Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Для забойцаў Барыса Нямцова самае бясьпечнае месца на зямлі — гэта Чачня», — адвакат


Сьледзтва па справе выканаўцаў забойства расейскага апазыцыянэра Барыса Нямцова завершана, аднак адвакаты сямʼі загінулага палітыка лічаць, што сьледзтва нічога ня робіць для таго, каб злавіць арганізатараў і натхняльнікаў гучнага злачынства.

Сьледзтва па справе выканаўцаў забойства расейскага апазыцыянэра Барыса Нямцова завершана, аднак адвакаты сямʼі загінулага палітыка лічаць, што сьледзтва нічога ня робіць для таго, каб злавіць арганізатараў і натхняльнікаў гучнага злачынства.

Пяць затрыманых меркаваных выканаўцаў забойства Нямцова цяпер знаёмяцца з матэрыяламі справы. Сярод абвінавачаных — афіцэры чачэнскага батальёну «Поўнач», які дэ-факта цалкам падпарадкаваны кіраўніку Чачні Рамзану Кадыраву.

У асобную вытворчасьць выдзелена справа пра арганізатараў і замоўцаў забойства Нямцова — там у якасьці падазраванага фігуруе Руслан Мухудзінаў, кіроўца намесьніка камандзіра батальёна «Поўнач» Руслана Герамеева. Менавіта Герамеева адвакаты сямʼі Нямцова лічаць тэхнічным арганізатарам забойства, аднак яго месцазнаходжаньне невядомае.

«Маё меркаваньне, што для забойцаў Барыса Нямцова самае бясьпечнае месца на зямлі — гэта Чачня, — заявіў Свабодзе адвакат сямʼі Нямцова Вадзім Прохараў. — Адтуль выдачы дакладна ня будзе — гэта Рамзан Кадыраў у сваім цяперашнім становішчы можа сабе дазволіць. І так, мы папрасілі дапытаць шэраг асоб, на што мы атрымалі адмову па ўсіх пунктах, акрамя допыту Руслана Герамеева, чыё месцазнаходжаньне, аднак, невядома».

Вадзім Прохараў

Вадзім Прохараў

«Усе сьляды вядуць у Грозны, таму што абвінавачаныя, байцы батальёну „Поўнач“, сапраўды кантактавалі з Русланам Мухудзінавым. А Руслан Мухудзінаў — гэта кіроўца Руслана Герамеева. Дарэчы, яны кантактавалі і з Герамеевым таксама, ён ёсьць на відэазапісах, ёсьць у сьведкавых паказаньнях. Але проста ня панская гэта справа самому многія пытаньні вырашаць, і Гераемееў даручыў выкананьне свайму кіроўцу Руслану Мухудзінаву. А хто такі Руслан Герамееў? Гэта чалавек, які ўваходзіць у эліту чачэнскага грамадзтва, дзесьці ў 50 або 100 набліжаных да Кадырова асоб. Ён стрыечны брат — гэта вельмі блізкая ступень сваяцтва па чачэнскіх паняцьцях — двух родных братоў, Адама і Алібэка Дэлімханавых. Адам Дэлімханаў — гэта другі чалавек у Чачні, правая рука Кадырава. Той самы чалавек, які ходзіць па Дзярждуме з залатым пісталетам, падчас боек ён у яго выпадае з кішэні, вядомая гісторыя. А ягоны родны брат Алібэк Дэлімханаў — ніхто іншы як кіраўнік батальёна „Поўнач“. Склаўся ўвесь ланцужок асоб, якія, з нашага пункту гледжаньня, павінны быць дапытаныя на прадмет датычнасьці да забойства Нямцова, і ў дачыненьні да якіх было б вельмі карысна правесьці сьледчыя дзеяньні. На жаль, яны не праводзяцца. Мы думаем, што па той простай прычыне, што Руслан Герамееў — занадта блізкая да Рамзана Кадырава асоба, а ў дачыненьні да Рамзана Кадырава сьледзтва наогул баіцца праводзіць якія-небудзь дзеяньні», — кажа Прохараў.

Цалкам інтэрвію Вадзіма Прохарава можна прачытаць на сайце расейскай службы Радыё Свабода.

XS
SM
MD
LG