Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Касьцёл 1798 году ва Ўзьдзе выставілі на аўкцыён


Касьцёл Сьвятога крыжа
Касьцёл Сьвятога крыжа

Будынак, у якім з савецкіх часоў разьмяшчаўся Дом культуры, мае стартавую цану ў 259 млн рублёў.

Будынак 1798 году Узьдзенскага касьцёла Сьвятога крыжа, ад савецкіх часоў Дом культуры, выстаўлены на анлайн-аўкцыён з начальнай цаной у 259 з паловай мільёнаў рублёў (12,9 тысяч даляраў). Таргі пройдуць 26 красавіка, пераможца атрымае зямельны ўчастак у арэнду на 99 год, зможа вольна зьмяніць прызначэньне будынка. Верагодна, спатрэбіцца рэканструкцыя.

На факт выстаўленьня будынку на аўкцыён зьвярнуў увагу ў тым ліку мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскі:

Сяргей Харэўскі
Сяргей Харэўскі

«Касьцёл, у якім у 1843 годзе хрысьцілі Дамініка Луцэвіча, бацьку Янкі Купалы, прадаюць... Хто? Тыя, хто яго скраў у вернікаў. Сьвятакрады гандлююць нарабаваным... Вось і ўсё, што трэба ведаць пра правядзеньне „году культуры“, пра дзейнасьць „міністэрства культуры“, пра „ахоўваецца дзяржаваю“ у нашай краіне.... Зрэшты, сума невялікая, можа атрымаецца вырашыць усё ж па чалавечы? Хоць з нашымі чыноўнічкамі па людзку, бадай, не атрымаецца... Ніколі й нічога за апошнія 20 гадоў не атрымалася», — піша ён на Facebook.

Антон Астаповіч
Антон Астаповіч

У камэнтарах жа старшыня Рэспубліканскага савету Таварыства аховы помнікаў Антон Астаповіч заўважае: цікава, што будынак не перадаюць мясцовай парафіі, каталікам, і перад тым, як казаць пра «год культуры», варта высьветліць прычыну таго. Мясцовы жыхар, мастак Андрэй Лычкоўскі піша, што за старым касьцёлам, выстаўленым на продаж, збудаваны новы, а вернікаў няшмат, таму ад старога касьцёла каталікі адмовіліся. Будынак раней быў уключаны ў «Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі», але ў нейкі момант зьнікнуў са сьпісу.

«А вось лёс кальвінскага збору XV стагодзьдзя, які знаходзіцца ў пяці кілямэтрах ад Узды, даўно выклікае трывогу, — дадае Лычкоўскі. — З савецкіх часоў нічога ня робіцца. Улады з горам папалам толькі будавалі аграгарадкі і фэрмы. Усе грошы закапвалі туды. Адзінае, што крыху радуе, як аднаўляецца сядзіба Наркевіча Едкі, якая знаходзіцца таксама у уздзенскім раёне. Прыватнік з ЗША выкупіў усё і ужо адрамантаваў браму, і гэта выдатна. А прыватнікі горада Ўзды, дзякуй Аляксандру Нікітку, які ўсё арганізаваў, адрамантавалі за свае сродкі браму касьцёла Ўзды . І у нас няма такіх багатых прадпрымальнікаў, акрамя крымінальных „Эўраоптаў“. Думаю, сытуацыя ўнушае нейкі аптымізм».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG