Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Статкевіч адмаўляецца выплаціць 22,5 мільёна штрафаў


Мікола Статкевіч

Мікола Статкевіч

Былога палітвязьня і экс-кандыдата ў прэзыдэнты Міколу Статкевіча 29 сакавіка выклікалі ў Ленінскі РУУС Менску. Там яго чакалі ня толькі супрацоўнікі райаддзелу міліцыі, але і судовыя выканаўцы.

Як паведамляе сайт palitviazni.info, зьвязана гэта з тым, што за ўдзел у вулічных акцыях палітыку прысудзілі некалькі штрафаў, якія ён да гэтага часу не сплаціў.

«Я знаходжуся пад прафіляктычным наглядам і абавязаны зьяўляцца ў аддзел міліцыі па выкліках, — сказаў Мікола Статкевіч. — Мусіў прыйсьці туды, а там ужо чакалі судовыя выканаўцы — загадчыца сэктару выкананьня пакараньняў Ленінскага раёну Ліплянін К.В. і нейкі мужчына, які здымаў усё на відэакамэру. Высьветлілася, што судовыя выканаўцы хочуць паразмаўляць са мной. Шчыра кажучы, я прагназаваў такое разьвіцьцё падзей, а таму прыйшоў у аддзел разам з жонкай і наборам дакумэнтаў, які паказвае, што ў мяне ніякай маёмасьці няма».

Міколу Статкевічу прапанавалі расьпісацца за тое, што ў яго ёсьць тры штрафы агульнай сумай 25,2 мільёна, каб было зафіксавана, што такая папера яму ўручана. Аднак палітык заявіў, што без кансультацыяў з адвакатам нічога падпісваць ня будзе. На што выканаўцы адказалі пагрозай — Статкевічу могуць адключыць мабільную сувязь, забароняць карыстацца аўто і выяжджаць за межы краіны.

«Акрамя таго, яны будуць прымаць нейкае судовае рашэньне, каб зайсьці ў дом, дзе я цяпер жыву. А гэты дом належаў бацькам Марыны Адамовіч, там жыве яе сын, але няма маёй маёмасьці. Я там нават не зарэгістраваны. Сытуацыя ўвогуле дзікунская! Я нават сказаў, што ў выпадку чаго магу там і ня жыць. Скажу, што нідзе не жыву — і шукайце па Беларусі».

Палітык падкрэсьліў, што выплочваць штрафы не зьбіраецца:

«У іх ёсьць легальная магчымасьць атрымаць свае штрафы — вылічваць грошы з маёй вайсковай пэнсіі. Але, відаць, такі варыянт іх не задавальняе. Тады няхай паказваюць усяму сьвету і сваім новым сябрам, якая ў Беларусі лібэралізацыя. А я не магу плаціць, бо не лічу сябе вінаватым. І, паўтаруся, ніякай маёмасьці ў мяне няма. Няхай вылузваюцца як хочуць, але на „панты“ мяне ня возьмеш.

Сьмешна палохаць чалавека, які чатыры гады правёў у камэры, забаронай выезду за мяжу».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG