брэнду «Путинка».

XS
SM
MD
LG