Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дырэктар віцебскай фабрыкі кажа, што жанчына, якая страціла руку на вытворчасьці, сама вінаватая


Вольга Таўпянец

Вольга Таўпянец

Дзяржаўная газэта «Віцьбічы» апублікавала рэакцыю адміністрацыі прадпрыемства «Дэлі Ост» на няшчасны выпадак з-за парушэньня правілаў бясьпекі. 30 сакавіка віцебская дзяржаўная газэта «Віцьбічы» напісала пра выпадак з Вольгай Таўпянец, якая стала інвалідам падчас працы на дрэваапрацоўчым станку.

Як пісала Свабода, 34-гадовая жанчына страціла кісьць левай рукі, працуючы на станку без інструктажу па тэхніцы бясьпекі. Так сьцьвярджае сама спадарыня Вольга, якую афармлялі на працу сартавальніцай драўніны, але ўжо назаўтра паставілі за станок з чатырма піламі.

Станок, на якім працавала Вольга

Станок, на якім працавала Вольга

12 сакавіка яна атрымала траўму: ёй раздрабіла кісьць рукі. «Віцьбічы» цытуюць іншыя СМІ, выкладаючы пазыцыю Вольгі Таўпянец, якая цьвердзіць, што адмысловага навучаньня перад працай на станках у яе не было і што пра нормы тэхнікі бясьпекі таксама не было гаворкі.

Затое газэта перадае словы дырэктара прадпрыемства «Дэлі Ост» Алега Радзевіча, які кажа, што «гатовы сесьці за стол перамоваў і надаць матэрыяльную дапамогу для лячэньня і рэабілітацыі».

Заява Вольгі Таўпянец

Заява Вольгі Таўпянец

Памераў «дапамогі» дырэктар не агучвае, і спадзяецца на тое, што «пройдзе час, і Вольга супакоіцца», бо цяпер ёй «складана аб’ектыўна ацаніць сытуацыю». Сама работніца, якая стала інвалідам у выніку траўмы, яшчэ тыдзень таму накіравала дырэктару заяву, у якой выклала свае просьбы ў сувязі зь няшчасным выпадкам. Сярод іх — кампэнсацыя фізычных стратаў у выглядзе штомесячнага заробку да часу дасягненьня пэнсійнага ўзросту, кампэнсацыя маральнай шкоды памерам адзін мільярд рублёў, кампэнсацыя лячэньня ў Нямеччыне, у тым ліку ўстаноўкі пратэза коштам 50 тысяч эўра.

Кіраўнік настойвае на тым, што Вольга Таўпянец «мусіла не падыходзіць да станка на пушачны стрэл», калі яна працуе сартавальніцай. Але сама работніца казала Радыё Свабода, што ня мела магчымасьці ўхіліцца ад распараджэньня майстра, які накіраваў яе працаваць на станку, бо інакш магла б страціць працу, якую перад тым шукала 7 месяцаў.

Родная сястра Вольгі, Алена Селязнёва, разгарнула кампанію па падтрымцы сястры ў сацыяльных сетках.«Укантакце» створаная адмысловая група для тых, хто гатовы матэрыяльна дапамагчы пацярпелай — ахвяраваць грошы на лячэньне і пратэзаваньне рукі.

Сёстры Алена і Вольга

Сёстры Алена і Вольга

Цяпер Вольга Таўпянец на бальнічным — прадпрыемства налічыла ёй аплату за часовую недзеяздольнасьць памерам паўтара мільёны рублёў. Гэтыя грошы яна атрымае толькі 5 красавіка — у дзень заробку на «Дэлі Ост». Яе муж часова беспрацоўны: езьдзіў на заробкі ў Расею, мусіў зьехаць зноў у наступным месяцы, але ня можа пакінуць жонку адну ў такім стане. Вольга таксама шукае працу — такую, зь якой можа цяпер справіцца, але пакуль пошукі безвыніковыя.

XS
SM
MD
LG