Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жыхарам Фінляндыі будуць плаціць па 550 эўра незалежна ад занятасьці


Фінляндыя ад 2017 году запусьціць пілётны праект па безумоўнаму асноўнаму даходу грамадзян. Пра гэта паведамляе Reuters са спасылкай на міністра сацыяльнага забесьпячэньня і аховы здароўя Фінляндыі Хану Мянцюлю.

На працягу двух гадоў 10 тысяч працаздольных фінаў будуць штомесяц атрымліваць па 550 эўра, незалежна ад іх занятасьці. Гэтая сума прыкладна роўная дапамозе па беспрацоўі і ўключае ў сябе выдаткі на ежу, асабістую гігіену, адзеньне і іншыя штодзённыя выдаткі.

«Нам патрэбныя такія экспэрымэнты. Фінская сыстэма сацыяльнага забесьпячэньня сутыкнецца зь вялікімі праблемамі ў будучыні, калі мы ня зможам яе спрасьціць», — сказала агенцтву Мянцюля.

Калі экспэрымэнт будзе пасьпяховым, безумоўны даход увядуць у сыстэму сацыяльнага забесьпячэньня Фінляндыі. Мяркуецца, што безумоўны даход заменіць сыстэму сацыяльнай дапамогі.

У чэрвені сёлета рэфэрэндум аб увядзеньні безумоўнага даходу пройдзе ў Швэйцарыі. Гэта будзе першае агульнанацыянальнае галасаваньне па гэтым пытаньні ў сьвеце. Аўтары ініцыятывы «Асноўны даход» адзначаюць, што сума, якую будуць выплачваць кожнаму швэйцарцу, характарызуецца фармулёўкай «[на ўзроўні] чалавечай годнасьці». Аўтары ініцыятывы прапаноўваюць замацаваць яго на ўзроўні 2,5 тысячы швэйцарскіх франкаў у месяц (каля 2,2 тысячы эўра).

Безумоўны даход, толькі меншую суму, таксама будуць атрымліваць дзеці.

XS
SM
MD
LG