Лінкі ўнівэрсальнага доступу

14 загінулых у баях у зоне карабахскага канфлікту ВІДЭА


Азэрбайджан і Армэнія абвінавачваюць адзін аднаго ў парушэньні перамір’я.

У баях у зоне Нагорна-карабахскага канфлікту загінулі 12 вайскоўцаў азэрбайджанскіх ўзброеных сіл. Пра гэта ў суботу паведаміла прэс-служба Міністэрства абароны Азэрбайджану. Таксама паведамляецца, што падчас нанясеньня ўдару па армянскім пазыцыях азэрбайджанскі бок страціў адзін верталёт Мі-24 і адзін танк, які падарваўся на міне.

У паведамленьні мінабароны адзначаецца, што ўзброеныя сілы Азэрбайджана вярнулі кантроль над некалькімі стратэгічнымі вышынямі і населенымі пунктамі. Эрэван абвяргае інфармацыю пра страты вышынь і населеных пунктаў.

Раней мінабароны самаабвешчанай Нагорна-Карабахскай рэспублікі (НКР) паведаміла пра гібель дзіцяці і раненьні яшчэ двух пры абстрэлах з боку ўзброеных сіл Азэрбайджану. Паводле зьвестак МЗС Азэрбайджану, пры абстрэлах з армянскага боку загінуў адзін мірны жыхар.

У суботу прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін заклікаў бакі канфлікту ў Нагорным Карабаху да неадкладнага спыненьня агню і праявы стрыманасьці. У той жа дзень міністар абароны Расеі Сяргей Шайгу абмеркаваў па тэлефоне з міністрамі абароны Армэніі і Азэрбайджану неабходнасьць неадкладных мер па стабілізацыі сытуацыі ў рэгіёне.

Кіраўніца зьнешнепалітычнага ведамства ЭЗ Фэдэрыка Магерыні таксама заклікала бакі неадкладна спыніць ваенныя дзеяньні, выконваць перамір’е і аднавіць намаганьні па мірным урэгуляваньні канфлікту ў Нагорным Карабаху.

Сёньня адбылася тэлефонная размова Аляксандра Лукашэнкі з прэзыдэнтам Азэрбайджану Ільхамам Аліевым. Як паведамляе прэс-служба кіраўніка Беларусі, Лукашэнка выказаў занепакоенасьць у сувязі з сытуацыяй, якая склалася ў зоне карабахскага канфлікту. «Лідэры дзьвюх краінаў падрабязна абмеркавалі падзеі, што адбываюцца. Ільхам Аліеў у дэталях праінфармаваў Аляксандра Лукашэнку аб усіх абставінах вакол інцыдэнту», — адзначае прэс-служба.

На наступным тыдні ў Вене адбудзецца экстраннае пасяджэньне сустаршыняў Менскай групы АБСЕ па Нагорным Карабаху ў сувязі з эскаляцыяй напружанасьці ў зоне карабахскага канфлікту.

Сытуацыя ў зоне канфлікту рэзка абвастрылася ў ноч на суботу. Азэрбайджан і Армэнія абвінавачваюць адзін аднаго ў парушэньні перамір’я.

Ваенныя сілі Армэніі і Азэрбайджану. Параўнаньне
Ваенныя сілі Армэніі і Азэрбайджану. Параўнаньне

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG