Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасьля клясыкаў: ніжэй за клоўна, вышэй за цюленя?


 Ніл Гілевіч, Генадзь Бураўкін, Васіль Быкаў

Ніл Гілевіч, Генадзь Бураўкін, Васіль Быкаў

Роздум пасьля адыходу Ніла Гілевіча.

Навумчык: Беларусь разьвітваецца з апошнім народным паэтам. Адыходзяць тыя, хто замацаваны ў нашай сьвядомасьці як клясыкі беларускай літаратуры. Цягам апошніх гадоў сышлі Генадзь Бураўкін і Рыгор Барадулін, яшчэ раней — Янка Брыль і Васіль Быкаў. Зьмена пакаленьняў — натуральная зьява, у тым ліку і ў літаратуры. Але пытаньне — хто ідзе на зьмену?

Абламейка: У нас даволі шмат пісьменьнікаў. Я не ведаю як гэта адбываецца ў іншых краінах, але ў Беларусі традыцыйнае пісьменства — вельмі папулярная рэч. У нас, я бы сказаў, тысячы аўтараў сёньня існуюць. Іншая справа, якога кшталту гэтыя аўтары, і які яны маюць уплыў на беларускі народ? Калі мы гаворым пра аўтарытэт чалавека ў вачах народу, то трэба не забывацца, якая сёньня палітычная і мэдыяльная сытуацыі ў Беларусі. За апошнія 20 гадоў узьнікла прорва паміж прафэсійнай ці прынамсі высокай беларускай культурай і літаратурай і народам. У Беларусі засталося 80 дзяржаўных кнігарняў. Значная колькасьць пісьменьнікаў, 60-70%, належаць да недзяржаўнага Саюзу пісьменьнікаў і адпаведна ня могуць друкавацца ў дзяржаўных выданьнях. Некалькі пакаленьняў, якія ідуць за Гілевічам, творча працуюць, але людзі пра іх мала ведаюць. Я б сказаў, што сытуацыя на сёньняшні дзень выглядае такім чынам.

Навумчык: Усе вышэй названыя мной «тытаны» — і Быкаў, і Барадулін, і Гілевіч, і Бураўкін — акрамя таленту, мелі выразную грамадзянскую пазыцыю. Я сказаў бы, што і палітычную пазыцыю — прыгадаем ролю Быкава ў нацыянальным адраджэньні, увогуле ў дасягненьні незалежнасьці. Ці маюць яе тыя, хто ідзе ім на зьмену? У мяне няма сумневаў адносна Ўладзімера Арлова, напрыклад. Але вось маладзейшыя, тыя, каму 30-40 — яны падкрэсьлена дыстанцуюцца ад палітычных, ад грамадзкіх праблемаў. Альбо — папросту пасьмейваюцца з таго, з чаго б не дазволілі сабе пасьмяяцца Барадулін ці Гілевіч. «Трахацца на магілах» — напісаў адзін, «На магілах прэзыдэнтаў БНР»- дадаў другі. Я ўжо не кажу пра тое, што для некаторых «пасьцябацца» над зьдзейсьненым Народным Фронтам у пачатку 90-ых — сьвятая справа; гэта як своеасаблівы пропуск у багему.Прыходзіць маладзейшае пакаленьне, для якіх гэты грамадзкі клопат — проста пусты гук. Ці няма ў вас такога адчуваньня?

Абламейка: У мяне такое адчуваньне ёсьць адносна часткі літаратараў, бо тое, што вы назвалі, сапраўды мае месца, але далёка не правіла, не спрэс і не татальна. Вы маеце на ўвазе нейкую вузкую частку больш-менш багемнай публікі, якая цяпер на слыху ў зноў жа невялікай часткі. Калі ранейшыя аўтарытэтныя пісьменьнікі шмат ангажаваліся ў грамадзкія і палітычныя справы, дбалі пра незалежнасьць краіны, дзяржаўнасьць беларускай мовы — то трэба памятаць, што мы гаворым пра іншы час, калі пісьменьнікі гэтыя мелі іншы статус і аўтарытэт.

Цяпер, у часы Лукашэнкі, роля пісьменьніка зьведзеная на нішто, і такіх аўтараў няма, як былі раней. Гэтыя людзі сталі аўтарытэтам для беларускага народу ў іншы час. У тым ліку дзякуючы дзяржаве, якая тады існавала, і дзякуючы палітычнай сыстэме, але сёньня ў мяне не павернецца язык наракаць, што Ніл Гілевіч быў камуністам. Дзякуючы таму, што ён быў камуністам і ў пэўнай ступені быў упісаны ў герархію дзяржаўную і партыйную, яму ўдалося шмат што зрабіць. Днямі Алег Трусаў сказаў, што калі б Ніл Гілевіч толькі стварыў Таварыства беларускай мовы, то і за гэта быў бы варты ўдзячнай памяці наступных пакаленьняў і помнікаў. На маю думку, Ніл Гілевіч найперш важны тым, што найбольш спрычыніўся да Закону аб мовах 1990-га году ў Вярхоўным Савеце 11-га скліканьня. І канешне раманам «Родныя дзеці», раманам у вершах, каторы набліжаецца па сваёй значнасьці, на маю думку, да «Новай зямлі» Якуба Коласа. Народу гэтыя аўтарытэты патрэбныя. Сёньня ў нас існуе якраз праблема вось гэтага ўплыву пісьменьнікаў на людзей.

Народу гэтыя аўтарытэты патрэбныя. Сёньня ў нас існуе якраз праблема вось гэтага ўплыву пісьменьнікаў на людзей

Тыя людзі, пра якіх вы сказалі, ёсьць, гэта маладое пакаленьне, якое больш дбае пра сябе, пра самапіяр, цяпер — іншыя часы, зьявіўся інтэрнэт, сацыяльныя сеткі, але частка людзей з гэтага пакаленьня ўсё ж застаецца вернай больш грамадзянскай пазыцыі. Я маю на ўвазе 40, 50, 60-і гадовых пісьменьнікаў, да якіх належыць згаданы вамі Ўладзімер Арлоў. Я не ўспрымаю трагічна. У Быкава, Барадуліна, Бураўкіна, Гілевіча ёсьць прадаўжальнікі, толькі праблема адна: у сёньняшняй мэдыяльнай і палітычнай сытуацыі яны ня маюць магчымасьці данесьці свае погляды і быць пачутымі. Тут можна яшчэ пагаварыць пра праблему, ці патрэбныя аўтарытэты беларускаму народу.

шмат простых людзей, каму патрэбныя аўтарытэтныя аўтары, такія, як Ніл Гілевіч, які адышоў

На маю думку так, бо частка багемных літаратараў заўсёды пасьмейвалася зь Ніла Гілевіча. У яго былі апанэнты, на яго пісалі эпіграмы. Але гэта літаратурная публіка, гэта высокі ўзровень інтэлектуалаў, каторыя не блізкія да народу, але самому народу аўтарытэты вельмі патрэбныя. І я перакананы, што народ тужыць па тым, чаго не мае.

Я нядаўна ў фэйсбуку бачыў фота, як у нейкай вёсцы ці райцэнтры прымалі Пімена Панчанку. Жанчыны паднесьлі яму хлеб с сольлю і схілілі галовы, проста пакланіліся яму! А ззаду, як бы на выцяжцы, стаялі розныя чыноўнікі — то бок прымалі народнага паэта. Гэта сёньня можа ў некага выклікаць сьмех, але трэба памятаць, што ў прынцыпе людзі — розныя, шмат простых людзей, каму патрэбныя аўтарытэтныя аўтары, такія, як Ніл Гілевіч, які адышоў.

Навумчык: А з другога боку, ужо ва ўсясьветным кантэксьце, ці ня спраўджваецца прароцтва Быкава, выказанае ім ў пачатку 2000-х у інтэрвію Свабодзе, што літаратура — тая, якую мы ведаем і любім — адмірае: «Мы не разумеем адной простай рэчы. Гэтая культура скончылася. Тое, што пачынаецца цяпер у галіне культуры — не працяг, не разьвіцьцё культуры наагул. Гэта контркультура. Таму ўсе ранейшыя звычаі ў літаратуразнаўстве, ацэнкі, падыходы — усё гэта засталося ў мінулым. Цяпер, у гэтым стагодзьдзі, усё будзе іншае. І ў гэтым іншым для ранейшага няма месца. Таму і літаратуры ранейшай ня будзе, яна застанецца там, і будзе хіба для аматараў».

Быкаў меў на ўвазе, што роля пісьменьніка як «уладара думаў» — сыходзіць. І паглядзіце на колькасьць людзей, што прыходзяць на большасьць прэзэнтацый у Менску — 30, 40, рэдка калі 100 чалавек.

І пісьменьнік — ужо не «ўладар душаў». Ён пачынае займаць месца, паводле выказваньня Стэйнбэка адносна пазыцыі пісьменьніка на тагачасным Захадзе (гэта 60-ыя гады) — «крыху ніжэй за клоўна і крыху вышэй за дрэсіраванага цюленя». Мушу прызнаць, што некаторыя (агаворваюся — ня ўсе, некаторыя) прадстаўнікі маладога пакаленьня беларускіх літаратараў парупіліся, каб месца пісьменьніка было менавіта такім.

  • 16x9 Image

    Сяргей Навумчык

    Сяргей Навумчык нарадзіўся ў 1961 годзе ў Паставах. Скончыў факультэт журналістыкі БДУ, служыў у войску, працаваў у віцебскай абласной газэце. Быў дэпутатам Вярхоўнага Савета Беларусі і каардынатарам парлямэнцкай апазыцыі БНФ. У 1996 годзе атрымаў палітычны прытулак у ЗША.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG