Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Горадні прадпрымальнік судзіцца з падаткавай


Віктар Ламека, індывідуальны прадпрымальнік з Зэльвы
Віктар Ламека, індывідуальны прадпрымальнік з Зэльвы

Індывідуальны прадпрымальнік з Зэльвы Віктар Ламека дамагаецца праз гаспадарчы суд Горадні адмены рашэньняў раённай падаткавай інспэкцыі і заяўляе ў судзе, што справу супраць яго сфальсіфікавалі.

Зэльвенская раённая падаткавая інспэкцыя на падставе запыту раённай пракуратуры склала акт праверкі аб нібыта недаплачаных падатках індывідуальным прадпрымальнікам Віктарам Ламекам цягам некалькіх гадоў.

Падаткавая ўжо даналічыла Ламеку каля 70 мільёнаў рублёў недаплачаных падаткаў, арыштаваны аўтамабіль ягонай жонкі, канфіскаваны тэлевізар і мэбля. Ламека з гэтым катэгарычна ня згодзен і падаў скаргу ў гаспадарчы суд Гарадзенскай вобласьці. Сёньня адбылося падрыхтоўчае паседжаньне ў гэтай справе.

Выказваючы сваю пазыцыю, Ламека тлумачыў у судзе, што на працягу ўсёй сваёй прадпрымальніцкай дзейнасьці плаціў падаткі за выключэньнем тых выпадкаў, калі прадпрымальніцкую дзейнасьць не праводзіў. Падаткавая інспэкцыя налічыла яму дадатковыя аплаты практычна за ўвесь пэрыяд. За выключэньнем толькі тых дзён, калі не працаваў рынак і калі Ламека знаходзіўся ў Польшчы.

Ён і ягоная жонка займаюцца гандлем на мясцовым рынку прычым, на адным гандлёвым месцы і падаткі плацяць кожны сам за сябе. Ламека прадставіў суду дзесяткі дакумэнтаў за розныя гады, якія сьведчаць, што ён у пэўныя дні не праводзіў прадпрымальніцкай дзейнасьці альбо знаходзіўся за межамі краіны, у тым ліку ў Расеі. Сярод дакумэнтаў ёсьць раздрукоўка тэлефонных размоваў на роўмінгу, даведкі, што ён быў па справах у шэрагу арганізацыый і ўстаноў розных гарадоў Беларусі.

Ламека кажа, што зьвяртаўся да падаткавікоў, каб яны падалі яму пацьверджаньні, што ён у канкрэтныя дні займаўся прадпрымальніцкай дзейнасьцю, а падаткі не заплаціў. Але яны не прадаставілі ніводнага дакумэнта. Больш за тое, падобныя факты з доказамі не зафіксаваныя ў іх акце, паколькі ніякіх праверак ніхто не праводзіў і адпаведных дакумэнтаў аб парушэньнях заканадаўства не складаў.

Падаткавікі спаслаліся на тое, што акт яны складалі на падставе прадʼяўленьня раённай пракуратуры. І штрафы, маўляў, былі налічаныя па прынцыпу: калі знаходзіўся ў Зэльве, то значыцца мог і працаваць.

Паводле падаткавікоў, пракуратура нібыта рабіла праверку, апытваліся канкрэтныя людзі. Але яны нічога не патлумачылі ў судзе адносна таго, што ніводзін факт не пацьверджаны дакумэнтальна.

Ламека заявіў, што паводле беларускага заканадаўства ў судзе існуе прэзумпцыя невінаватасьці і, маўляў, ён просіць, каб падаткавая прадастаўляла доказы яго віны. А не спасылалася на тое, што ён мог працаваць, калі знаходзіўся ў Зэльве.

У судзе Ламека прасіў спыніць ягоны перасьлед з боку падаткавай інспэкцыі:

— У падаткавых інспэктаў за тыя дні, калі мне палічылі іх як правапарушэньні, адсутнічаюць адпаведныя дакумэнты суадносна з патрабаваньнямі падаткавага заканадаўства. Суд ужо павінен прыняць да ўвагі, што довады інспэктараў фіктыўныя і ня могуць зьяўляцца падставай для налічэньня фінансавых санкцый, ужо прынятых супраць мяне. Мне ўжо цяпер зразумела, што справу супраць мяне ўзбудзілі за маю актыўную грамадзянскую пазыцыю. Я неаднойчы зьвяртаўся ў раённую пракуратуру па фактах парушэньня заканадаўства ў тым ліку і падаткавай інспэкцыяй, а таксама дапамагаў іншым грамадзянам пісаць скаргі.

Даверанай асобай Віктара Ламекі ў судзе выступаў былы палітвязень Мікалай Аўтуховіч. Ён заявіў суду, што справа сфальсіфікаваная.

— Відавочна, што нават двух-трох фактаў фальсіфікацыі тых дзён, калі Ламекі не было ў краіне, а падаткавая палічыла, што ён нібыта працаваў і не плаціў падаткаў, дастаткова, каб прыпыніць справу і прыцягнуць да адказнасьці фальсіфікатараў. Ну як можна налічваць падаткі толькі таму, што чалавек знаходзіўся ў краіне, а значыцца, мог і працаваць? Што гэта за лёгіка? То тады можна скласьці адпаведныя паперы, што мог і гандляваць нечым кшталту наркотыкаў? Так выходзіць? Дык калі ён гандляваў і не заплаціў падатак, то прыйдзіце, вазьміце яго за руку, належным чынам аформіце дакумэнты. І толькі гэта потым можа быць падставай, каб яго пакараць. Сьведкі, якія нібыта давалі паказаньні ў пракуратуры, што бачылі на рынку Ламеку, пазьней прызналіся, што іх вымусілі гэта рабіць. А некаторыя людзі казалі, што не пагадзіліся гэтага рабіць. Ну але ж гэта папросту і ёсьць фальсіфікацыя.

Наступнае паседжаньне суда прызначана на 14 красавіка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG