Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт Азэрбайджану Аліеў абвінаваціў Арменію ў правакацыі


Прэзыдэнт Азэрбайджана Ільгам Аліеў лічыць, што Арменія не імкнецца ўрэгуляваць карабахскі канфлікт. Як адзначае ТАСС, выступленне Аліева перадаў у нядзелю дзяржаўны канал АзТВ.

Паводле Аліева, Азэрбайджан не парушаў рэжыму спыненьня вагню, а толькі даў годны адказ на правакацыю армянскага боку. Азэрбайджанскі прэзыдэнт падкрэсьліў, што Баку прытрымліваецца мірнага ўрэгуляваньня канфлікту. «Але... мы не зьбіраемся ўдзельнічаць у перамовах дзеля перамоваў», — дадаў Аліеў.

Азэрбайджанскае інфармагенцтва APA прыводзіць тыя ж словы Ільгама Аліева з паседжаньня дзяржаўнай Рады бясьпекі.

Раней у нядзелю міністэрства абароны Азэрбайджана заявіла, што краіна ў аднабаковым парадку спыняе баявыя дзеяньні ў Карабаху.

Сытуацыя на лініі судакрананьня Карабахскіх і азэрбайджанскіх сіл застаецца напружанай, сьцьвярджаюць у абаронным ведамстве самаабвешчанай Нагорна-Карабахскай рэспублікі (НКР). Раней у ведамстве заявілі, што азэрбайджанскі бок у нядзелю раніцай працягнуў баявыя дзеяньні на паўднёвым кірунку лініі судакрананьня.

У Баку паведамілі пра 12 загінулых у выніку сутыкненьняў азэрбайджанскіх вайскоўцаў. Ерэван заяўляе, што армянскія ўзброеныя сілы страцілі 18 вайскоўцаў.

Абстаноўка ў зоне карабахскага канфлікту рэзка абвастрылася ў ноч на суботу. Бакі абвінавачваюць адзін аднаго ў парушэньні перамір’я.

Намесьнік міністра замежных спраў Арменіі Шаварш Качаран абвінаваціў Турцыю ў заахвочваньні дзеяньняў Азэрбайджана супраць Нагорнага Карабаху.

Офіс прэзыдэнта Турэччыны Рэджэпа Эрдагана 3 красавіка распаўсюдзіў заяву аб тым, што Анкара абяцае «да канца» падтрымліваць Баку.

Расея, ЗША, АБСЭ заклікалі да неадкладнага спыненьня баявых дзеяньняў. Прадстаўнікі Менскай групы АБСЭ плянуюць правесьці сустрэчы ў Вене 4-5 красавіка з тым, каб абмеркаваць разьвіцьцё сытуацыі ў Нагорным Карабаху.

XS
SM
MD
LG