Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апублікаваныя сьведчаньні маштабнага адмываньня грошай атачэньнем Уладзіміра Пуціна


Цэнтар па дасьледаваньні карупцыі і арганізаванай злачыннасьці (OCCRP) сумесна зь некалькімі выданьнямі апублікаваў вынікі расьсьледаваньня на аснове маштабнай уцечкі дадзеных з пошты Панамскай юрыдычнай фірмы Mossack Fonseca & Co — чацьвёртай па велічыні ў сьвеце афшорнай юрыдычнай фірмы.

У апублікаваным расьсьледаваньні згадваюцца чатыры фірмы, так ці інакш маюць дачыненьне да Расеі — Sonnette Overseas, International Media Overseas, Sunbarn і Sandalwood Continental. Усе гэтыя кампаніі зарэгістраваныя ў афшорах і, як сьцьвярджаецца, зьвязаныя з банкам «Расія» і блізкімі знаёмымі расейскага прэзыдэнта. Гэтыя кампаніі ўдзельнічалі ў зьдзелках, якія экспэрты, якія азнаёміліся з дакумэнтамі, лічаць падазронымі.

Паводле дакумэнтаў, адзін зь сяброў Пуціна, музыка Сяргей Ралдугін, зьвязаны зь некалькімі афшорамі, празь якія заключаліся зьдзелкі на мільярды даляраў.

У кожнага афшору ў схеме была свая роля, гаворыцца ў расьсьледаваньні. Адны выкарыстоўваліся для атрыманьня крэдытаў на льготных умовах (банк RCB часткова належыць расейскаму ВТБ), іншыя прызначаліся для кантролю буйных пакетаў акцый у расейскіх прадпрыемствах.

Абарот толькі на рахунках аднаго афшору, Sandalwood Continental, склаў каля 2 млрд даляраў. Аб’ёмы зьдзелак у іншых кампаніях былі меншыя, лічаць аўтары расьсьледаваньня, але таксама вымяраліся сотнямі мільёнаў даляраў.

Грошы паступалі ў афшоры з наступных крыніц: пазабіржавыя дамовы з акцыямі найбуйнейшых расейскіх дзяржкампаніяў, «ахвяраваньні» ад буйных расейскіх бізнэсмэнаў, і льготныя пазыкі ад кіпрскага RCB bank.

Яшчэ адным відам даходаў былі дзіўныя «ахвяраваньні» ад бізнэсмэнаў. Так, у 2007 годзе іншы афшор пазычыў 6 млн даляраў. А праз колькі месяцаў гэты крэдыт быў дараваны за 1 даляр.

За некалькі дзён да публікацыі расьсьледаваньня OCCRP юрыдычная фірма Mossack Fonseca & Co, зарэгістраваная ў Панаме, разаслала сваім кліентам ліст, у якім паведаміла пра ўзлом сваіх сэрвэраў і уцечку перапіскі аб дзейнасьці фірмы. Ліст падпісаны дырэктарам па маркетынгу і продажах Карласам Соуза.

У лісьце таксама гаворыцца, што дадзеныя, да якіх атрымалі доступ ўзломшчыкі, былі перададзеныя некалькім выданьням, супрацоўнікі якіх «вырвалі інфармацыю з кантэксту» і зрабілі ілжывыя заключэньні аб дзейнасьці кампаніі.

Цэнтар па дасьледаванні карупцыі і арганізаванай злачыннасьці (OCCRP — the Organized Crime and Corruption Reporting Project) — гэта некамэрцыйны праект, які аб’ядноўвае рэгіянальныя цэнтры расьсьледавальнай журналістыкі і незалежныя камэрцыйныя СМІ. Расьсьледаваньне, зьвязанае з гэтымі дадзенымі, вялося каля года, у ім удзельнічала 400 журналістаў з 80 краін і больш за сто выданьняў.

28 сакавіка прэс-сакратар прэзыдэнта Дзмітрый Пяскоў паведаміў, што супраць Пуціна рыхтуецца «інфармацыйны ўкід». Пяскоў паведаміў, што расьсьледавальнікаў цікавіла інфармацыя пра прэзыдэнта асабіста, пра яго «сям'ю, сябраў дзяцінства, пра нейкія афшорныя кампаніі і бізнэсоўцаў, якіх Пуцін і ў вочы ня бачыў».

Праект “Панама”. Галоўнае пра найвялікшую ў гісторыі ўцечак банкаўскай інфармацыі

Што такое Мосак Фонсека?

Юрыдычная фірма ў Панаме, якая займаецца рэгістрацыяй кампаній у афшорных зонах. Вядзе іх справаводзтва.

Дзе яна дзейнічае?

Гэтая панамская фірма займаецца міжнароднымі апэрацыямі ва ўсім сьвеце. Паводле яе вэбсайту, 600 чалавек працуе ў 42 краінах. Яна дзейнічае у падатковых аазісах, у тым ліку ў Швайцарыі, Кіпры, Брытанскіх Вірджынскіх выспах і да т.п.

Наколькі яна вялікая?

Мосак Фонсека – чацьвертая ў сьвеце па афшорных паслугах. Яна прадстаўляла больш за 300 000 кампаніяў.

Які памер уцечкі?

Вялікі. Большы за ўцечку дыпляматычнай перапіскі ЗША 2010 году і большы за сакрэтныя дакумэнты амэрыканскай службы бясьпекі, апублікаваныя Эдвардам Сноўдэнам у 2013. З унутранай базы інфармацыі выкладзены 11,5 мільёна дакумэнтаў, 2,6 тэрабайта інфармацыі.

Ці ўсе, хто карыстаецца афшорам, злодзеі?

Не. Карыстаньне цалкам законнае. Бізнэсмэны ў такіх краінах як Расея, Украіна звычайна перводзяць туды свае актывы, каб пазьбегнуць рэйдэрскага захопу, абысьці валютныя абмежаваньні. Некаторыя выкарыстоўваюць афшор дзеля спадчыны, набыцьця нерухомасьці.

Але некаторыя карыстальнікі афшору – злодзеі?

Так. І Брытанія, напрыклад, уводзіць новы закон з чэрвеня, які ўпершыню будзе вымагаць адкрыцьця імёнаў уласьнікаў.

Якая рэакцыя кампаніі Мосак Фонсека?

Фірма адмаўляецца абмяркоўваць канкрэтных кліентаў. Абараняе сваю працу, сьвярджаючы, што дапільноўвае законы супраць адмываньян грошай, і імкнецца перашкаджаць крымінальнаму выкарыстаньнюсваіх паслуг. Фірама заяўляе, што не нясе адказнасьць за дзеяньні банкаў, пасярэднікаў і бухгальтараў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG