Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці прыедзе ў Менск прэзыдэнт ЗША? 


Ці пачынае Вашынтон усьлед за Эўразьвязам мяняць свае стасункі з афіцыйным Менскам? Якія чыньнікі, формы і межы паляпшэньня адносінаў? Якой будзе палітыка ЗША адносна Беларусі пры новым прэзыдэнце?

Гэтыя пытаньні ў Праскім акцэнце абмяркоўваюць дырэктар Цэнтру палітычнага аналізу і прагнозу Павал Вусаў , аглядальнік нашага радыё Сяргей Навумчык і кіраўнік Цэнтру стратэгічных і зьнешнепалітычных дасьледаваньняў Арсені Сівіцкі. Вядзе перадачу Юры Дракахруст

Выведка ці новы этап адносінаў?

Дракахруст: На гэтым тыдні Беларусь наведаў высокапастаўлены чыноўнік Пэнтагону — намесьнік памочніка міністра абароны ЗША Майкл Карпэнтэр. Ён сустрэўся з кіраўніком Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам, міністрамі замежных справаў і абароны Ўладзімерам Макеем і Андрэем Раўковым. Падчас прэсавай канфэрэнцыі напярэдадні сустрэчы з Лукашэнкам Карпэнтэр сказаў, што Злучаныя Штаты ў Беларусі бачаць прагрэс у дэмакратычных працэсах і спадзяюцца на ўмацаваньне двухбаковага супрацоўніцтва. У сваю чаргу кіраўнік Беларусі падчас сустрэчы з амэрыканскім госьцем выказаў спадзеў на «новы этап у адносінах».

У перакладзе з дыпляматычнай мовы на звычайную — што гэта азначае? Проста выведны візыт чыноўніка адносна нізкага рангу ці сапраўды пралёг новай палітыкі? Некаторыя, крытыкуючы нармалізацыю стасункаў паміж ЭЗ і Менскам, ставілі ў прыклад ЗША — яны, маўляў, прынцыпам ня здраджваюць. Але здаецца, і яны мяняюць палітыку ў тым жа рэчышчы. Ці не? А калі так, то ў якой ступені і чаму?

Сівіцкі: Сапраўды мы назіраем новы этап у адносінах паміж ЗША і Беларусьсю, я бы сказаў, што ён пачаўся разам з украінскім крызісам. Гэты новы этап уяўляе сабой канвэртацыю Беларусьсю свайго ўнёску ў рэгіянальную стабільнасьць і бясьпеку ў частковую нармалізацыю стасункаў з ЗША.

У кожнай амэрыканскай дэлегацыі, якія наведвалі Беларусь, заўсёды прысутнічалі асобы, зьвязаныя ці з Пэнтагонам, ці з аддзеламі дзярждэпартамэнту, якія займаюцца праблемамі міжнароднай бясьпекі. Мы бачым, што паміж Менскам і Вашынгтонам зараз выбудоўваецца канал кансультацыяў па пытаньнях рэгіянальнай бясьпекі.

Кансультацыі, якія прайшлі ў Менску падчас візыту спадара Карпэнтэра — ня першыя такога кшталту, напрыканцы мінулага году такія ж кансультацыі паміж прадстаўнікамі міністэрстваў абароны дзьвюх краінаў праходзілі ў Вашынгтоне.

Галоўны чыньнік працэсу збліжэньня — геапалітычныя фактары. Беларусь з пункту гледжаньня амэрыканскіх ваенных аналітыкаў адыгрывае крытычна важную ролю ў падтрыманьні бясьпекі ў нашым рэгіёне.

Навумчык: Юры, я хацеў бы скарэктаваць вашу ацэнку, што гэта візыт чыноўніка адносна невысокага рангу. Яго пасада адпавядае ў нашай ці былой савецкай сыстэме пасадзе намесьніка міністра абароны. У СССР гэтую пасаду займаў маршал Агаркаў і ніхто не лічыў яго чыноўнікам невысокага рангу.

Наконт таго, ці здрадзілі амэрыканцы сваім прынцыпам, мяркую, што наадварот. Адзін зь іх галоўных прынцыпаў у міжнародных стасунках — гэта правы чалавека. Можна па-рознаму ацэньваць незваротнасьць і глыбыню таго, што адбываецца ў Беларусі апошнім часам, але не саджаюць апазыцыйных лідэраў у турму, не разганяюць дубінкамі мітынгі. Для ЗША гэта знак, што афіцыйны Менск па пэўных пазыцыях, важных для Вашынгтона, робіць крокі яму насустрач. Таму такі візыт і такое пацяпленьне адносінаў.

