Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму беларусы баяцца ЗША? Мельянцоў тлумачыць вынікі апытаньня Gallup


Расея — найбольшая пагроза для краінаў-сябраў Эўрапейскага Зьвязу ва Ўсходняй Эўропе, у той час як дзяржавы-несябры ЭЗ схільныя баяцца ЗША.

Жыхары Ўсходняй Эўропы і СНД лічаць асноўнай пагрозай Расею або ЗША. Як сьведчаць вынікі дасьледаваньня Gallup, апублікаваныя 4 красавіка, адказы на гэтае пытаньне ў значнай меры залежаць ад палітычнай пазыцыі, якую займае адпаведная дзяржава. Апытаньні былі праведзеныя летам 2015 году, калі паміж ЗША і іх саюзьнікамі ў НАТО, з аднаго боку, і Расеяй — з другога, адбывалася эскаляцыя напружанасьці адносна сытуацыі ва Ўкраіне.

Калі апытаных ва Ўсходняй Эўропе прасілі назваць адну краіну, якая ўяўляе найбольшую пагрозу для іх, вялікі працэнт рэспандэнтаў у Польшчы (69%), Эстоніі (58%), Румыніі (57%), Літве (46%) і Латвіі (42%) назваў Расею.

Жыхары Ўкраіны (52%) і Грузіі (48%) — краін, якія маюць гісторыю тэрытарыяльных канфліктаў з Расеяй, — называць Расею як самую вялікую пагрозу.

Большасьць расейцаў (64%) называюць ЗША найвялікшай пагрозай для сваёй краіны — гэта самы высокі працэнт сярод усіх краін, дзе было зададзенае пытаньне.

44 працэнты апытаных у Беларусі найвялікшай пагрозай лічаць ЗША, у Казахстане —36, у Кіргізстане — 33 працэнты.

Варта адзначыць, што ў той час як 52% украінцаў успрымаюць Расею як самую вялікую пагрозу для іх, толькі 5% расейцаў разглядаюць Украіну як пагрозу.

На думку старшага аналітыка Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў (BISS) Дзяніса Мельянцова, страх беларусаў перад Амэрыкай выкліканы тым, што сваё ўяўленьне пра ЗША яны будуюць пераважна на падставе расейскіх СМІ, бо ня маюць шырокіх магчымасьцяў езьдзіць у гэтую краіну:

Дзяніс Мельянцоў

Дзяніс Мельянцоў

«У беларусаў вельмі мала камунікацыяў са Злучанымі Штатамі Амэрыкі. Колькасьць выдадзеных візаў мінімальная, таму што ў амбасадзе не хапае супрацоўнікаў. Некаторым па візу даводзіцца ехаць у Маскву ці ў Кіеў. Такім чынам, плынь людзей, якія наведваюць ЗША, вельмі малая. Адпаведна, беларускія грамадзяне ня могуць скласьці нармальнае ўяўленьне пра тое, што такое ЗША, у адрозьненьне ад Эўрапейскага Зьвязу. Таму галоўная крыніца інфармацыі — тэлебачаньне. Беларускае тэлебачаньне цяпер менш задзейнічана ў антызаходнюю прапаганду, але ў нас вельмі распаўсюджаныя расейскія каналы. І, вядома, асноўны вал нэгатыўнай інфармацыі пра нібыта агрэсіўную палітыку ЗША ў дачыненьні да Расеі і яе хаўрусьніка Беларусі ідзе менавіта з расейскіх тэлеканалаў. Тое самае і па іншых краінах, якія лічаць ЗША зьнешняй пагрозай. Напрыклад, Казахстан, у якім вялікая доля расейскамоўнага насельніцтва — яно глядзіць расейскае тэлебачаньне і чытае навіны, якія прадукуюцца расейскімі СМІ».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG