Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Mossack Fonseca публікацыю «Панама-гейту» назвалі злачынствам


PANAMA--Fan with Mossack Fonseca insignia on Panama Jazz Festival week

PANAMA--Fan with Mossack Fonseca insignia on Panama Jazz Festival week

У панамскай юрыдычнай фірме Mossack Fonseca назвалі «крымінальным злачынствам» абнародаваньне афшорных схемаў па адмываньні грошай палітыкамі і бізнэсоўцамі з розных краінаў сьвету, у якія мог быць уцягнуты і шэраг блізкіх знаёмых прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна.

Паводле сузаснавальніка кампаніі Рамона Фансэкі, канфідэнцыйнасьць — фундамэнтальнае права чалавека, якое штораз болей размываецца ў сучасным сьвеце. «Кожны чалавек мае права на недатыкальнасьць прыватнага жыцьця, ці ён кароль, ці жабрак», — сказаў ён агенцтву France Presse.

Улады Панамы ў сваю чаргу заявілі, што гатовыя ўсебакова супрацоўнічаць зь любым расьсьледаваньнем, што тычацца афшорных схемаў.

Цэнтар па дасьледаваньні карупцыі і арганізаванай злачыннасьці (OCCRP), Міжнародны кансорцыюм журналісцкіх расьсьледаваньняў (ICIJ), WikiLeaks і сайты сусьветных СМІ 3 красавіка апублікавалі вялікі матэрыял, прысьвечаны карупцыі ў найвышэйшых эшалёнах улады ў Расіі, Азэрбайджане, Украіне, Сэрбіі, Ісьляндыі, Вялікабрытаніі і іншых краінах. Расеі прысьвечаная значная частка працы — у ёй сьцьвярджаецца, што блізкія Уладзіміру Пуціну людзі праз банк «Расея» і панамскія афшорныя кампаніі «адмылі» больш за 2 мільярды даляраў, атрыманыя праз «сумнеўныя» зьдзелкі.

Героямі гэтак званага «Панама-гейту», як ахрысьцілі працёк інфармацыі зь фірмы Mossack Fonseca сусьветныя СМІ, таксама сталі прэс-сакратар прэзыдэнта Расеі Дзьмітры Пяскоў і яго жонка Тацяна Наўка, сэнатар Сулейман Герамееў, дэпутаты Віктар Звагельскі і Аляксандр Бабакоў, віцэ-мэр Масквы Максім Ліксутаў.

У дакумэнтах згадваюцца чатыры афшорныя фірмы, якія ў рознай ступені маюць дачыненьне да Расеі. Мяркуецца, што менавіта ад гэтых структур адзін зь сяброў Пуціна, музыка Сяргей Ралдугін, атрымліваў грошы, заробленыя «сумнеўнымі справамі» з акцыямі расейскіх кампаній (напрыклад, «Раснафты» і «Газпрому»), і пераводзіў іх у афшоры. У якасьці ўдзельнікаў зьдзелак называюцца бізнэсмэны Аркадзь і Раман Ротэнбергі, Юры Кавальчук (кіраўнік банку «Расея») і іншыя.

У якасьці прыкладаў такіх «сумнеўных зьдзелак» прыводзіцца дамова аб куплі акцый «Раснафты» кампаніяй Ралдугіна. Пасьля зьдзелкі «Раснафта» адразу скасоўвае дамову аб куплі і выплачвае штраф (750 тысяч даляраў), які перакладаецца ў афшор. Якіх-небудзь доказаў асабістага ўзбагачэньня самога Ралдугіна за кошт такіх зьдзелак у публікацыі не прыводзіцца, гэтак жа як і доказаў асабістай датычнасьці да іх Уладзіміра Пуціна.

Усяго ў расьсьледаваньні фігуруюць імёны больш за 20 дзейных і былых кіраўнікоў дзяржаваў, больш за 100 палітыкаў з розных краінаў сьвету. У прыватнасьці, у ім гаворыцца пра незадэкляраваную афшорную кампанію, зьвязаную з прэзыдэнтам Украіны Пятром Парашэнкам, і пра афшоры прэзыдэнта Азэрбайджану Ільхама Аліева. Менавіта за расьсьледаваньне фінансавых махінацый апошняга, як сьцьвярджаюць азэрбайджанскія праваабаронцы, была пасаджана ў турму журналістка азэрбайджанскай службы Радыё Свабода Хадзіджа Ісмаілава.

XS
SM
MD
LG