Другі чыньнік гэтага — тое, што Беларусь знаходзіцца на пэрыфэрыі зьнешнепалітычных інтарэсаў ЗША. Я пагаджуся з ацэнкамі Арсенія наконт пэўнай зацікаўленасьці ў Беларусі, але збольшага яна ўсё ж на пэрыфэрыі увагі Вашынгтону.

І трэці чыньнік — вельмі ўжо кепскія былі адносіны. І цяперашняя сытуацыя стала добрай нагодай, каб крыху іх палепшыць.

Дракахруст: Калі ЭЗ ішоў на пацяпленьне стасункаў зь Беларусьсю, то таксама тлумачыў свае дзеяньні крокамі, якія рабіў Менск — вызваленьнем палітвязьняў, выбарамі без разгонаў і пасадак. Вы, Павал, тады востра крытыкавалі гэтую палітыку ЭЗ, маўляў, дзе ж іх прынцыпы? А цяпер, так выглядае, што і амэрыканцы прынцыпам здрадзілі. Вы на іх так спадзяваліся, а яны вас падвялі?

Вусаў: Я ні на эўрапейцаў, ні на амэрыканцаў ніколі асабліва не спадзяваўся, бо для Захаду ўласная бясьпека заўсёды была важнейшая, чым выкананьне прынцыпаў у далёкай Беларусі. Тут справа і ў ілюзіях наконт паляпшэньня сытуацыі ў Беларусі, якія былі даволі моцна ўбітыя ў галаву як эўрапейскіх, гэтак і амэрыканскіх палітыкаў. Гэта гучыць абсурдна. У Беларусі зараз няма рэпрэсіяў, бо няма каго рэпрэсаваць. Апазыцыя зьнішчаная настолькі, што няма сэнсу некага біць і саджаць. Амэрыканцы і эўрапейцы гэтага не разумеюць.

Што тычыцца спадара Карпэнтэра, то сфэра яго службовых абавязкаў — гэта сытуацыя ва Ўкраіне і ў Расеі. Ён таксама зьяўляецца прадстаўніком віцэ-прэзыдэнта ЗША Джо Байдэна, які займаецца Ўкраінай вельмі шчыльна. Я пагаджуся, што Беларусь адыгрывае важную ролю ў рэгіёне (прынамсі, так думаюць амэрыканцы) і ня толькі адносна Ўкраіны, але і адносна балтыйскіх краінаў. Амэрыканцы вераць у тое, што зараз Беларусь праводзіць нэўтральную палітыку ў рэгіёне і жадаюць гэтую палітыку падмацаваць. На мой погляд, гэта таксама даволі моцная ілюзія.

Што тычыцца супрацы Беларусі і ЗША, Беларусі і НАТА, то ніякага новага ўзроўню я тут ня бачу. Беларусь нават тады, калі стасункі з ЗША былі моцна сапсаваныя, удзельнічала ў праграме НАТА «Партнэрства дзеля міру». Толькі летась Беларусь удзельнічала ў 100 супольных праектах з НАТА ў межах гэтай праграмы.

Да 2014 году, у пэрыяд санкцыяў, празь Беларусь праходзіла так званая Паўночная дастаўчая сетка — транзыт грузаў неваеннага характару для вайсковай групоўкі НАТА ў Аўганістане. Пасьля канфлікту Расеі з Захадам гэты транзіт спыніўся, але ня выключана, што ён будзе перанакіраваны і пойдзе празь Беларусь ва Ўкраіну.

Таму санкцыі, палітычны канфлікт з уладамі Беларусі не зьяўляліся перашкодай для вырашэньня праблемаў, зьвязаных з ключавымі інтарэсамі ЗША.

Якія межы паляпшэньня адносінаў паміж Менскам і Вашынгтонам?

Дракахруст: Якія межы паляпшэньня адносінаў паміж афіцыйным Менскам і Вашынгтонам? Ва ўсіх перад вачыма зьмена шматгадовай палітыкі ЗША адносна Кубы. Але варта падкрэсьліць, што гэта менавіта нармалізацыя. ЗША толькі сёлета аднавілі дыпляматычныя стасункі з Кубай, якія краіны ЭЗ з Гаванай і не перарывалі. Гэтаксама і з санкцыямі адносна Кубы — яны аслабляюцца, але не скасоўваюцца.

А як будзе зь Беларусьсю? Якія шанцы на аднаўленьне паўнацэннага ўзаемнага дыпляматычнага прадстаўніцтва, якое з 2008 году існуе ў абмежаванай форме? Ці могуць быць зьнятыя амэрыканскія санкцыі, якія былі больш жорсткія, чым эўрапейскія?

Вусаў: Я ня думаю, што збліжэньне паміж Менскам і Вашынгтонам набудзе стратэгічнае вымярэньне. Камуністычны рэжым на Кубе поўхай Злучаным Штатам, бо яны заўсёды лічылі Цэнтральную і Лацінскую Амэрыку сваім «заднім дваром». Беларусь ЗША ніколі не разглядалі як прыярытэтны, ключавы элемэнт іх зьнешняй палітыкі. Нават дагэтуль у галовах многіх амэрыканскіх чыноўнікаў сядзіць упэўненасьць, што Беларусь — «задні двор» Расеі.
Санкцыі, я мяркую, праз пэўны час будуць скасаваныя. Што тычыцца палітычных адносінаў, я ня думаю, што ў Менск прыедзе прэзыдэнт ЗША. Лукашэнка ў Нью-Ёрку сфатаграфаваўся з Абамам, і яму гэтага дастаткова.

Беларусь пры цяперашнім рэжыме ніколі ня зьменіць свой геапалітычны накірунак з усходняга на заходні. Гэта ўсе разумеюць і акрамя палітычных рэвэрансаў ніякіх зьменаў у адносінах паміж Беларусьсю і ЗША, Беларусьсю і Захадам ня будзе.

Навумчык: Што да пасольстваў, то я думаю, што напачатку будзе павелічэньне колькасьці дыпляматаў у амэрыканскім пасольстве ў Менску і ў беларускім у Вашынгтоне. Пытаньне з пасламі таксама будзе вырашанае.
Што да санкцыяў, то я таксама мяркую, што яны будуць скасаваныя, але пасьля так званых «парлямэнцкіх выбараў».

Сівіцкі: Узор «дарожнай мапы» нармалізацыі адносінаў з Беларусьсю — тое, як ЗША нармалізуюць стасункі з Кубай. Я пагаджуся з калегамі, што можна чакаць паступовага аднаўленьня паўнавартасных дыпляматычных стасункаў, у самы бліжэйшы час — павялічэньня консульскага пэрсаналу і абмену ваеннымі аташэ.

Яшчэ чаго варта чакаць і чаго дамагаецца афіцыйны Менск — гэта выключэньня Беларусі са сьпісу «пагрозаў нацыянальнай бясьпецы ЗША». Летась менавіта з такой фармулёўкай прэзыдэнт Абама працягнуў дзеяньне санкцыяў.

Наступны крок — гэта зьмягчэньне некаторых эканамічных і палітычных санкцыяў. Я ня думаю, што сёньня можна казаць аб поўным іх скасаваньні.

Будзе працягвацца дыялёг па палітычных пытаньнях і пытаньнях бясьпекі. Ужо прайшоў таксама раўнд кансультацыяў па правах чалавека.

Можна чакаць спрыяньня з боку Злучаных Штатаў уступленьню Беларусі ў Сусьветную гандлёвую арганізацыю і яе перамовам з МВФ.

Але істотнае паглыбленьне стасункаў будзе залежыць ад таго, наколькі беларускія ўлады будуць адпавядаць пажаданьням Вашынгтону наконт дэмакратызацыі і лібэралізацыі палітычнага жыцьця.

Як будзе весьці справы зь Беларусьсю новы прэзыдэнт ЗША?

Дракахруст: Пытаньне крыху гіпатэтычнае, але дарэчнае. Зараз у ЗША ў разгары выбарчая кампанія, ўжо вызначыліся відавочныя фаварыты — ў дэмакратаў — Гілары Клінтан, у рэспубліканцаў — Дональд Трамп. Беларусь не прысутнічае як тэма перадвыбарчых дэбатаў. Але яна і ніколі, здаецца, не прысутнічала ў іх, палітыка новых гаспадароў Белага дому была вытворнай ад іх агульных падыходаў да зьнешняй палітыкі, ад іх палітыкі адносна Расеі, постсавецкага рэгіёну ў цэлым. Дык вось, зыходзячы з агульных падыходаў кандыдатаў да зьнешняй палітыкі, якой будзе палітыка адносна Беларусі прэзыдэнта Клінтан і прэзыдэнта Трампа? І больш практычнае пытаньне: ці варта чакаць у наступныя 4 гады візыту прэзыдэнта ЗША ў Менск?

Павел Вусаў
Павел Вусаў

Вусаў: Адносна Клінтан прагноз рабіць лягчэй. З улікам кепскіх стасункаў з Расеяй яна будзе весьці палітыку «адлігі», збліжэньня зь Беларусьсю. Біл Клінтан у свой час наведваў Менск, а пазьней сустракаўся з Лукашэнкам. Гілары, калі стане прэзыдэнтам, можа пайсьці па шляху свайго мужа. Але гэта будзе залежыць ад таго, як будзе разьвівацца сытуацыя ў рэгіёне ў цэлым. Чым гэтая сытуацыя будзе горшая, вастрэйшая, тым лепш будзе для афіцыйнага Менску.

Што тычыцца Трампа, то ён дастаткова непрадказальная асоба. Аднак ён неаднойчы казаў, што пойдзе на нармалізацыю адносінаў з Расеяй. Можна чакаць, што гэтая лінія будзе праводзіцца і адносна Беларусі.

Арсені Сівіцкі
Арсені Сівіцкі

Сівіцкі: Расея і Захад знаходзяцца зараз у стане новай халоднай вайны. Так што я пагаджуся з Паўлам — стасункі Беларусі з ЗША будуць наўпрост залежаць ад рэгіянальнай сытуацыі зь бясьпекай. Пакуль Беларусь будзе весьці нэўтральную палітыку ў кантэксьце гэтай новай халоднай вайны, варта чакаць паляпшэньня адносінаў паміж Вашынгтонам і Менскам. Пакуль Беларусь не стварае праблемаў для ЗША, для іх саюзьнікаў па НАТА, Лукашэнка разглядаецца як партнэр, зь якім можа весьці перамовы.

Я ня думаю, што варта чакаць візыту прэзыдэнта ЗША ў наступныя 4 гады, як Абама прыляцеў у Гавану. Але ня выключана, што Менск выступіць з новай ініцыятывай, скажам, стварэньня новага фармату перамоваў па Ўкраіне ці наагул пра рэгіянальную бясьпеку, то ЗША будуць запрошаныя. Мы бачым, што Менск гэтага і дамагаецца, Лукашэнка шмат разоў казаў, што немагчыма вырашыць праблемы бясьпекі рэгіёну без Амэрыкі.

Гэта мне падаецца больш імаверным, што ў Менску зьбяруцца лідэры Эўропы, Расеі і ЗША на перамовы па рэгіянальнай бясьпецы.

Сяргей Навумчык
Сяргей Навумчык

Навумчык: Гілары Клінтан ужо была ў Беларусі, у 1994 годзе, у якасьці першай лэдзі. Калі, як сказаў Арсені, Менск будзе абраны пляцоўкай для шматбаковых перамоваў, то візыт прэзыдэнта ЗША мне падаецца ўсё ж малаверагодным, але візыт віцэ-прэзыдэнта — хутчэй так, чым не.

Вы маеце рацыю, Юры, часта амэрыканская палітыка адносна Беларусі была вытворнай ад палітыкі адносна Расеі. Пры гэтым, на мой погляд, пасьля Рэйгана ў ЗША не было канцэптуальнага падыходу да Расеі. У 1989-1991 гадах Вашынгтон абсалютна не падтрымліваў імкненьне савецкіх рэспублік да незалежнасьці (за выключэньнем Прыбалтыкі). Ды і потым былі і развароты на 180 градусаў — прыгадаем «перазагрузку» і поўнае неразуменьне імпэрскіх гістарычных традыцыяў Расеі. І ўсе гэтыя недахопы сфакусаваліся ў часе кіраваньня Абамы, зьнешнюю палітыку якога я б ахарактарызаваў як суцэльны правал.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG