Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

За салідарнасьць з Саўчанкай караюць штрафамі


Алена Церашкова

Алена Церашкова

У Цэнтральным раённым судзе Менску праходзяць суды над удзельнікамі пікету салідарнасьці з украінскай лётчыцай Надзеяй Саўчанкай, які праходзіў 9 сакавіка каля расейскай амбасады.

Судзьдзя Вікторыя Шабуня аштрафавала за пікет на 50 базавых велічынь (10,5 млн рублёў) актывіста Сяржука Мацкойця.

Алену Церашкову аштрафавалі на 10 базавых велічынь (2,1 млн рублёў). У пікеце 9 сакавіка Алена Церашкова брала ўдзел цягам 2 гадзін. На пытаньне судзьдзі, чаму яна ўдзельнічала ў несанкцыянаванай акцыі, жанчына адказала, што як лекар добра ведае пра шкоду сухой галадоўкі, якую абвясьціла Надзея Саўчанка напярэдадні.

«Яе трэба было тэрмінова ратаваць, чакаць дазволу на пікет не было часу», — патлумачыла Алена Церашкова.

Яна распавяла, што міліцыянты ніяк яе не папярэджвалі пра незаконнасьць пікету, а адразу ўнесьлі ў нейкі сьпіс.

Сьведкі-міліцыянты казалі адваротнае: што яе папярэдзілі і яна сама адмовілася падпісваць пратакол. Адвакатка Церашковай заўважыла суду, што ў пратаколе паказаньні міліцыянтаў супадаюць слова ў слова.Таксама сьведка прызнаў, што яго апытвалі ў Цэнтральным РУУС у прысутнасьці іншага сьведкі. Гэта парушэньне закону, лічыць адвакат.

Алена Церашкова сказала пра пастанову суду: «Не чакала, што мяне апраўдаюць. Бачу, што суд крыху ўлічыў маё становішча і ня даў 50 базавых, як папярэдняму пікетоўцу, якога сёньня таксама судзілі. І ўсё ж не лічу сябе вінаватай, бо паводле Канстытуцыі мела права выказваць свае меркаваньні».

Алена Церашкова працуе лекарам у менскім шпіталі. Яна ўпершыню за год прыцягваецца да адказнасьці паводле Кодэксу аб адміністрацыйных парушэньнях. На выхаваньні ў Алены Церашковай чацьвёра непаўналетніх дзяцей: Мсьціслаў, Ганна-Казімера, Кандрат і трохгадовы Якуб.

XS
SM
MD
LG