Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Казачны» палац на Жлобіншчыне атрымаў грошы ад ААН


На 18 тысяч даляраў ад ААН зьбіраюцца закупіць рарытэтную мэблю і адрадзіць парк вакол сядзібы.

Праект адраджэньня сядзібы Козел-Паклеўскіх XIX стагодзьдзя выйграў грант ААН на 18 тысяч даляраў, паведамляе «Советская Белоруссия».

Сядзіба ў стылі нэаготыкі і мадэрну ў сяле Чырвоны Бераг Жлобінскага раёну належала шляхецкаму роду Козел-Паклеўскіх, якія называлі сябе палякамі. Яна была збудаваная ў 1890–1893 гадах, амаль не пацярпела ў войнах. На тэрыторыі былі вінакурня і стайні, дзе Паклеўскія выводзілі ўласную пароду коней.

На мяжы XIX і XX стагодзьдзяў сядзіба перайшла генэрал-лейтэнанту Міхалу Гатоўскаму як пасаг за дачкой Вікенція Козел-Паплаўскага Марыяй. У 1920 годзе там разьмясьціўся Чырвонабярэжны сельскагаспадарчы тэхнікум, у гады Другой сусьветнай сядзіба выкарыстоўвалася як вайсковы шпіталь.

Рэканструкцыя галоўнага будынку пачалася яшчэ ў 1996 годзе, але вялася павольна да апошніх гадоў, адкрылася пасьля рэканструкцыі толькі ў 2015 годзе. Рэканструяваны ня толькі фасад, але і сам будынак усярэдзіне. Толькі інтэр’еры пакуль пустыя.

Менавіта таму 18 тысяч даляраў гранту ААН Жлобінскі гісторыка-краязнаўчы музэй, які ініцыяваў праект, хоча патраціць найперш на закуп рарытэтнай мэблі. Таксама грошы пойдуць на аднаўленьне вакол сядзібы парку, які ўключаны ў сьпіс помнікаў прыроды рэспубліканскага значэньня.

У сядзібе плянуецца стварыць сыстэму сэкцыяў-клюбаў па рамёствах. Ужо дзейнічаюць сэкцыі па пляценьні з лазы, вырабе лялек-абярогаў.

У верасьні, па заканчэньні рэканструкцыі, у сядзібе плянуецца правесьці этнафэстываль.

XS
SM
MD
LG