Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новая практыка перасьледу журналістаў-фрылансераў на Гомельшчыне: дзе б ні зьмясьціў відаматэрыял — судзяць


Ларыса Шчыракова

Ларыса Шчыракова

31 сакавіка судзьдзя Гомельскага раённага суду Тамара Застаўнецкая вярнула на дапрацоўку пратакол участковага інспэктара, маёра міліцыі Дзьмітрыя Чана ў дачыненьні да журналісткі-фрылансера Ларысы Шчыраковай.

Яе вінавацілі ў парушэньні заканадаўства аб СМІ — паводле часткі 2 артыкулу 22.9 КоАП , якое нібыта выявілася ў падрыхтоўцы відэасюжэту «Барысаўская трагедыя можа паўтарыцца ў Гомелі» і разьмяшчэньні яго на сваёй старонцы ў Youtube і на мясцовы сайце «Сильные новости».

«Я не разумею, за што мяне судзяць? —даводзіла ў судзе Ларыса Шчыракова. — У пасёлку Бальшавік Гомельскага раёну жыхары двух новабудаў скардзіліся на рэгулярнае намнажэньне чаду ў дамах — яны баяліся паўтарэньня барысаўскай трагедыі, калі газам атруціліся шэсьць чалавек. Людзі стукаліся ў розныя дзяржаўныя ўстановы, але іх ня чулі. Я сапраўды езьдзіла ў пасёлак, запісала засьцярогі тамтэйшых жыхароў. Тэкст і відэасюжэт зьмясьціла ў Youtube, матэрыял надрукаваў сайт „Сильные новости“. У той жа дзень у Бальшавік прыехалі газавая служба, супрацоўнікі МНС. Непаладкі ліквідавалі. У чым я вінавата? Я маю права па Канстытуцыі зьбіраць і распаўсюджваць інфармацыю. Ніякая акрэдытацыя мне не патрэбная».

Судзьдзя Застаўнецкая заявіла, што ў адміністрацыйнай справе маецца рапарт міліцыянта аб тым, што сюжэт «Барысаўская трагедыя можа паўтарыцца ў Гомелі» быў паказаны ў эфіры спадарожнікавага тэлеканалу "Белсат«(Польшчы) і зьяўляецца яго ўласнасьцю. Вырашана было нават перайсьці ў іншую судовую залю, каб паглядзець той сюжэт на вялікім экране.

Доўга шукалі кампутар, наладжвалі шырокафарматны манітор, але нічога не атрымлівалася. Урэшце вырашылі глядзець той сюжэт праз ноўтбук, прыладжаны на падаконьніку, ды так, што прысутным у зале нічога не было бачна.

Калі «прагляд» быў скончаны, фрылансер Шчыракова паўтарыла, што не разумее — у чым яе віна? Яна зьмясьціла матэрыял у інтэрнэце і на гомельскім навінным сайце. Хто й як яго выкарыстаў пасьля, яна ня ведае. Тым больш, што ў складзеным адміністрацыйным пратаколе, які яна падпісала, няма ніякай згадкі пра «Белсат».

Пасьля гэтага судзьдзя Застаўнецкая й абвясьціла, што разгляд адміністрацыйнай справы скончаны — яна накіроўвае яе назад у Гомельскі РАУС на дапрацоўку.


Гомельскі праваабаронца, юрыст Леанід Судаленка, якога судзьдзя не дапусьціла да ўдзелу ў разглядзе адміністрацыйнай справы ў якасьці прадстаўніка Шчыраковай па даверанасьці Беларускай асацыяцыі журналістаў, так камэнтуе Службе маніторынгу ГА «БАЖ» адміністрацыйны перасьлед фрылянсераў:

«Было бачна, што Шчыракова крыху разгубілася,не разумеючы, чаму яе хочуць прыцягнуць да адказнасьці. І вельмі дрэнна, што адміністрацыйна-працэсуальнае заканадаўства ў нашай краіне пабудавана так, што судзьдзі могуць не дапускаць прадстаўнікоў тых жа журналістаў-фрылансераў у працэс, нават калі яны зьяўляюцца чальцамі адной грамадзкай арганізацыі, у дадзеным выпадку — Беларускай асацыяцыі журналістаў. Гэта супярэчыць ня толькі міжнародным абавязаньням Беларусі ў галіне захаваньня правоў і свабодаў чалавека, але й беларускай Канстытуцыі. Раяць браць адваката, паслугі якога не па кішэні многім грамадзянам зь іх цяперашнімі заробкамі. Тым часам у падобных адміністрацыйных справах, калі судзяць фрылансераў, зьяўляюцца незразумелыя рапарты міліцыянтаў, якія супярэчаць пратаколу. І фрылансераў, якія не зьяўляюцца штатнымі супрацоўнікамі замежных СМІ, штрафуюць — за працу на гэтыя замежныя мэдыі без акрэдытацыі. Во дзе парадокс! Добра, што гэтым разам судзьдзя Застаўнецкая праявіла ўвагу, не аштрафавала Шчыракову, вырашыла аддаць пратакол на дапрацоўку, хаця справу наагул трэба было закрываць».

На думку юрыста Судаленкі, улада надзвычай нэрвова рэагуе менавіта на тыя публікацыі ў СМІ, якія яна ня здольная кантраляваць. Гэта звычайная спроба схаваць праўду ад грамадзкасьці. Адсюль і перасьлед фрылансераў і шматмільённыя штрафы.

На судзе Шчыраковай у якасьці праваабаронцы прысутнічаў прадстаўнік Беларускага Хэльсінскага камітэту ў рэгіёне Віктар Адзіночанка:

«У відэасюжэце Шчыраковай з прыгараднага пасёлка Бальшавік няма ніякай палітыкі —там проста сацыяльная праблема. І вінавата там не журналіст-фрылансер, а чыноўнікі, якія не выконвалі свае службовыя абавязкі. Людзі ж скардзіліся, што чад, загазаванасьць, але ж не разьбіраліся з сытуацыяй да тае пары, пакуль гэта не набыло розгалас. Чакалі, калі гэта зьявіцца нейкі сюжэт на сайце „Сильные новости“ ці на „Белсаце“? Вось зь кім міліцыя мусіла разьбірацца, а не з журналістам-фрылансерам. Гэта яўнае парушэньне свабоды слова і беларускай Канстытуцыі».

Указаньне на перасьлед журналіста-фрылансера начальніку Гомельскага РАУСу Краўцову паступіла з УУС аблвыканкаму, дзе сказана было, што "у ходзе выручаньня відэазапісу Барысаўская трагедыя можа паўтарыцца ў Гомелі", устаноўлена было, што «ён — уласнасьць «Белсату».

XS
SM
MD
LG