Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Грузаперавозчыка выклікаюць у суд за салідарнасьць з прадпрымальнікамі


Аляксей Тужыкаў

Аляксей Тужыкаў

Пухавіцкі грузаперавозчык Аляксей Тужыкаў атрымаў позву зьявіцца 6 красавіка ў суд Маскоўскага раёну Менску. Падставай — удзел 14 сакавіка ў акцыі прадпрымальнікаў супраць прэзыдэнцкага ўказу № 222 каля Дому ўраду.

Пухавіцкі грузаперавозчык Аляксей Тужыкаў атрымаў позву зьявіцца 6 красавіка ў суд Маскоўскага раёну Менску. Падставай — удзел 14 сакавіка ў акцыі прадпрымальнікаў супраць прэзыдэнцкага ўказу № 222 ля Дому ўраду, калі спадар Тужыкаў разгарнуў плякат «Штрафы BelToll — генацыд перавозчыкаў». У выніку на яго склалі пратакол за ўдзел у «несанкцыянаванай акцыі».

У размове з карэспандэнтам Свабоды спадар Аляксей сказаў, што выйшаў на мітынг, каб, па-першае, выказаць салідарнасьць з прадпрымальнікамі, бо сам паўжыцьця быў у іх скуры; па-другое, каб заявіць пра неадэкватныя штрафы ў беларускай сыстэме платы за карыстаньне дарогамі:

«За нейкі час да таго мне прыйшоў штраф з BelToll, які я спрабаваў аспрэчыць. Але неўзабаве адчуў: няма нікай юрыдычнай магчымасьці даказаць, што я не вінаваты, а быў збой у іхняй сыстэме.

Тады я вырашыў публічна зьвярнуць увагу на праблему, якая відавочна існуе. А замест гэтага на мяне склалі пратакол».

Грузаперавозчыкі даўно наракаюць на несувымернасьць парушэньняў і спагнаньняў, якія ім выстаўляюцца. Аляксей Тужыкаў кажа, што памеры бальшыні штрафаў папросту ня ўкладваюцца ў галаве:

«Патлумачу проста. Існуе адмысловая прылада, якая мацуецца на лабавое шкло аўтамабіля. Калі праяжджаеш пад рамкамі па платнай дарозе, зь яе счытваецца інфармацыя, і з рахунку здымаецца пэўная сума. Праблема ў наступным: калі ты зайшоў нават у самы малы мінус (а ўсе мы маем мабільныя тэлефоны і ведаем, што з розных прычынаў не заўсёды пасьпяваеш папоўніць балянс), гэта цягне за сабой вялікія наступствы. У мяне адмоўны балянс быў 100 беларускіх рублёў. За гэтае парушэньне прадугледжаны штраф 260 эўра. Ну ты ж нікуды не зьбягаеш, наступным разам аплоціш, што сышоў у мінус! Але мне падаецца, што ўся сыстэма збудаваная так, каб падлавіць цябе на ўласнай няўважлівасьці. Разьлік перш-наперш на гэта».

На сёньняшні дзень сукупная запазычанасьць Аляксея Тужыкава перад BelToll наблізілася да 2 тысяч эўра. Ён згодны аплаціць толькі трэцюю частку, астатнія штрафныя санкцыі лічыць неабгрунтаванымі і надуманымі:

«Мне налічылі 9 парушэньняў агульнай сумай больш за 1900 эўра. Я згодны толькі з трыма. Справа тут вось у чым. Калі ты ідзеш у пункт папаўняць рахунак, табе кажуць: засталося, напрыклад, 50 тысяч рублёў, вы паклалі яшчэ 500 тысяч, адпаведна, стала 550 тысяч. У мяне за ўвесь час толькі аднойчы было, калі апэратар сказаў, што на рахунку мінус. А прыйшло ажно 9 штрафаў пра тое, што быў нібыта адмоўны балянс. Калі я да іх прыйшоў і запытаў, як з усім гэтым змагацца, яны адказалі — ды ніяк. Маўляў, наша сыстэма ня можа памыляцца. Да пабачэньня. Дык яны з такім жа посьпехам могуць чэк і на 100 тысяч даляраў выпісаць, арыштаваць машыну, кватэру. Усё роўна нічога не дакажаш...».

Яшчэ летась грузаперавозчыкі пачалі біць трывогу, што ад самага пачатку сыстэма BelToll працавала са збоямі: бартавыя прыстасаваньні не спрацоўвалі пры праезьдзе пад брамамі ці давалі няправільныя зьвесткі пра транспартны сродак. Але самі кіроўцы пра гэта нават не здагадваліся — паведамленьні пра «парушэньні» прыходзілі празь некалькі месяцаў, абскардзіць іх не было ніякай магчымасьці. Але выглядае, што з таго часу працу над памылкамі так ніхто і не зрабіў.

XS
SM
MD
LG