Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У дзень дурня Анатоля Лябедзьку запрасілі ў «Клюб рэдактараў»


Анатоль Лябедзька

Анатоль Лябедзька

Старшыню Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзьку запрасілі на перадачу «Клюб рэдактараў», што выходзіць на тэлеканале «Беларусь-1».

«Атрымаў нечаканае запрашэньне на „Клюб рэдактараў“. Нават з гарантыяй (на словах) прамога эфiру. I вось зараз у роздуме, ці варта ў гэту кляаку ўлязаць. Як думаеце?!», — запытаўся на сваёй старонцы ў Фэйсбуку Лябедзька.

У размове са Свабодай палітык заявіў, што рашэньне ісьці ці не ісьці на тэлебачаньне будзе залежаць ад таго, як выкажуцца па гэтым пытаньні карыстальнікі Фэйсбука.

«Гэта вырашыцца па выніку галасаваньня ў сацыяльных сетках, і менавіта сёньня», — сказаў Лябедзька.

«Калі я дайду да прамога эфіру, то, канешне, я скажу пра новы эканамічны курс, пра структурныя рэформы, пра свабодныя сумленныя выбары, пра пэнсіянэра Аляксандра Лукашэнку і ўсё астатняе», — дадаў ён.

Тым часам за апошнія некалькі дзён Лябедзька застаўся без мабільнай сувязі і аўто. Судовыя выканаўцы наклалі арышт на яго аўтамабіль і на грашовыя сродкі на балянсе мабільнага нумара. Гэта адбылося ў сувязі зь нявыплатай Лябедзькам штрафаў за ўдзел у акцыях салідарнасьці з індывідуальнымі прадпрымальнікамі і супраць міліцэйскага гвалту ў Менску.

Акрамя таго, у суд накіравана прадстаўленьне аб часовым абмежаваньні Анатоля Лябедзькі ў праве кіраваньня транспартным сродкам. Арышт наклалі і на аўтамабіль ягонай жонкі.

«Тут усё як сьнежны ком. Што я буду рабіць у гэтай сытуацыі? Я добра разумею, у якой краіне я жыву. Я разумею, што гэта ўсё скіравана ня супраць мяне пэрсанальна, а супраць прасторы свабоды на беларускіх вуліцах. Падчас эканамічнага крызісу настроі ў грамадзтве такія, што ня сёньня-заўтра людзі могуць выказаць незадавальненьне ня толькі на кухні, але і на вуліцы. Каб гэтага не было, быў наладжаны такі канвэер, у які ўключаны і амапаўцы, і судзьдзі, і судовыя выканаўцы. Цяпер ідзе змаганьне, ці будзе прастора свабоды на вуліцы пашырацца, ці не.

Я сустракаўся з судовымі, я ўзяў на сябе пісьмовыя абавязаньні, і я буду іх прытрымлівацца. Гэта азначае, што адзін штраф я гатовы пагасіць у красавіку, другі ў траўні, потым у чэрвені. Вось гэтай лініі я буду прытрымлівацца», — сказаў Лябедзька.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG