Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня, 30 сакавіка : Прадстаўнік Пэнтагону сустракаецца з Лукашэнкам, прэм’ера купалаўскай «Малітвы»


Алег Молчас пасьля суду з нагоды аўтарскага права на песьню "Малітва"

Алег Молчас пасьля суду з нагоды аўтарскага права на песьню "Малітва"

Падзеі дня ў Беларусі, сьвеце, гісторыі.

Прадстаўнік міністэрства абароны ЗША Майкл Карпэнтэр мае заплянаваную сустрэчу з кіраўніком Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам, дзе будуць абмяркоўвацца «пытаньні рэгіянальнай і эўрапейскай бясьпекі».

У сельсавеце пасёлку Чысьць выязны прыём грамадзян правядзе начальнік маладзечанскага РАУС Валянцін Асіповіч (пачатак а 16-й).

Аўтарскі канцэрт кампазытара Алега Молчана пройдзе ў Белдзяржфілярмоніі. На ім адбудзецца прэм’ера песеннага цыклю «Малітва» на словы Янкі Купалы (пачатак а19-й).

Паэтка Валянціна Аксак ў прасторы «Кніжная шафа» прадставіць сваю кнігу вершаў «Дзікая сьліва». Спэцыяльны госьць — гурт «Ў нескладовае» . (Менск, пр. Дзяржынскага, 9, пачатак у 19.00).

Творчая сустрэча з нагоды 40 гадоў творчай дзейнасьці скульптара Ўладзіміра Церабуна пройдзе ў сталічнай кнігарні «Галіяфы» (вул. Старавіленская, 6, пачатак а 19-й).

У гісторыі

1971 — Леанід Брэжнеў у дакладзе на зьезьдзе абвясьціў пра стварэньне новай гістарычнай супольнасьці — савецкага народа.

1974 — у Радашкавічах заснаваны завод мастацкай керамікі.

1995 — Аляксандр Лукашэнка афіцыйна ўнёс у Вярхоўны Савет прапанову правесьці рэфэрэндум аб зьмене дзяржаўнай сымболікі, скасаваньня статусу беларускай мовы як адзінай дзяржаўнай, праве прэзыдэнта распускаць парлямэнт і аб інтэграцыі з Расеяй.

2006 — у Варшаве падпісаная Дэклярацыі аб стварэньні фонду дапамогі беларускім студэнтам імя Кастуся Каліноўскага. Акрамя адзінага апазыцыйнага кандыдата на выбарах прэзыдэнта (2006) Аляксандра Мілінкевіча і прэм’ер-міністра Польшчы Казімежа Марцінкевіча Дэклярацыю адпісалі рэктары Варшаўскага, Кракаўскага, Познаньскага унівэрсытэтаў ды шэрагу іншых вядучых ВНУ Польшчы.

У памяці

1746 — нарадзіўся Францыска Гоя, гішпанскі мастак.

1888 — нарадзіўся Ян Цеханоўскі, нацыянальны дзеяч Заходняй Беларусі, пэдагог, першы дырэктар Наваградзкай беларускай гімназіі. Гімназія ўзьнікла ў 1919 годзе і была закрытая польскімі ўладамі ў 1934-м. Навучаньне ў гімназіі было ўзноўленае ў 1939 годзе пасьля далучэньня Заходняй Беларусі да СССР, працягвалася таксама і пад нямецкай акупацыяй, да лета 1944 году.

​1940 — нарадзіўся Аляксей Марачкін, мастак і грамадзкі дзеяч (у пашпарце дзень народзінаў пазначаны 10 сакавіка).

1956 — нарадзілася Хрысьціна Лялько, беларуская пісьменьніца.

Цытата

«Прэзыдэнт павінен імкнуцца аб’ядноўваць нацыю і ўмацоўваць дзяржаўныя інстытуты. Выходзячы з ініцыятывай рэфэрэндуму па ўнесеных чатырох пытаньнях ён робіць усё наадварот. Сёньня па Канстытуцыі і па законе беларуская мова зьяўляецца дзяржаўнай. Але ж ні прэзыдэнт, ні яго адміністрацыя і „вэртыкаль“, ні Кабінэт міністраў, ні дырэктарскі корпус, ні дзяржаўныя служачыя не карыстаюцца дзяржаўнай мовай пры выкананьні сваіх дзяржаўных і службовых абавязкаў. І калі яшчэ нядаўна дзяржаўныя служачыя неяк імкнуліся авалодаць мовай, арганізоўвалі курсы, то са зьяўленьнем на найвышэйшай пасадзе Лукашэнкі ўсе гэтыя хілыя парасткі нацыянальнага Адраджэньня былі растаптаныя».

Выступ на сэсіі Вярхоўнага Савета дэпутата Апазыцыі БНФ Мікалая Крыжаноўскага, сакавік 1995 (паводле кнігі Сяргея Навумчыка «Дзевяноста пяты»).

XS
SM
MD
LG