Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пра сацыялёгію: залатыя 25%


Севярын Квяткоўскі
Севярын Квяткоўскі

Падчас аднаго зь мітынгаў пратэсту супраць зносу прыватнага сэктару ў Сяльгаспасёлку ў Менску мясцовая жыхарка цёця Люда пасварылася з суседам Віцем.

Мітынгуюць яны разам зь іншымі суседзямі ня першы год. Тут дамы бацькоў-дзядоў. Стаяць у некаторых дзесяцігодзьдзі, а ў каго сям'я і «за царом» тут жыла. І раптам бах – высяляюць. Сяльгаспасёлкаўцы адныя з самых даўніх і скансалідаваных абаронцаў свайго інтарэсу ў Менску. І тут раптам пасварыліся суседзі – з-за Крыму.

Цёця Люда апынулася сярод прыблізна 60%, якія за «Крым іх!», а Віця – у прыблізна 25%, якія лічаць Крым акупаваным Расеяй.

А вось на пытаньне «да каго вы культурна бліжэйшыя?» амаль тры чвэрці адказваюць — да расейцаў, і толькі чвэрць — да эўрапейцаў.

Мы шмат чаго не дазнаемся ад сацыёлягаў. Што такое «культурна бліжэй да Расеі?» Гэта высокая культура ці найперш Петрасян, «Зь лёгкім парам», Філіп Кіркораў і КВН? Гэта школьная адукацыя? Гэта сучасныя сэрыялы «пра мянтоў»? Колькі з тых трох чвэрцяў бывалі хоць раз у Расеі? У якіх гадах, у якім узросьце, што рабілі, што бачылі – Бальшой тэатар ці рынак Чаркізон?

Заўжды дзіўлюся, калі пра 25% апытаных сустракаю слова «толькі». Гэта кожны чацьверты!

Нягледзячы на цунамі шматгадовай сучаснай прапаганды і спадчыну савецкіх дзесяцігодзьдзяў, нягледзячы на пералічаныя вышэй мэдыйныя і адукацыйныя фактары існаваньня ў расейскай інфармацыйнай прасторы, цэлая чвэрць беларусаў асацыюе сябе з эўрапейскім выбарам! Мне здаецца, такія «толькі 25%» цяжка пераацаніць. Бо гэта відавочна вынашаная, выстаяная і шмат разоў асэнсаваная пазыцыя. Бо высьпявала ў агрэсіўным неспрыяльным асяродзьдзі.

Тое самае з «толькі 25%», гатовых ваяваць за незалежнасьць, і 49%, якія ні пры якіх абставінах ваяваць ня будуць. Хто збольшага тыя 49%? Калі ўлічыць, што ў Беларусі палова насельніцтва – жанчыны, а ў апытаньне ня трапіла траціна мужчын, бо яны на заробках за мяжой. Адказ відавочны і рытарычны. І добра, што жанчыны адказваюць, што будуць ваяваць. Такім чынам, названыя 25% – золата для краіны.

Ці, напрыклад, 26% за выкладаньне ў школе прадмету «сусьветная літаратура» замест расейскай і 60% – за захаваньне «расейскай літаратуры». У саміх дадзеных ужо закладзена, што чвэрць дарослых беларусаў жадаюць сваім дзецям пашыранага, а не вузкасэгмэнтаванага культурнага кругагляду.

Выглядае, што самыя дыскутаваныя сьветаглядныя сацыялягічныя апытаньні датычаць найперш замежнай тэматыкі: Расея, Эўразьвяз, Украіна. А галоўная ўнутраная праблема збольшага адна – стаўленьне да Лукашэнкі і «апазыцыі», дзе апанэнты Лукашэнкі стала застаюцца ў межах 25-30%.

Калі людзі чытаюць пра ўсе гэтыя працэнты, пададзеныя без кантэксту, ім падаецца, што «ўсё прапала», што нацыя падзеленая, і што 60% задушаць сваёю масай 25%.

Але пакуль не асэнсаваныя і не абмеркаваныя ўнутраныя стратэгічныя пытаньні, мала што значаць лічбы падтрымкі «Крым іх!» цёці Люды, якая пасьля прагляду Пуцін-ТВ ідзе мітынгаваць у абарону свайго дому ў прыватным сэктары.

І якая не разумее, што праблема ня ў «кепскім выканкаме», а ў адсутнасьці прыватнай уласнасьці на зямлю, у адсутнасьці свабодных судоў, якія маглі б абараніць цёцю Люду ад беззаконьня. У адсутнасьці свабодных грамадзкіх СМІ, якія б яе змаганьне асьвятлілі на ўсю краіну. І што калі б у выканкаме сядзелі абраныя, а не прызначаныя людзі, яны б з большай адказнасьцю прымалі рашэньні, памятаючы пра СМІ і суды. І што няма сэнсу пісаць скаргі Лукашэнку, бо гэта ім самім створаная сыстэма. А парлямэнцкая дзяржава падобныя фокусы прэзыдэнта не дазволіла б.

Жахаючыся «60%», памятайце, што то тут, то там яны выходзяць разам з «25%» плячо да пляча адстойваць свае супольныя інтарэсы. І розьніца між імі толькі ў большай ці меншай абазнанасьці, здольнасьці крытычна ўспрымаць інфармацыю. А галоўнае, па вялікім рахунку, у тым, што сваё – яднае.

Магчыма, калі-небудзь, мы ўбачым сацыялягічныя апытаньні па прынцыповых унутраных праблемах:

– Як вы ставіцеся да выбарнасьці мясцовай улады?

– Да прыватнай уласнасьці на зямлю?

– Да прыватызацыі дзяржаўнай маёмасьці?

– Да ператварэньня дзяржаўных СМІ ў грамадзкія?

– Ці разумееце вы, чым адрозьніваецца грамадзкае ад дзяржаўнага?

– Як вы ставіцеся да вяртаньня незалежнасьці судам?

– Да ператварэньня Беларусі ў парлямэнцкую рэспубліку?

Не зьдзіўлюся, калі ў выніках цывілізацыйны разьбег будзе значна меншы, чым па далёкім Крыме з расТВ.

А калі вырашыць прынцыповыя пытаньні, усім хопіць месца пад сонцам. З умоўнымі «сусьветнай» і «расейскай» літаратурамі. А далей справа канкурэнцыі. Я асабіста веру ў якасьць сусьветнай, якой трымаюцца «25%». А якасьць заўжды прыцягвае іншых.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG