Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Колькі той вашай Беларусі?», — вяскоўцы расейскага памежжа


Жыхары памежных зь Беларусьсю вёсак лічаць, што толькі дзякуючы Аляксандру Лукашэнку ў суседняй краіне парадак ды спакой. Паводле некаторых зь іх, у Беларусі кіраўнік дзяржавы захаваў савецкі лад. Удзел расейскіх вайскоўцаў у вайне ва Ўкраіне і ў Сырыі ўспрымаецца вяскоўцамі як дапамога ў навядзеньні парадку.

Два дзясяткі гадоў таму Аляксандар Лукашэнка і Барыс Ельцын утварылі гэтак званую саюзную дзяржаву Беларусі і Расеі. Дзень падпісаньня адпаведнай дамовы стаў Днём яднаньня народаў Беларусі і Расеі. У Беларусі 2 красавіка вывешваюць дзяржаўныя сьцягі суседняй дзяржавы, ладзяць урачыстасьці з гэтай нагоды. А што ведаюць і што кажуць пра беларусаў іх суседзі ў памежных расейскіх вёсках? Якім бачаць сьвет вакол сябе ды ўласнае жыцьцё?

Дзяржаўных сьцягоў Беларусі на будынках сельскіх адміністрацыяў у расейскіх вёсках, як кажуць іх жыхары, не вывешваюць. Урачыстых імпрэзаў, прымеркаваных да гэтага дня, ня ладзяць.

Большасьць вяскоўцаў, зь якімі ўдалося пагутарыць, нават і не здагадваліся, што ў календары датаў гэтак званай саюзнай дзяржавы існуе Дзень яднаньня народаў Беларусі і Расеі. Тыя ж сяляне, якія заяўлялі, што ведаюць пра такі Дзень, патлумачыць, чым ён адметны ад іншых, не маглі, адразу пераходзілі на пахвальбу беларусаў і Лукашэнкі.

«Так, я чула пра такі дзень, але пра яго мала што ведаю. Неяк прыяжджалі да нас у вёску на нейкае сьвята беларускія акторы, але тое сьвята было ўвосень», — адказвае на пытаньне журналіста жыхарка вёскі Дзегцяроўка з Бранскай вобласьці.

«У нас зайздросьцяць беларусам, бо ў вас добры начальнік Лукашэнка! — кажа яна. — Парадак у вас кругом ды чысьціня. Мы нярэдка да вас езьдзім, дык бачым, што ў вас дзеецца. Беларусы, як прыяжджаюць да нас, кепскага нічога пра Лукашэнку ня кажуць. Хваляць толькі».

На будынку сельскай адміністрацыі ў Дзегцяроўцы на 2 красавіка не вывешваюць дзяржаўнага сьцяга Беларусі
На будынку сельскай адміністрацыі ў Дзегцяроўцы на 2 красавіка не вывешваюць дзяржаўнага сьцяга Беларусі

«Так, Лукашэнка ўмее наводзіць парадак, — пагаджаецца наступная вяскоўка, але тут жа ўдакладняе: „Але колькі той вашай Беларусі? Можа, памерамі з нашу Бранскую вобласьць! А Расея ж — вялікая! Паспрабуй навядзі ў ёй парадак».

На пытаньне, што будзе зь Беларусьсю, калі ня стане Лукашэнкі, суразмоўніцы пэўнага адказу не далі. Запыталіся: «А што самі думаюць беларусы пра гэта?»

У памежных зь Беларусьсю вёсках засталіся пераважна пэнсіянэры. Для моладзі занятку няма. Як і беларусы з памежжа, расейцы кіруюць на заработак у Маскву, Падмаскоўе ды іншыя багацейшыя рэгіёны. Многія, у адрозьненьні ад беларусаў, не вяртаюцца ў родныя мясьціны, а асядаюць там, дзе працуюць. Вёскі, абязьлюдзеўшы, пакрысе выміраюць. Некаторыя паселішчы абжываюць дачнікі. Некаторыя прыяжджаюць на ўскраек Расеі здалёк.

Шыльда на будынку сельскага клюбу ў Дзегцяроўцы даўно вісіць. Састарэла. Клюб не працуе
Шыльда на будынку сельскага клюбу ў Дзегцяроўцы даўно вісіць. Састарэла. Клюб не працуе

«Тут добра б жылося, каб пэнсія была большай, — апавядае пра тутэйшае жыцьцё жыхарка вёскі Жасткава з той жа Бранскай вобласьці.

«У мяне дык пэнсія дзевяць тысяч рублёў (два мільёны шэсьцьсот беларускімі. — РС), — прызнаецца кабета. — У бальшыні ж тутэйшых пэнсіянэраў 7–8 тысяч (2—2,3 млн беларускімі. — РС). Хіба гэта пэнсія? Звычайна два разы на год індэксацыю праводзілі, а сёлета, кажуць, што толькі раз правядуць».

Дзегцяроўскія сабакі: абодва на ланцугу, але адзін вальнейшы — ня ў клетцы
Дзегцяроўскія сабакі: абодва на ланцугу, але адзін вальнейшы — ня ў клетцы

«Дык ціснуць Расею з усіх краёў, — умешваецца ў гутарку, каб патлумачыць сытуацыю, муж суразмоўніцы. — Санкцыі гэтыя ўвялі. Рубель падае. Наагул адчуваецца, што сытуацыя пагаршаецца».

«У Савецкім Саюзе Беларусь і Ўкраіна забясьпечваліся ўсім неабходным найлепш за астатнія рэспублікі. Вось бачыце, Украіну адкармілі, дык яна перʼі ўздымае. Цяпер нам бліжэй за іншых Беларусь», — пераконвае мужчына.

Расейскія вяскоўцы, асабліва сталага веку, з настальгіяй згадваюць савецкія часы і лічаць, што беларусы жывуць лепей за іх, бо трымаюцца савецкіх парадкаў.

Савецкія назвы вуліц захаваліся ў памежных зь Беларусьсю вёсках
Савецкія назвы вуліц захаваліся ў памежных зь Беларусьсю вёсках

«У Беларусі амаль што захаваўся савецкі лад», — заяўляе яшчэ адзін жыхар Жасткава.

«Парадак у вас, а ў нас як кралі, гэтак і крадуць. У вас Лукашэнкі баяцца, таму меней і крадуць. Такога ж няма, як у нас, каб мільёны накраў чыноўнік ды зьехаў за мяжу і жыве там прыпяваючы».

Як жыцьцё ня склалася, дык чаму не паламаць таксафон?
Як жыцьцё ня склалася, дык чаму не паламаць таксафон?

Суразмоўца доўга апавядаў пра перавагі жыцьця ў Савецкім Саюзе. Хваліўся, дзе і ў якіх савецкіх рэспубліках што найлепшага было. Ва Ўкраіне, даводзіў ён, была самая смачная каўбаса:

«Мне дагэтуль брыдка слухаць, калі хваляць маскоўскую каўбасу, — эмацыйна выказваўся мужчына. — У Кіеве ў савецкі час усяго хапала. Ды й найлепшае жыцьцё было наагул ва Ўкраіне. А цяпер там стала невыносна, нават ехаць туды боязна. У нас палі не засеяныя, і ў іх таксама. Уявіць сабе гэтага ня мог. Гэта ўсё іхныя рэвалюцыі...»

Помнік савецкім салдатам на фоне заняпаду
Помнік савецкім салдатам на фоне заняпаду

Пытаньне, чаму Расея варожа ўспрымае імкненьне Ўкраіны ў Эўропу, суразмоўцу зьбянтэжыла. Тон гутаркі абвастрыўся.

«Ды мне па барабане ваша Эўропа з Амэрыкай. Мне б грошы давалі — я б туды не паехаў! — узбуджана казаў пэнсіянэр. — Так, я згодны, на Данбасе расейскія добраахвотнікі ёсьць, дык што ж...»

«Дык трэба ж дапамагаць людзям. Там жа пакутуюць нявінны людзі», — умяшалася ў гутарку жонка суразмоўцы.

«А ці дапамагаюць танкамі?» — пытаюся ў кабеты. Тая адказвае: «А чаму ж не...»

У Жасткава. Вайны няма, заняпад ёсьць
У Жасткава. Вайны няма, заняпад ёсьць

На разьвітаньне, супакоіўшыся, суразмоўцы яшчэ раз падкрэсьлілі, што «беларусы цудоўныя людзі, і лепей за такіх суседзяў, як яны, Расеі ня трэба».

«Ды й Сырыі трэба дапамагчы, як жа бяз гэтага. Сырыйцаў жа забіваюць», — патлумачыла сваё разуменьне таго, чаму Расеі ўмяшалася ў Сырыйскую вайну, наступная суразмоўніца з Жасткава.

«Калі не дапамагчы, дык да нас уцекачы панясуцца. Вы думаеце, нам тады добра тут будзе? У мяне сямʼя сястры з Луганску жыла. Перабылі тры месяцы і назад паехалі. Расейскага грамадзянства ня сталі афармляць. У іх кватэра ў Луганску. Дзякаваць богу, не разбамбілі. Я ім цяпер не магу і пасылкі паслаць, і самой ехаць боязна...»

Рэшткі калгаснай фэрмы ў Жасткава.
Рэшткі калгаснай фэрмы ў Жасткава.

У гутарках з журналістам жыхары расейскага памежжа Браншчыны рэдка ўжывалі найменьне «беларусы» ды «расейцы». Найчасьцей замянялі іх на словы «вашы» ды «нашы». Тутэйшыя вяскоўцы сталага веку захавалі беларускую гаворку, але сваю тоеснасьць зь Беларусьсю страцілі. «У нас тут гэтак, як і ў вас», — казалі некаторыя зь іх.

Нямногія з суразмоўцаў здолелі прыгадаць, як губэрнатар Смаленшчыны Аляксей Астроўскі прапанаваў перадаць частку зямель сумежных зь Беларусьсю раёнаў вобласьці ў карыстаньне беларускім аграрыям. Той, хто ўспамінаў гэтую ініцыятыву двухгадовай даўніны, мала што мог пра яе сказаць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG