Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У «Клюбе рэдактараў» узгадалі Гілевіча і Алексіевіч


У Беларусі няма літаратурнай крытыкі. Адбываецца альбо ўзьвелічэньне малога, альбо замоўчваньне вялікага. Больш трэба гаварыць пра ляўрэата Нобэлеўскай прэміі, а то напачатку пакрычалі гарлапаны палітычныя, а потым забыліся. З такімі пасыламі зьвярнуўся да ўдзельнікаў вядоўца апошняй праграмы «Клюб рэдактараў» Павал Якубовіч.

У Беларусі няма літаратурнай крытыкі. Адбываецца альбо ўзьвелічэньне малога, альбо замоўчваньне вялікага. Больш трэба гаварыць пра ляўрэата Нобэлеўскай прэміі, а то напачатку пакрычалі гарлапаны палітычныя, а потым забыліся. З такімі пасыламі зьвярнуўся да ўдзельнікаў вядоўца апошняй праграмы «Клюб рэдактараў» Павал Якубовіч.

Адной з тэм абмеркаваньня ў «Клюбе рэдактараў» стала літаратурная спадчына апошняга народнага паэта Беларусі Ніла Гілевіча, які на мінулым тыдні сышоў з жыцьця.

«Ніл Гілевіч пакінуў пасьля сябе вялікую літаратурную спадчыну — 23 тамы. Гэта паболей, чым Шэксьпір. Але што мяне зьдзівіла — нідзе ў пэрыёдыцы, інтэрнэце не было ніводнага крытычнага выступленьня — ня ў сэнсе крытыкі, а ў літаратурным сэнсе. Не было ніводнага сурʼёзнага крытычнага дасьледаваньня, за выключэньнем хіба што Міхася Скоблы.

Мне падаецца, што адсутнасьць крытыкі — гэта адзін зь цьвікоў у труну літаратуры... Гэта вельмі цяжкі сымптом», — заўважыў галоўны рэдактар «СБ — Беларусь сегодня» Павал Якубовіч.

Ён узгадаў і Нобэлеўскага ляўрэата Сьвятлану Алексіевіч, пра якую, на яго думку, зараз усе забыліся, і ўнікальны раман у вершах Ніла Гілевіча «Родныя дзеці», які проста замаўчалі.

Спадар Якубовіч заўважыў, што ў Беларусі ёсьць значныя па складзе два Саюзы пісьменьнікаў. І ёсьць два асноўныя органы — «добрая прафэсійная моцная газэта «Літаратура і мастацтва» і добры сурʼёзны прафэсійны мастацкі часопіс «Дзеяслоў». І ў «ЛіМа», і ў «Дзеяслова» — мізэрныя наклады. Пры тым, што ў абодвух Саюзах — амаль тысяча сябраў Саюзаў пісьменьнікаў:

«Няхай бы кожны выпісаў адзін „ЛіМ“ і адзін „Дзеяслоў“, ужо было б за тысячу. Людзі, якія рвуць кашулі, ламаюць языкі, што гіне тое і сёе, але дапамагчы хоць крыху — на гэта не ідуць. Размоваў шмат, а падтрымаць літаратурны орган — не. Дастаць з кішэні паўрубель — не...

Ёсьць альбо ўзьвелічэньне свайго кола маленькага, альбо замоўчваньне нават вялікага. Пра ляўрэата Нобэлеўскай прэміі трэба больш гаварыць, а то пакрычалі напачатку гарлапаны палітычныя, а потым усе дружна забыліся, няма такога ні чалавека, ні пісьменьніка...»

Галоўны рэдактар парталу tut.by Марына Золатава запярэчыла. Прывяла прыклад, што днямі партал расказваў пра выступ Алексіевіч у Галяндыі. Запэўніла, што ў Беларусі ёсьць і маладыя крытыкі, і тыя, каго мы памятаем з унівэрсытэцкіх часоў, і яна ня бачыць тут катастрофы:

«А што да Ніла Гілевіча, грамадзтва павінна вынесьці ўрок. Тое, што ён выдаваў за свае сродкі 23 тамы — не зусім правільна. Зараз грамадзтва здольнае абʼяднацца для карысных спраў. Зараз папулярныя краўндфандынгавыя ідэі, і ў сытуацыі зь Нілам Гілевічам гэта павінна працаваць. І я веру ў тое, што гэта будзе працаваць. Калі? Напрыклад, зьявіцца ідэя выдаць лепшыя творы Гілевіча, зрабіць трыбʼют, і ня знойдуцца спонсары, ня знойдзе сродкі дзяржава, то грамадзтва ў стане знайсьці сродкі самастойна», — запэўніла Марына Золатава.

XS
SM
MD
LG