Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Як актывісты АГП хадзілі да трактарнага завода ВІДЭА


Працоўныя пакідаюць завод пасьля зьмены

Працоўныя пакідаюць завод пасьля зьмены

Актывісты партыі разам са сваім лідэрам Анатолем Лябедзькам прыйшлі да МТЗ на завяршэньне працоўнай зьмены. Сотні людзей, якія пакідалі заводзкую прахадную, разабралі ўлёткі за некалькі хвілін.

Актывісты Абʼяднанай грамадзянскай партыі раздалі тысячы ўлётак працоўным Менскага трактарнага заводу. Яны прапанавалі працаўнікам МТЗ сваю праграму «За даступную і якасную мэдыцыну». А таксама ўлёткі «Дваццаць гадоў, як адзін дзень. Альбо — не замінайце руліць», прысьвечаныя тэме свабодных і справядлівых выбараў.

Актывісты партыі разам са сваім лідэрам Анатолем Лябедзькам прыйшлі да МТЗ на завяршэньне працоўнай зьмены. Сотні людзей, якія пакідалі заводзкую прахадную, разабралі ўлёткі за некалькі хвілін. Анатоль Лябедзька з нагоды акцыі сказаў:

«Гэта працяг той працы, якая распачалася яшчэ напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў. Нашая задача —заахвоціць людзей думаць. Спадзяёмся, што гэтак колькасьць удзельнікаў палітычнага працэсу стане большай».

Некаторыя працаўнікі пазнавалі Анатоля Лябедзьку, ахвотна бралі ўлёткі, але адмаўляліся размаўляць з журналістамі. Прычыну закрытасьці патлумачыў адзін з працаўнікоў заводу:

«Я ня ведаю, што ў гэтых улётках, але мяне цікавіць іншая інфармацыя пра тое, што адбываецца ў нашай краіне. Але, калі я больш нешта скажу, то мне прапануюць празь дзень ці праз два звольніцца. Усе незадаволеныя, але ўсе маўчаць. Такіх людзей вельмі шмат, якія незадаволеныя, але баяцца нешта сказаць. Нават у зьвязку з апошнім візытам прэзыдэнта на завод — на сустрэчу зь ім былі выпраўленыя прадстаўнікі інжынэрна-тэхнічнага пэрсаналу, каб лішняга не сказалі. А людзям ёсьць што сказаць: у курылках, альтанках, калідорах выказваюць паміж сабой незадаволенасьць палітыкай дзейнай улады».

На завяршэньне акцыі на пляцоўцы перад прахадной заводу зьявіліся шэсьць супрацоўнікаў міліцыі. Яны бралі ў людзей улёткі і пільна іх вывучалі. Але актывісты АГП да гэтага часу ўжо пакінулі тэрыторыю МТЗ.

Мікалай Казлоў

Мікалай Казлоў

XS
SM
MD
LG