Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

«Палітычная ідэнтычнасьць беларусаў не пацьверджаная сур’ёзнымі выпрабаваньнямі»


Ці перашкаджае прарасейскае культурная арыентацыя многіх беларусаў фармаваньню беларускай нацыянальнай ідэнтычнасьці? Ці сапраўды большасьць грамадзянаў краіны адназначна ўспрымае дзяржаўную незалежнасьць як бясспрэчную каштоўнасьць? На гэтыя ды іншыя пытаньні Віталя Цыганкова адказваюць палітычныя аналітыкі Паўлюк Быкоўскі і Валер Булгакаў.

Цыганкоў: 2 красавіка адзначаецца афіцыйны дзень «яднаньня» народаў Беларусі і Расеі. На гэтым фоне ў нашай перадачы хацела б пагаварыць пра нацыянальную ідэнтычнасьць беларусаў і асаблівасьці яе фармаваньня. Цяпер мы маем своеасаблівыя сьветапоглядныя «нажніцы» паміж рознымі ідэнтычнасьцямі. Большасьць беларусаў у палітычным сэнсе даўно ўжо мае беларускую палітычную сьвядомасьць (адназначна пазытыўна ўспрымаючы дзяржаўную незалежнасьць), але ў культурным і сьветапоглядным сэнсе гэтая ж большасьць застаецца расейска-арыентаванай. Калі вы згодныя з такой высновай — чаму так адбываецца, на вашую думку?

Булгакаў: Я не зусім згодны з такой высновай. Бо прабеларуская палітычная ідэнтычнасьць беларусаў не пацьверджаная сур’ёзнымі палітычнымі выпрабаваньнямі. Высновы пра тое, што незалежнасьць Беларусі зьяўляецца абсалютнай каштоўнасьцю для большасьці — будуюцца на нейкіх уласных інтуіцыях і дадзеных сацыялягічных дасьледаваньнях. Але ў Беларусі адсутнічае паўнавартасны палітычны працэс і палітычная канкурэнцыя. Мы ня бачым сутыкненьня розных палітычных партыяў, якія б, напрыклад, ставілі сабе за мэту ўмацаваньне альбо ліквідацыю незалежнасьці. Таму грунт, на якім выбудоўваюцца падобныя высновы — даволі хісткі.

Каля нас ёсьць небясьпечныя прыклады, я маю на ўвазе Ўкраіну, калі здавалася, што на ўсходзе існуе пэўны кансэнсус прыналежнасьці да ўкраінскай палітычнай супольнасьці. Але пры дапамозе інсьпірацыі звонку гэты кансэнсус даволі лёгка распаўся.

Цыганкоў: Слаба Богу, што беларусам даводзіцца абапірацца толькі на сацыялягічныя апытаньні, а не рабіць высновы з канфліктаў, падобных таму, які разгарнуўся на Данбасе.

Булгакаў: Ну так. Але я акурат пра гэта і вяду гаворку, што толькі сацыялягічныя апытаньні — грунт не дастаткова пераканаўчы. У такой ненармальнай атмасфэры, як у Беларусі, іхнія вынікі могуць зьмяшчаць пэўную недакладнасьць. Але нават калі яны цалкам дакладныя і празрыстыя — то сапраўды ёсьць рэчы, агульнапрынятыя ва ўсім сьвеце для выражэньня падтрымкі нацыянальнай незалежнасьці. Гэта выбар насельніцтвам палітыкаў, якія ставяць гэтую мэту. У нас з гэтым праблемы.

ёсьць рэчы, агульнапрынятыя ва ўсім сьвеце для выражэньня падтрымкі нацыянальнай незалежнасьці. Гэта выбар насельніцтвам палітыкаў, якія ставяць гэтую мэту. У нас з гэтым праблемы

Што датычыць побытавай прарасейскай ідэнтычнасьці беларусаў, то я б працытаваў вельмі глыбокую думку заўчасна памерлага Віталя Сіліцкага, які ў сваёй кнізе «Доўгая дарога да дыктатуры» пісаў, што ў Беларусі існуюць дзьве ідэнтычнасьці. Адна — гэта насаджаная дзяржавай квазіідэнтычнасьць, якая заснаваная на расейскамоўнасьці і адсутнасьці сур’ёзнай дыстанцыі ад расейскай культуры і этнаграфічных стасункаў да беларускай культуры. З іншага боку — нацыянальная ідэнтычнасьць у заходнім, этнакультурным сэнсе. Безумоўна, сытуацыя такой дваістасьці азначае пэўную канфліктнасьць гэтых двух субстанцыяў.

Цыганкоў: Паўлюк, а вы ставіце пад сумнеў тэзіс, што большасьць беларусаў успрымае незалежнасьць краіны як безумоўную каштоўнасьць?

Быкоўскі: Сапраўды, з улікам таго, што ў нас няма публічнай палітыкі як сур’ёзнага чыньніка — гэты тэзіс не атрымаў поўнага пацьвярджэньня. Нармальная публічная палітыка магла б даць праявіцца палітычнай сьвядомасьці. На пачатку 90-х па гэтым пытаньні быў дыскурс і спрэчкі, зараз — гэта стала маргінальным.

Ніхто асабліва не памятае пра дзень «адзінства» двух народаў, і ніхто не ўспрымае гэта як нешта, што можа рэальна адбыцца

Мне падаецца, што пытаньне незалежнасьці для большасьці не выклікае прадмету для спрэчак. Іншае пытаньне, што тыя, хто не лічыць сувэрэнітэт каштоўнасьцю, у крызісных сытуацыях пачынаюць разважаць — «а вось калі б Расея нас прыбрала да рук, то, магчыма, жылося б лепей».

За апошнія 20 гадоў чыноўнікі фактычна забыліся на «аднаўленьне гаспадарчых сувязяў» і «агульныя каштоўнасьці». Ніхто асабліва не памятае пра дзень «адзінства» двух народаў, і ніхто не ўспрымае гэта як нешта, што можа рэальна адбыцца. Іншае пытаньне, што ў галовах беларусаў шмат чаго намяшана, і мы гатовыя быць адначасова эканамічна з Эўропай і з Расеяй. У любым выпадку, калі паўстае пытаньне пра мяжу — беларусы не гатовыя да мяжы з Расеяй.

Цыганкоў: Беларусы жывуць пераважна ў расейскім інфармацыйным полі, многія кажуць «нашыя артысты, нашыя сьпевакі», маючы на ўвазе расейскіх. Ці ёсьць гэта пагрозай для фармаваньня беларускай ідэнтычнасьці, ці гэта непазьбежная частка нацыягенэзу?

Булгакаў: У Беларусі няма маналітнай ідэнтычнасьці. Таму гэта ня ёсьць пагрозай. Гэта толькі канстатацыя стану, што беларусы як палітычная ці культурная супольнасьць пагружаныя ў расейскую інфармацыйную і культурную прастору. Нагадаў бы думку былога пасла Польшчы ў Беларусі Лешака Шарэпкі, які вельмі трапна заўважыў, што мова абараняе нацыю, лепей чым танкі.

З аднаго боку, мы маем сытуацыю суіснаваньня розных праектаў ідэнтычнасьцяў. Зь іншага баку, гэтыя праекты не існуюць мірна. Беларуская нацыянальная ідэнтычнасьць загнаная ў падпольле, перасьледуецца, пазбаўленая ўсялякай дзяржаўнай падтрымкі, і існуе як субкультура пэўнай супольнасьці. Пры гэтым у Беларусі ёсьць і афіцыйная квазіідэнтычнасьць. Адначасова ўсё больш прыкметныя робяцца спробы пашырэньня чарнасоценнага варыянту агульнай рускай ідэнтычнасьці, пра адвечную прыналежнасьць Беларусі да рускага міру.

ўсё больш прыкметныя робяцца спробы пашырэньня чарнасоценнага варыянту агульнай рускай ідэнтычнасьці, пра адвечную прыналежнасьць Беларусі да рускага міру

Гэта ўсё патэнцыйна вельмі неспрыяльна для дэмакратычнай трансфармацыі, калі патрэбны кансэнсус для рыўка наперад. Фактычна рэжым, у якім можа існаваць такая досыць выбуханебясьпечная «мачанка» — гэта паліцэйская дзяржава, якая аўтарытарнымі сродкамі стрымлівае пэўны канфлікт. Альбо спрабуе насаджаць свой гегеманісцкі праект ідэнтычнасьці, які можа не падтрымліваецца існуючымі этнакультурнымі супольнасьцямі. Вельмі часта такая недавершанасьць зьяўляецца спрыяльным полем для замежнага ўварваньня і іншых варожых працэсаў, якія могуць ставіць крыж на дзяржаўнай незалежнасьці.

Быкоўскі: З аднаго пункту гледжаньня, расейская культурная арыентацыя — гэта натуральны працэс, бо немагчыма імгненна перарваць тыя сувязі, якія былі. Натуральна, што людзі чытаюць тыя кнігі, слухаюць тую музыку, што і слухалі да моманту, калі Беларусь стала незалежнай.

Я б зазначыў, што апошнім часам ідзе з боку чыноўнікаў больш спрыяльнае стаўленьне да гісторыі БНР ці падобных рэчаў. Гэта ня стала зьменаў палюсоў, але шмат хто пачаў казаць, што гэта быў важны этап і гэтак далей. Але гэта ня ёсьць пакуль афіцыйнай пазыцыяй уладаў. Я пагаджуся, што ў расейскай культурнай арыентацыі беларусаў ёсьць пэўная небясьпека, Іншае пытаньне, што я б яе не перабольшваў гэтую небясьпеку. Культура разьвіваецца сама па сябе, сьвядомасьць мяняецца. Працэсы ідуць незалежна ад таго, ці хтосьці хацеў бы іх накіроўваць. Іншае пытаньне — што калі б гэтыя працэсы падтрымлівала дзяржавы, разьвіцьцё беларускай ідэнтычнасьці было б больш пасьпяховым і прыкметным.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG