Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Калі я ехаў на працу ў «Гродзенскую праўду», мне было вядома, што горад калісьці лічыўся другой сталіцай БНР. Але для большасьці тутэйшых жыхароў гэта быў цёмны лес.

Чалавеку важна на нешта абапірацца, мне ў тыя часы пагатоў. На сваё, беларускае. Пра БНР, калі мы былі студэнтамі, цікаўны мог даведацца з прапагандысцкіх кніжак. Яе называлі неіснуючай рэспублікай, фантомам. З другога боку, так ганілі, быццам уяўляла некалі вялікую небясьпеку для Масквы.

Прапаганда супраць няўдалай рэспублікі ў БССР праводзілася, зразумела, з пазыцый маскоўскіх бальшавікоў. Дзяржава-фантом. А хто яе такой зрабіў? Вы! Уласна кажучы, выходзіла, што захопнік пісаў пра ахвяру… І такая яна нягеглая была, і крывавусная, і кульгавая. І на зямлю беларускую ня мела ніякага права. Галоўны аргумэнт: узьнікла пры немцах! Але пры вас, бальшавіках не было шанцаў. Аднак на гэтым не засяроджваліся.

БНР блыталася пад нагамі. Была для ўсіх лішняй, непатрэбнай. Няцяжка зразумець, чаму сёньня РБ не дэмакратычная і па духу не беларуская. Наколькі мудрэй было, напрыклад, для польскага боку тады ня мець мяжы з бальшавіцкай Расеяй, а каб існавала няхай буфэрная БНР. Але гэтаму не наканавана было быць.

Другая сталіца БНР. Гучыць, канечне, даволі салідна. Але толькі звонку. Пакуль не бярэсься чытаць — што і як было насамрэч. 27 сьнежня 1918-га ўрад БНР прыехаў у Горадню зь Вільні, куды ўцёк з Менску ад прыходу бальшавікоў. Калі яны сталі набліжацца да Вільні, давялося сесьці ў халодны вагон з выбітымі шыбамі, каб трапіць у Горадню. Гэта былі ўцёкі.

Прыехалі, сталі радзіцца з паплечнікамі: што рабіць далей? Мэтай было паслаць сваё прадстаўніцтва на мірную канфэрэнцыю ў Парыж. Але не было грошай. У Горадні жылі ў гатэлі, улады над горадам урад БНР, зразумела, ня меў. Яе хутчэй імкнулася наладзіць міністэрства беларускіх спраў Літвы. Тады ў горадзе былі немцы, якія рыхтаваліся горад пакінуць. Толькі дзякуючы такому становішчу для беларускіх арганізацый існавала магчымасьць дзейнічаць, наколькі ім дазвалялі сілы. Вядома, што моцныя пазыцыі ў горадзе мелі польскія арганізацыі, яны рыхтавалі далучэньне Горадні да Польшчы.

Старшыня ўраду Антон Луцкевіч у Горадні ня меў падстаў для аптымізму. Калі не знайсьці ў сьціслыя тэрміны грошай для паездкі ў Парыж, то хоць вяртайся назад у Вільню. На культурную ніву. Бяз грошай рабіць вялікую палітыку шанцаў няма. Ён канстатуе, што ў цяперашняй сытуацыі патрэбныя новыя людзі, з моцнымі локцямі і кулакамі.

Тым ня менш, знаходжаньне ў горадзе ўраду БНР было пэўным фактам, на які нельга было не зважаць. Тым жа палякам, пакуль яны не ажыцьцяўлялі тут сваёй улады. Былі станоўчыя моманты і для самога Луцкевіч, і для яго паплечнікаў. Беларуская палітыка на той момант сапраўды рабілася тут. Было нацыянальнае жыцьцё: сходы, вечарыны. Але сваю лінію мусіла гнуць міністэрства беларускіх спраў Літвы. Хаця і яно ня мела вялікіх уплываў. Увогуле такіх прыежджых палітыкаў называлі людзьмі з гатэлю, дзе яны звычайна пражывалі. Усё рухалася няўхільна да таго, што горад будзе ў польскіх руках.

Луцкевіч, прабыўшы ў Горадні менш за два месяцы і не дачакаўшыся станоўчых навін, мусіў вяртацца ў Вільню. Гісторык Андрэй Чарнякевіч падсумоўвае: вынікам яго побыту стала нататка ў газэце аб тым, што ў Горадні існуе беларускае жыцьцё. Можна пачуць беларускую мову, убачыць надрукаваныя на ёй абвесткі.

Аднак пасьля яго ад’езду стала вядома, што грошы пазычыў украінскі ўрад. Луцкевіч вяртаецца назад, каб неўзабаве правесьці ў Горадні пасяджэньне ўраду БНР. Цяпер на кароткі час палітычнае жыцьцё выглядала больш аптымістычным. Пачалі будаваць пляны, як стварыць у горадзе свае органы ўлады. Але гэта не ўдалося. Чым далей потым, усё выглядала тут больш дэпрэсіўна.

Цяпер усё часьцей выкарыстоўваюць паняцьце failed states — дзяржавы, якія не адбыліся. Звычайна маюцца на ўвазе краіны, дзе ўрад страціў палітычную ўладу і кантроль над тэрыторыяй. Але нам вядома, што бывалі выпадкі, калі ўладу наладзіць так і ня выйшла. Такой была, на жаль, БНР.

Аднак хоць і было ўсё ў Горадні, можна сказаць, не па-сапраўднаму, аднак сам факт абвяшчэньня БНР дапамог потым у заснаваньні БССР. Гэта сёньня прызнаюць і некаторыя людзі з уладнага боку.

У гэтым доме (цяпер на вуліцы Савецкай) бывалі пасяджэньні ўраду БНР

У гэтым доме (цяпер на вуліцы Савецкай) бывалі пасяджэньні ўраду БНР

Былы гатэль «Раяль» на вуліцы Гараднічанскай, дзе спыняліся некаторыя беларускія палітыкі

Былы гатэль «Раяль» на вуліцы Гараднічанскай, дзе спыняліся некаторыя беларускія палітыкі

Будынак (цяпер на вуліцы Леніна), дзе было міністэрства беларускіх спраў Літвы

Будынак (цяпер на вуліцы Леніна), дзе было міністэрства беларускіх спраў Літвы

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG