Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апошні крэдыт у 2 мільярды даляраў актуалізаваў старыя спрэчкі пра тое, за што ж Расея дае Беларусі такія вялікія грошы. Некаторыя мяркуюць, што за сувэрэнітэт ( які нейкі дзіўным чынам можна прадаваць 20 гадоў, а ён усё не сканчаецца), іншыя бачаць у гэтым прыклад неверагоднага і беспрэцэдэнтнага палітычнага майстэрства Аляксандра Лукашэнкі, які тыя ж 20 гадоў доіць дарагога саюзьніка, нічога асабліва не аддаючы ўзамен. Апошняя трактоўка асабліва папулярная сярод шэрагу расейскіх экспэртаў і палітыкаў: маўляў, плацім і плацім, а жаданьня станавіцца ў расейскі шыхт ад афіцыйнага Менску неяк не назіраецца.

А што Ізраіль? А нічога, ніякіх ізраільскіх санкцыяў адносна Расеі няма

Не займаючы адназначна тую ці іншую пазыцыю, хацелася б толькі нагадаць, што падобныя стасункі ў сьвеце — зусім не выключэньне, а хутчэй правіла. Вось ёсьць у ЗША блізкі саюзьнік — Ізраіль. Прычым стасункі з гэтым саюзьнікам маюць пэўны аднабаковы ўхіл — ЗША штогод даюць Ізраілю немалыя грошы на ўмацаваньне яго бясьпекі і абароны, шмат гадоў падтрымліваюць Ізраіль у дыпляматычным пляне, пераважная частка амэрыканскіх вета ў Радзе бясьпекі ААН — блякаваньне рэзалюцыяў з крытыкай і абвінавачваньнямі Ізраіля. Ці выжыў бы Ізраіль без гэтай амэрыканскай дыпляматычнай, ваеннай і фінансавай падтрымкі — гэта пытаньне, але тое, што становішча гэтай краіны без падтрымкі было б значна горшым, чым зь ёй, падаецца відавочным.

І вось Злучаныя Штаты ў 2014 годзе ўвялі даволі жорсткія санкцыі адносна Расеі за яе палітыку ва Ўкраіне. Вынесем за дужкі пытаньне, правільна ці не — ўвялі на падставе свайго разуменьня міжнароднага права і ўласных нацыянальных інтарэсаў.

А што Ізраіль? А нічога, ніякіх ізраільскіх санкцыяў адносна Расеі няма. А як жа салідарнасьць, удзячнасьць саюзьніку за крытычную дапамогу, «адзін акоп»? Амэрыка ж вырашыла зрабіць так. Ну а Ізраіль — гэтак. Зыходзячы са сваіх нацыянальных інтарэсаў. І ніякіх асаблівых папрокаў, скаргаў няма на тое, што маўляў, мы, Амэрыка, вам плацім, а дзе ж вашы танцы пад нашу музыку?

Неляяльнасьць саюзьніку ў стасунках паміж гэтымі краінамі прымае і больш жорсткія формы. Шмат гадоў Вашынгтон вёў цяжкія перамовы зь Іранам наконт ядзернай праграмы апошняга. Летась было заключанае шматпакутнае пагадненьне, паводле якога Іран рэфармуе сваю ядзерную праграму, каб яна не вяла да стварэньня ядзернай зброі, ўзамен на скасаваньне санкцыяў.

Пэкін дапамагае Пхеньяну, а не наадварот, прычым кітайская дапамога мае крытычны характар для КНДР

Усе гэтыя гады Ізраіль выступаў катэгарычна супраць саступак Тэгерану, ён востра крытыкаваў «згодніцкую», на яго погляд, лінію амэрыканскай дыпляматыі. Працягвалася гэта і пасьля заключэньня ядзернага пагадненьня зь Іранам, прэм’ер Ізраіля Біньямін Нетаньягу не паленаваўся (і не пасаромеўся) паехаць у Вашынгтон і, асабліва не хаваючыся, ўгаворваць амэрыканскіх парлямэнтароў не ратыфікаваць пагадненьне, заключаная адміністрацыяй Барака Абамы. На такое прамое ўмяшальніцтва ва ўнутраныя справы Амэрыкі ў Вашынгтоне ўсё ж ціхенька крэкнулі, але тым усё і абмежавалася. І амэрыканскую дапамогу Ізраіль і пасьля такіх эскападаў як атрымліваў, так і атрымлівае.

На гэта можна сказаць, што ЗША і Ізраіль — дэмакратычныя дзяржавы, ў іх у стасунках усё прыгожа і раўнапраўна. Ну а вось Кітай і Паўночная Карэя — зусім не дэмакратычныя. І характар саюзьніцкіх сувязяў мае аднабаковую скіраванасьць — Пэкін дапамагае Пхеньяну, а не наадварот, прычым кітайская дапамога мае крытычны характар для КНДР. Дык слухацца, па ідэі, павінны, калі грошы атрымліваюць. Але ня надта слухаюцца.

Але Расея, ЗША і Кітай — не Швэйцарыя. За гэта ім і даводзіцца плаціць

Зразумела, можна прыдумляць кансьпіралягічныя вэрсіі, паводле якіх паўночнакарэская ядзерная бомба — тонкая гульня Пэкіну, што ён зацікаўлены ў наяўнасьці ў дарагога саюзьнікі зброі Суднага дня. Але падобная кансьпіралёгія добрая ў канапных абмеркаваньнях у Фэйсбуку, ў рэальнасьці ніякай радасьці Пэкіну гэта не дастаўляе. Для параўнаньня: СССР, таксама далёкі ад дэмакратыі, валоданьня саюзьнікамі ядзернай зброяй не дапускаў і блізка, здаецца, нават і не разьмяшчаў свае ракеты за сваімі межамі, акрамя няўдалай кубінскай спробы. Пасьля распаду СССР адной з галоўных зьнешнепалітычных задачаў Крамля было забраць савецкую ядзерную зброю ў тых краінаў, у якіх яна заставалася (Беларусь, Казахстан, Украіна), незалежна ад ступені прыязнасьці з новаўтворанымі дзяржавамі.

Так што недарэчна лічыць, што Кітаю падабаецца, калі нехта ў яго пад бокам ядзернай зброяй валодае і да таго ж мае звычку ёй размахваць (гл. Апошнія заявы Пхэньяну аб магчымасьці ядзерных удараў па Вашынгтону і Сэвулу). Калі ўявіць сабе, што КНДР гэтую зброю сапраўды ўжыве, то ад удару ў адказ па суседняй краіне Кітаю мала не падасца.

Дык чаму ж Сі Цзінпін ня можа бразнуць кулаком па стале і загадаць Кім Чэн Ыну адмовіцца ад ядзернай зброі ці хаця б не пагражаць ёй, чаму ня можа сказаць — мы вас кормім, дык слухайцеся. Ну вось ня можа неяк. І працягваюць карміць.

Дык чаму ж Вашынгтон і Пэкін працягваюць падтрымліваць, «карміць» такіх сваіх ня надта паслухмяных саюзьнікаў? Ну, відаць, справа ў нацыянальных інтарэсах ЗША і КНР, у тым, што альтэрнатыва падтрымцы ім ўяўляецца даражэйшай, а ня толькі ў талентах палітычных маніпулятараў Нетаньягу і Кіма. Безумоўна, аднабаковая залежнасьць абмяжоўвае краіны, якія атрымліваюць гэтую дапамогу, але яна не ператварае іх ў марыянэтак, калідор магчымых самастойных дзеяньняў нешырокі, але ён існуе.

Ну дык і беларуска-расейскія адносіны збудаваныя падобным чынам. За глябальную палітыку даводзіцца плаціць, у тым ліку і ня надта ляяльным саюзьнікам, што часам выглядае як даеньне. Швэйцарыя, напрыклад, ніякай глябальнай палітыкі не вядзе, дык і няма краіны, пра якую можна спытаць, за што Швэйцарыя дае ёй грошы. Але Расея, ЗША і Кітай — не Швэйцарыя. За гэта ім і даводзіцца плаціць.

  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG