Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польшча і Беларусь абмяняліся шпіёнамі 


Такую інфармацыю ўдалося раскапаць журналістам польскага парталу Tvn24.pl.

Паводле журналістаў, перамовы цягнуліся ад сярэдзіны леташняга году, але абвінавачаны ў шпіянажы на тэрыторыі Беларусі польскі вайсковец вярнуўся ў Польшчу толькі сёлета ў лютым. Была праведзеная складаная апэрацыя, у якую былі ўцягнутыя дыпляматы і спэцслужбы.

Справа Сяргея Г.

Польскі капітан 18-га разьведвальнага палка ў Беластоку быў затрыманы беларускімі спэцслужбамі ў леташнім траўні ў Берасьці. Праз два дні ён пачуў прысуд — сем гадоў пазбаўленьня волі за шпіянаж. Беларускія спэцслужбы сьцьвярджалі, што маюць доказы ягонай шпіёнскай дзейнасьці. Але крыніцы TVN24 сьцьвярджаюць, што гэта непраўдзівая інфармацыя.

Апэрацыя па вызваленьні капітана праходзіла праз дыпляматычныя, юрыдычныя і каналы спэцслужбаў. У МЗС Польшчы, на чале якога тады стаяў Гжэгаж Схетына, была створана каардынацыйная група, якая ўзяла на сябе дыпляматычныя крокі. У працы групы ўдзельнічаў дарадца пасольства Польшчы ў Горадні ў той час Марэк Пэндзіха. Акрамя таго, урад Польшчы вырашыў, што гэтым пытаньнем будзе займацца служба вайсковай контрразьведкі.

У якасьці ўмовы вызваленьня польскага капітана беларускі бок назваў вяртаньне ў Мінск Сяргея Г., былога віцэ-консула адной зь беларускіх устаноў у Польшчы, які патрапіў у турму ў 2015 годзе.

Г. Нібыта спрабаваў схіліць да шпіёнскай дзейнасьці студэнта зь Беларусі, які і паведаміў пра гэта Агенцтву ўнутранай бясьпекі (ABW).

Ці памілаваў беларуса Анджэй Дуда?

У чэрвені кіраўніцтва прыняў на сябе каардынатар спэцслужбаў Марэк Бярнацкі.

Падчас перамоваў зь Беларусьсю стала ясна, што польскаму капітану давядзецца адбыць за кратамі той жа тэрмін, які правёў у Польшчы Сяргей Г. Інакш было б парушана польскае заканадаўства. Такім чынам, сталі разглядацца дзьве магчымасьці — памілаваць Сяргея Г. ад імя прэзыдэнта Дуды або перакваліфікаваць абвінавачваньне так, каб той мог неўзабаве выйсьці на волю.

Перакваліфікацыя была найпрасьцейшым спосабам вырашэньня праблемы.

Плян быў узгоднены зь Генэральным пракурорам, дзяржаўным абвінаваўцам і судом у Катавіцах. Беларус падаў адпаведнае прашэньне — і суд першай інстанцыі вынес рашэньне аб мінімальным тэрміне, у які ўвайшоў час, праведзены Сяргеем Г. у зьняволеньні.

Сяргей Г. быў перададзены Беларусі восеньню 2015 году. Але польскі капітан чакаў вызваленьня яшчэ некалькі месяцаў, хоць падчас візыту міністра Бярнацкага ў Беларусь, беларускія ўлады паабяцалі, што неўзабаве ўсё будзе даведзена да канца.

Толькі ўмяшаньне сям’і вырашыла пытаньне

Пасьля перамогі «Права і Справядлівасьці» справа застыла на месцы.

— Беларусы імкнуліся вытаргаваць больш, карыстаючыся блытанінай у сувязі з палітычнымі пераменамі ў Польшчы. Яны сталі патрабаваць вызваленьня яшчэ аднаго зьняволенага, — паведамляе ананімная крыніца TVN24.

Са службай контрразьведкі зьвязалася сям’я польскага капітана, які знаходзіўся ў беларускай турме. Але ў той час адбываліся кадравыя перамены і ніхто ня быў у курсе абмену абвінавачаных у шпіянажы. І толькі зварот Марэка Бярнацкага да каардынатара спэцслужбаў Марыюша Камінскага штурхнула справу наперад.

Камінскі і шэф Агенцтва ўнутранай бясьпекі Пётр Паганоўскі прыступілі да перамоваў, і ўрэшце Аляксандр Лукашэнка памілаваў польскага капітана, а беларускія спэцслужбы даставілі яго на мяжу ўжо ў лютым.

XS
SM
MD
LG