Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС Беларусі адрэагаваў на засьцярогі Літвы наконт бясьпекі беларускай АЭС


Дзьмітры Мірончык

Дзьмітры Мірончык

«Экспэрты МАГАТЭ прыедуць у Беларусь» — заявіў Свабодзе прэсавы сакратар МЗС Беларусі, камэнтуючы заяву прэтэнзіі міністра замежных спраў Літвы.

Напярэдадні міністар замежных спраў Літвы Лінас Лінкявічус заявіў, што Літва не атрымлівае ўсіх адказаў ад Менска, зьвязаных з бясьпекай АЭС у Астраўцы. Паводле Лінкявічуса, станцыя будуецца ў 50 км. ад Вільні «без захаваньня міжнародных стандартаў бясьпекі».

Прэсавы сакратар зьнешнепалітычнага ведамства Беларусі Дзьмітры Мірончык, камэнтуючы Свабодзе гэтыя словы літоўскага міністра, у прыватнасьці адзначыў:

«Спадар Лінкявічус чамусьці ігнаруе той факт, што Беларусь афіцыйна запрасіла адпаведную місію МАГАТЭ наведаць нашу краіну. І гэтая місія Беларусь наведае, паколькі з боку міжнародных экспэртаў ёсьць прынцыповая згода на паездку. Цяпер удакладняецца час, калі экспэрты МАГАТЭ прыедуць у нашу краіну.

Я таксама хачу зьвярнуць увагу і на тое, што намесьнік міністра энэргетыкі Беларусі Міхаіл Міхадзюк на пачатку сакавіка даў вялікае інтэрвію літоўскаму выданьню Lietuvos rytas, дзе патлумачыў пазыцыю беларускага боку. Там яна грунтоўна выкладзена».

Праект будаўніцтва АЭС рэалізуецца ў вельмі адкрытым рэжыме

У гэтым інтэрвію Міхаіл Міхадзюк заявіў, што ён ня згодны зь меркаваньнем літоўскіх уладаў аб тым, што Беларусь не інфармуе іх аб ходзе будаўніцтва АЭС. Паводле яго, праект будаўніцтва АЭС рэалізуецца «ў вельмі адкрытым рэжыме», і «тыя, хто зацікаўлены ў атрыманьні інфармацыі, могуць на самай справе лёгка яе атрымаць».

Намесьнік міністра энэргетыкі ў тым інтэрвію, у прыватнасьці, казаў:

«Што ж тычыцца інфармаваньня афіцыйных органаў Літвы, то прывяду толькі некалькі фактаў. За пэрыяд з 2010 году мы восем разоў накіроўвалі ў Літву пісьмовыя адказы на пытаньні літоўскіх дзяржаўных органаў. За пэрыяд з 2012 года мы дзесяць разоў, адзін зь іх на ўзроўні прэмʼер-міністра, афіцыйна запрашалі літоўскі бок правесьці кансультацыі па Беларускай АЭС, каб абмеркаваць пытаньні, якія цікавяць літоўскі бок.

Але парадокс у тым, што літоўскі бок, на словах заяўляючы (я прыводжу цытату з інтэрвію вашага міністра энэргетыкі) „дайце нам усю інфармацыю, каб пераканацца, што будоўля ідзе па міжнародных стандартах“, насамрэч адхіліў усе нашы прапановы. Апошні раз гэта было не далей як у леташнім сьнежні».

XS
SM
MD
LG