Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Праваабаронцы не задаволеныя адказамі Ярмошынай


Лідзія Ярмошына

Лідзія Ярмошына

Прадстаўнікі кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» атрымалі з Цэнтравыбаркаму адказ, які супярэчыць ранейшым заявам старшыні ЦВК.

15 сакавіка, пасьля выніковага паседжаньня міжведамаснай экспэртнай працоўнай групы па вывучэньні рэкамэндацыяў, зробленых БДІПЧ АБСЭ па выніках прэзыдэнцкіх выбараў 2015 году, Лідзія Ярмошына заявіла, што група распрацавала свае прапановы па ўдасканаленьні выбарчага працэсу з улікам тых, што прадставіла кампанія «Праваабаронцы за свабодныя выбары».

Аднак з атрыманага праваабаронцамі паведамленьня гэтага не вынікае:

«Просім паведаміць аўтарам прапаноў, што іх меркаваньне аб магчымасьці імплемэнтаваць многія рэкамэндацыі БДІПЧ АБСЭ пры дапамозе тлумачэньняў Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзеньні рэспубліканскіх рэфэрэндумаў не грунтуецца на заканадаўстве.

Паўнамоцтвы Цэнтральнай камісіі... не дазваляюць ёй усталёўваць або зьмяняць нормы выбарчага права, чаго патрабуе большасьць рэкамэндацыяў БДІПЧ АБСЭ.

Напрыклад, рэкамэндацыя аб дэманстрацыі назіральнікам кожнага бюлетэня, прадстаўленьні ім завераных копіяў выніковых пратаколаў і іншыя», — гаворыцца ў адказе ЦВК, падпісаным Лідзіяй Ярмошынай.

Валянцін Стэфановіч

Валянцін Стэфановіч

Экспэрт кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Валянцін Стэфановіч не пагаджаецца, што гэтая прапанова супярэчыць Выбарчаму кодэксу, як сьцьвярджае Лідзія Ярмошына:

«Я б паправіў, што рэкамэндацыя БДІПЧ была не пра „дэманстрацыю назіральнікам кожнага бюлетэня“, а пра дакладнае прапісаньне працэдуры падліку галасоў — каб падлік вёўся адным сябрам камісіі і кожны бюлетэнь дэманстраваўся ўсім прысутным. У тым ліку і назіральніку. Гэта адна з асноўных рэкамэндацыяў, як нашых, так і БДІПЧ».

Валянцін Стэфановіч нагадвае, што ў Выбарчым кодэксе ўвогуле не прапісаная ніякая працэдура, таму няма чаго і казаць пра «супярэчаньні».

«Паводле адказаў ЦВК, якія мы атрымлівалі і падчас папярэдніх прэзыдэнцкіх выбараў, працэдура падліку галасоў кожнай выбарчай камісіяй вызначаецца самастойна. Зыходзячы з гэтага, мы лічым, што камісія можа прыняць пастанову, якая будзе рэкамэндаваць тую ці іншую працэдуру падліку», — удакладняе Валянцін Стэфановіч пазыцыю праваабаронцаў.

Незадаволенасьць праваабарончай кампаніі працай міжведамаснай экспэртнай групы падмацоўваецца і такой акалічнасьцю, як яе «непразрыстасьць»:

«Праца міжведамаснай групы мела закрыты, непразрысты характар. Дзе цяпер можна азнаёміцца з выпрацаванымі ёю зьменамі працэдур? Нідзе... Былі рэкамэндацыі БДІПЧ АБСЭ, урад сказаў, што гатовы іх улічыць. Але што яны ўлічылі — ня кажуць.

Усе рэкамэндацыі БДІПЧ АБСЭ павінны быць унесеныя парлямэнтам у выбарчае заканадаўства, Выбарчы кодэкс павінен быць зьменены. Калі яны лічаць, што працэдура падліку галасоў ня можа быць урэгуляваная праз пастанову ЦВК, то атрымліваецца, што парлямэнцкія выбары пройдуць як звычайна, па тых працэдурах, якія мы неаднаразова назіралі і не прызнаем празрыстымі. У такім выпадку пасьля парлямэнцкай кампаніі павінна ставіцца пытаньне аб унясеньні зьменаў у Выбарчы кодэкс», — падсумоўвае Валянцін Сіэфановіч.

Міжведамасная экспэртная працоўная група па разглядзе рэкамэндацыяў БДІПЧ АБСЭ створана пастановай ЦВК ад 12 лютага 2016 году. Выніковае паседжаньне адбылося 15 сакавіка. Як паведамляецца, выпрацаваныя групаю прапановы, якія не патрабуюць унясеньня зьменаў у заканадаўства і могуць быць ажыцьцёўленыя падчас сёлетніх парлямэнцкіх выбараў, будуць прадстаўленыя на разгляд кіраўніку дзяржавы.

XS
SM
MD
LG