Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасьля скандалу з «Панамскім архівам» пачаліся расьсьледаваньні


Кліентаў Панамскай кампаніі падазраюць ва ўхіленьні ад падаткаў з дапамогай афшорных схем.

Урады розных краін сьвету абяцаюць правесьці расьсьледаваньні ў дачыненьні да багатых, знакамітых і ўплывовых людзей, якія адчынялі афшорныя рахункі, каб схаваць свае актывы і ўхіляцца ад падаткаў, пра што стала вядома дзякуючы маштабнаму журналісцкаму расьсьледаваньню.

«Мы бачым, што людзям, якія хочуць схаваць сваю асобу, вельмі проста стварыць падстаўныя кампаніі ў самых розных юрысдыкцыях. А гэта, па сутнасьці, робіцца для таго, каб схаваць іх сувязь з гэтымі грашыма», — адзначае Мэгі Мэрфі з антыкарупцыйнай арганізацыі Transparency International.

Крэмль нэгатыўна выказаўся з нагоды выкрыцьцяў, заявіўшы, што яны нацэлены пераважна супраць расейскага прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна. Згодна публікацыям, людзі, зьвязаныя з Пуціным, вывелі ў афшоры больш за 2 мільярды даляраў.

У астатнім сьвеце ўлады пасьпяшаліся пачаць расьсьледаваньні магчымых выпадкаў ухіленьня ад падаткаў, прычым многім ключавым палітычным фігурам прыйшлося тлумачыць, навошта яны адкрывалі афшорныя рахункі, згаданыя ў справаздачы Міжнароднага кансорцыюму журналістаў-сьледчых, які месьціцца ў Вашынгтоне, інфармуе Голас Амэрыкі.

«Будуць праведзеныя расьсьледаваньні, адкрыты справы і праведзены судовыя разборы»

На прэм’ер-міністра Ісьляндыі абрынуўся шквал заклікаў падаць у адстаўку пасьля таго, як высьветлілася, што ён і яго жонка ў 2007 годзе набылі афшорную кампанію на Брытанскіх Віргінскіх выспах. Палітык заявіў, што яны з жонкай не хавалі ніякіх актываў, аднак перапыніў інтэрвію са швэдзкім журналістам, калі той папрасіў яго даць тлумачэньні з нагоды дадзеных інвэстыцый.

Украінскія заканадаўцы запатрабавалі правесьці расьсьледаваньне паведамленьняў аб тым, што прэзыдэнт Пятро Парашэнка ў жніўні 2014 году перавёў сваю кампанію «Рашэн», якая вырабляе кандытарскія вырабы, на Брытанскія Віргінскія выспы, каб ухіліцца ад выплаты падаткаў у разгар сутыкненьняў паміж урадавымі войскамі і сэпаратыстамі на ўсходзе Ўкраіны.

Афіцыйны прадстаўнік прэм’ер-міністра Вялікабрытаніі Дэвіда Кэмэрана адмовілася камэнтаваць паведамленьні аб тым, што яго сям’я захоўвала сродкі на афшорных рахунках, адкрытых яго бацькам, назваўшы гэта «прыватным справай».

Падатковая служба Аўстраліі заявіла, што пачала расьсьледаваньне ў дачыненьні да больш як 800 кліентаў Панамскай юрыдычнай фірмы па падазрэньні ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў.

Міністар фінансаў Індыі заявіў, што ўсе, хто не скарыстаўся леташняй прапановай уладаў раскрыць інфармацыю аб сваіх афшорных рахунках, цяпер убачыць, што «падобны авантурызм абыходзіцца вельмі дорага».

Нарвэскія, аўстрыйскія і швэдзкія ўлады пачалі расьсьледаваньні ў дачыненьні да ключавых банкаў, каб вызначыць іх ролю ў адкрыцьці афшорных рахункаў, а Францыя заявіла, што правядзе праверку падатковых дэклярацыяў асоб, якія былі згаданыя ў справаздачы, і правядзе ацэнку штрафаў па нявыплачаных падатках.

Прэзыдэнт Францыі Франсуа Алянд назваў апублікаваныя дакумэнты «добрай навіной», заявіўшы: «Будуць праведзеныя расьсьледаваньні, адкрыты справы і праведзены судовыя разборы».

Міністэрства юстыцыі ЗША заявіла, што разглядае даклад і ставіцца з усёй сур’ёзнасьцю да ўсіх годных даверу здагадак адносна замежнай карупцыі на высокім узроўні, якая, магчыма, зьвязана са Злучанымі Штатамі або зь фінансавай сыстэмай ЗША".

Ананімная крыніца прадставіла мільёны дакумэнтаў аб 214 488 кампаніях і 14 153 кліентах юрыдычнай фірмы Mossack Fonseca нямецкай газэце Sueddeutsche Zeitung, якая ў сваю чаргу прыцягнула да працы над праектам Міжнародны кансорцыюм журналістаў-дасьледнікаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG