Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ААН: у Нагорным Карабаху загінулі 33 чалавекі, параненых ня менш за 200


33 чалавекі загінулі і звыш 200 атрымалі раненьні ў выніку сутыкненьняў у Нагорным Карабаху ў мінулыя выходныя. Пра гэта паведамляе ТАСС са спасылкай на справаздачу Ўпраўленьня ААН па каардынацыі гуманітарных пытаньняў.

Сярод загінулых 30 вайскоўцаў і трое мірных жыхароў, адзначаецца ў дакумэнце. Колькасьць параненых афіцыйна пакуль не пацьверджана.

Сытуацыя ў зоне карабахскага канфлікту рэзка абвастрылася ў ноч на 2 красавіка. У нядзелю, 3 красавіка, Азэрбайджан абвясьціў аб прыпыненьні ў аднабаковым парадку баявых дзеяньняў у Нагорным Карабаху. У сваю чаргу Армэнія назвала заяву Баку «інфармацыйнай пасткай». Бакі абвінавачваюць адзін аднаго ў парушэньні замірэньня і працягу абстрэлаў. Інфармацыя, якая паступае з зоны карабахскага канфлікту, па-ранейшаму вельмі супярэчлівая.

Расейскі палітоляг і міжнародны аглядальнік Канстанцін Эгерт у інтэрвію Радыё Свабода дапусьціў магчымасьць, што цяперашнія баявыя сутычкі выклікала Баку.

Канстанцін Эгерт

Канстанцін Эгерт

«Вядома, што азэрбайджанскі ўрад на працягу як мінімум апошніх 10 гадоў умацоўваў свае ўзброеныя сілы і атрымаў у гэтай справе падтрымку ад шэрагу краінаў, перш за ўсё ад Турцыі. Азэрбайджанская армія сёньня нашмат лепш падрыхтаваная, чым 10 гадоў таму. І размовы пра тое, што ў нейкі момант у Баку могуць пайсьці на спробу сілавога рашэньня карабахскай праблемы, ідуць не адзін год. Тое, што здарылася ў Крыме — анэксія Крыму Расеяй — на мой погляд, вельмі ўмацавала ўяўленьне ў Баку аб тым, што калі такое магло адбыцца паміж Расеяй і Украінай, то ўжо Азэрбайджану, які фармальна застаецца сувэрэнам Нагорнага Карабаху, яму, як гаворыцца, „сам бог загадаў“ паспрабаваць атрымаць гэтую тэрыторыю назад», — сказаў Канстанцін Эгерт.

Супрацьлеглага меркаваньня аб прычынах баёў у Нагорным Карабаху прытрымліваецца ваенна-палітычны аналітык, экспэрт па праблемах міжнароднай бясьпекі Юрый Фёдараў:

Юры Фёдараў

Юры Фёдараў

«Падобна на тое, што ваенныя дзеяньні гэтым разам былі пачатыя армянскім бокам, за сьпінай якога можа стаяць Расея. Расейскі прэзыдэнт Уладзімір Пуцін, як мы памятаем, заявіў пасьля зьнішчэньня расейскага бамбавіка, што „Турцыя аднымі памідорамі не абыдзецца“. Пасьля гэтага рэзка вырасла актыўнасьць у Турцыі баевікоў Курдзкай працоўнай партыі, якая падтрымлівае цесныя і даўнія сувязі з Масквой. Потым, у апошнія месяцы, на расейскую авіябазу Эрэбуні ў Армэніі былі дадаткова перакінутыя ўдарныя верталёты Мі-24п, транспартныя верталёты Мі-8 і пяць зьнішчальнікаў Міг-29. Гэта істотна ўзмацніла баявы патэнцыял 102-й расейскай вайсковай базы ў Армэніі. Яе асабісты склад налічвае каля пяці тысяч салдат і афіцэраў, на ўзбраеньні 74 танкі, 17 БМП, 148 БТР, 84 артылерыйскія сыстэмы — гэта сур’ёзная сіла. Цалкам магчыма, што першапачатковы сцэнар быў такі — армянскія войскі пры расейскай падтрымцы наносяць сур’ёзнае паражэньне арміі Азэрбайджану. У гэтым выпадку Анкара альбо „страціць твар“, калі яе найбліжэйшы саюзьнік — Баку — пацерпіць паразу, альбо будзе вымушаная ўмяшацца ў канфлікт, сутыкаючыся ўжо, магчыма, з расейскімі войскамі. У выніку Пуцін апынецца ў палітычным выйгрышы, заадно атрымаўшы „законную“ прычыну для ўдару па турэцкіх войсках. А НАТО, адным з вядучых чальцоў якога зьяўляецца Турэччына, апынецца ў палітычным тупіку, паколькі фармальна ініцыятарам збройнага канфлікту з Масквой стане Анкара», — лічыць Фёдараў.

XS
SM
MD
LG