Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навумчык: Днямі ў СМІ прайшла інфармацыя, што Дэпартамэнт дзяржбясьпекі і Другі дэпартамэнт апэратыўных службаў пры Міністэрстве абароны Літвы апублікавалі ацэнку пагроз нацыянальнай бясьпецы краіны. У дакладзе гаворыцца, што супраць Літвы працуюць тры беларускія спэцслужбы — Камітэт дзяржаўнай бясьпекі (КДБ), Галоўнае разьведвальнае ўпраўленьне Генэральнага штабу Міністэрства абароны (ГРУ) і разьведвальныя падразьдзяленьні Дзяржаўнага памежнага камітэту (ДПК).

Галоўнымі задачамі гэтых службаў зьяўляюцца замацаваньне стабільнасьці беларускай улады ўнутры краіны і падтрымка палітычных і эканамічных інтарэсаў Беларусі ў Літве і ЭЗ. Патрэбы выведкі ГРУ ў Літве ў цэлым супадаюць з інтарэсамі ваеннай выведкі Расеі, зазначаюць літоўскія аналітыкі. Дзейнічаючы супраць Літвы і іншых краін — членаў НАТО, службы вайсковай выведкі гэтых дзьвюх краін цесна супрацоўнічаюць. Вайсковая выведка Беларусі, як і КДБ, больш актыўна і агрэсіўна дзейнічае супраць Літвы на тэрыторыі Беларусі.

я ніколі ня чуў, каб у Расеі вылавілі беларускіх выведнікаў

І яшчэ. Днямі Польшча і Беларусь абмяняліся шпіёнамі. Такую інфармацыю ўдалося раскапаць журналістам польскага парталу Tvn24.pl. Такім чынам, як мы бачым, спэцслужбы Рэспублікі Беларусь даволі актыўна працуюць на заходнім накірунку, бліжэйшых суседках — каінах Эўразьвязу, зь якім апошнім часам нібыта нармалізуюцца стасункі. Можна меркаваць, што і ня толькі ў краінах суседках. Але ніякіх абнародаваных фактаў на гэты конт мы пакуль ня маем. Сама па сабе выведка ў краінах, зь якімі дэкляруюцца добрасуседзкія адносіны — справа не ўнікальная, колькі існуе выведка — столькі існуе падобная практыка. Але зьвяртаюць на сабе ўвагу два моманты. Першы — я ніколі ня чуў, каб у Расеі вылавілі беларускіх выведнікаў. Ці ў Беларусі — расейскіх. Ці ў Беларусі ў Расеі няма сваіх інтарэсаў?

І другі: магчыма, упершыню гэтак адкрыта гаворыцца, з абапіраньнем на факты, што беларускія спэцслужбы дзейнічаюць у зьвязцы з расейскімі. І па некаторых нюансах нават можна зразумець, што ня проста сумесна — а пад кіраўніцтвам. Ці лічыце вы, што беларускія спэцслужбы цалкам самастойныя і ў гэтым выпадку (і ў астатніх) выконваюць, скажам так, саюзьніцкія з расейскім бокам абавязкі — альбо яны цалкам падкантрольныя Лубянцы?

Карбалевіч: Сапраўды мы тут пачынаем гаварыць на такую тэму, якая даволі закрытая і пра якія мы можам толькі меркаваць на падставе зусім невялікай інфармацыі, якую даюць замежныя спэцслужбы. Так, ніякіх сэнсацый тут мы не ўбачылі. Супрацоўніцтва беларускіх і расейскіх спэцслужбаў на тэрыторыі Літвы — гэта ў пэўным сэнсе лягічна, паколькі фармальна Беларусь і Расея зьяўляюцца вайсковымі саюзьнікамі, а Літва — сябра НАТО, то бок патэнцыйны праціўнік. Наколькі далёка ідзе гэтае супрацоўніцтва і ці сочаць расейскія і беларускія спэцслужбы адзін за адным? І ці не працуюць адзін супраць другога? У самым пачатку 90-х гадоў у рамках СНД было заключанае пагадненьне, што спэцслужбы краін СНД не працуюць адна супраць адной. Прайшло шмат гадоў, за гэты час сытуацыя моцна памянялася. Зразумела, што такая дзейнасьць адбываецца, але фармальна такая дамова існуе.

Ці працуюць беларускія спэцслужбы ў Расеі? У Лукашэнкі ў расейскім кіраўніцтве, раней асабліва, было шмат лабістаў, прычым высокіх лабістаў. Вось вядомы факт, пра які ўзгадвае Барыс Ельцын у сваіх мэмуарах, у 1997-м годзе віцэ-прэм’ер Расеі Сыроў і памочнік прэзыдэнта Расеі Рурыкаў падставілі Ельцына і фактычна працавалі на Лукашэнку, калі падрыхтавалі дамову, якая давала магчымасьць Лукашэнка ўдзельнічаць у палітычным жыцьці і нават кіраўніцтве Расеі. І калі Ельцын даведаўся, ён адправіў гэтых чыноўнікаў у адстаўку. Таксама Селязьнёў, сьпікер Дзяржаўнай Думы, і Лужкоў, мэр Масквы, у якога былі добрыя камэрцыйныя стасункі зь Беларусьсю. Вядома, што ў Лукашэнкі ёсьць лабісты і сярод сілавых структураў, у Міністэрстве абароны. Калі ёсьць такія моцныя лабісты, то ніякай выведкі, ніякіх шпіёнаў больш не патрэбна!

У Лукашэнкі ў расейскім кіраўніцтве, раней асабліва, было шмат лабістаў, прычым высокіх лабістаў

Неяк Лукашэнка, прымаючы расейскіх журналістаў, якія кожны год наведваюць Беларусь і перад якімі ён звычайна дае 4-гадзінную прэсавую канфэрэнцыю, згадаў такі эпізод: падчас сумесных беларуска-расейскіх вучэньняў, якія адбываліся на тэрыторыі Беларусі, Лукашэнка хацеў даведацца, пра што расейскія афіцэры тут размаўляюць між сабой. І высьветлілася, што яны вельмі добра ставяцца да Беларусі, да Лукашэнкі, да тых парадкаў, якія тут існуюць і гэтак далей. То бок Лукашэнка хацеў пахвастацца, але ж між тым выдаў тайну, што іх тут праслухоўвалі і за імі тут сачылі!

Я думаю, што пасьля ўкраінскіх падзеяў Лукашэнка адчуў рэальную небясьпеку з боку Расеі апошнія два гады беларускія і спэцслужбы, і сілавыя структуры вельмі моцна дыстанцуюцца ад Расеі. У ваеннай дактрыне Беларусі адна зь небясьпекаў — гібрыдная вайна. А гібрыдная вайна — гэта тая вайна, якую вядзе Расея супраць Украіны. Цяпер беларускія спэцслужбы даволі самастойныя, і яны як адну з небясьпекаў бачаць пагрозу з боку Расеі.

Навумчык: Вы прыгадалі ўспаміны Ельцына, я прыгадаў успаміны Кебіча, дзе ён піша, як у 1994-м годзе расейскія спэцслужбы перахапілі размову старшыні Вярхоўнага Сходу Станіслава Шушкевіча і тагачаснага кіраўніка Нацыянальнага Банку Беларусі Станіслава Багданкевіча наконт аб’яднаньня беларуска-расейскіх сыстэм. Размова ішла па закрытай сувязі ў Менску, такім чынам, альбо Расея мела сваіх агентаў на вельмі высокім узроўні ў КДБ у Менску, альбо тэхнічна проста пеленгавала ўсе тыя размовы, якія нават па засакрэчанай сувязі вяліся паміж вышэйшымі дзяржаўнымі кіраўнікамі на тэрыторыі Беларусі.

  • 16x9 Image

    Сяргей Навумчык

    Сяргей Навумчык нарадзіўся ў 1961 годзе ў Паставах. Скончыў факультэт журналістыкі БДУ, служыў у войску, працаваў у віцебскай абласной газэце. Быў дэпутатам Вярхоўнага Савета Беларусі і каардынатарам парлямэнцкай апазыцыі БНФ. У 1996 годзе атрымаў палітычны прытулак у ЗША.

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG