Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Пустацелая звышдзяржава»


Васковая фігура Ўладзіміра Пуціна ў музеі сэрбскага гораду Ягоціна
Васковая фігура Ўладзіміра Пуціна ў музеі сэрбскага гораду Ягоціна

Палітоляг Эндру Фоксал — пра расейскую зьнешнюю палітыку, разьлічаную на ўнутранае спажываньне.

Часопіс «Эканаміст» у сваім сакавіцкім выпуску апублікаваў артыкул пад загалоўкам «Пустацелая звышдзяржава». Артыкул пачынаецца такой фразай: «Ня дайце падмануць сябе Сырыяй. Зьнешняя палітыка народжаная слабасьцю і прызначана для тэлебачаньня». Спробы прэзыдэнта Пуціна прадставіць Расею новай звышдзяржавай, сьцьвярджае часопіс, — чыстай вады блеф, не падмацаваны ні эканамічнай, ні вайсковай магутнасьцю. Усе яго зьнешнепалітычныя авантуры, піша «Эканаміст», — ня больш чым папуліскія прапагандысцкія жэсты, разьлічаныя на ўнутранае спажываньне.

Адзін з вядучых брытанскіх адмыслоўцаў па Расеі, дырэктар Цэнтру расейскіх дасьледаваньняў Таварыства Генры Джэксана, палітоляг Эндру Фоксал ў інтэрвію карэспандэнту Радыё Свабода Натальлі Галіцынай аналізуе зьнешнюю палітыку Расеі.

— Для мяне відавочна, што з моманту, калі прэзыдэнт Пуцін вярнуўся на прэзыдэнцкую пасаду ў 2012 годзе, ніводнае ягонае эканамічнае або палітычнае пачынаньне ўнутры краіны не магло прыняць легітымнасьці і народнага ўхваленьня бяз посьпехаў у зьнешняй палітыцы. Расейская зьнешняя палітыка цалкам абумоўлена ўнутранай неабходнасьцю і фарміруецца на яе падмурку. Без анэксіі Крыма, без ўварваньня ва ўсходнюю Ўкраіну, без ваеннага ўмяшаньня ў Сырыі, без зімовых Алімпійскіх гульняў у Сочы ў 2014 годзе, без правядзеньня чэмпіянату сьвету па футболе ў 2018 годзе прэзыдэнт Пуцін не атрымаў бы такога высокага рэйтынгу і не знайшоў сабе б неабходнай легітымнасьці для рэалізацыі сваёй унутранай палітыкі.

Расейская эканоміка знаходзіцца ў глыбокай рэцэсіі з канца 2013 года, прычым гэтая рэцэсія толькі часткова абумоўленая заходнімі санкцыямі. Гэта зрабілася свайго кшталту каталізатарам зьнешнепалітычных авантураў. У значнай ступені зьнешняя палітыка Масквы разьлічаная на тэлевізійную прапаганду, якая вызначае палітычны клімат у краіне і фармуе падтрымку прэзыдэнта Пуціна. Нават пралікі і памылкі ў зьнешняй палітыцы апошніх гадоў замоўчваліся або падаваліся як перамогі расейскай телепрапагандай. Перакананы, што зьнешняя палітыка Крамля вызначаецца перш за ўсё яго слабасьцю на ўнутраным фронце.

— Ці ёсьць у Ўладзіміра Пуціна нейкі стратэгічны плян у зьнешняй палітыцы альбо рашэньні прымаюцца спантанна?

— Ня думаю, што нейкая доўгатэрміновая стратэгія ў Пуціна ёсьць. Хутчэй за ўсё, справа абмяжоўваецца сэрыяй асобных мэтаў і тактычных задачаў. Расейская зьнешняя палітыка накіравана ня столькі на тое, каб выставіць Расею ў лепшым сьвятле, колькі на тое, каб прадставіць Захад слабым і некампэтэнтным. Пуцін імкнецца зьвесьці Захад да расейскага ўзроўню, а не прыўзьняць Расею да ўзроўню Захаду. На гэтым будуецца расейская зьнешняя палітыка, якая накіравана перш за ўсё на падрыў заходніх маральных каштоўнасьцяў, яго дэмакратычнай сыстэмы, яго зьнешняй палітыкі. Робячы гэта, Крэмль тым самым умацоўвае ўладу прэзыдэнта Пуціна і гарантуе бясьпеку яго нешматлікаму вузкаму колу.

— Вам не здаецца, што зьнешнепалітычная стратэгія Пуціна ўключае таксама імкненьне кантраляваць увесь постсавецкі рэгіён, ператварыць яго ў зону расейскага ўплыву?

— Зьнешняя палітыка прэзыдэнта Пуціна, без сумневу, накіраваная на здабыцьцё ці, больш дакладна, аднаўленьне ўплыву на ўсёй тэрыторыі былога Савецкага Саюза. Гаворка, праўда, не ідзе аб тэрытарыяльным кантролі, хутчэй за аб палітычным і эканамічным уплыве ў былых рэспубліках СССР. Вынікам гэтага зьявіліся, у прыватнасьці, вайна з Грузіяй у 2008 годзе і нядаўняя інтэрвэнцыя на ўсходзе Ўкраіны ў 2014 годзе.

— Тым ня менш вы згодныя з заходнімі аналітыкамі, якія сьцьвярджаюць, што зьнешнепалітычная тактыка Пуціна спрацоўвае?

— Такія камэнтары гучаць галоўным чынам з нагоды расейскага ўмяшаньня ў грамадзянскую вайну ў Сырыі. Калі мы праігнаруем заявы Пуціна і расейскай прапаганды, што ваенная акцыя ў Сырыі накіравана на ліквідацыю «Ісламскай дзяржавы», і разгледзім, чым у рэальнасьці зрабілася расейская інтэрвэнцыя, дык выявім, што гэтая яе зьнешнепалітычная акцыя апынуліся пасьпяховай выключна для яе самой. Чаго Расея дамаглася ў Сырыі? Перш за ўсё ўмацаваньня ўласнай ваеннага прысутнасьці там: разам з базамі савецкіх часоў паўстала ваенная база ў Латакіі.

Акрамя таго, ўмяшаньне Расеі ў сырыйскі канфлікт рэзка схіліў хаду ваенных дзеяньняў на карысьць прэзыдэнта Асада. Гэта таксама спрыяла зьмене пазыцыі Захаду ў дачыненьні да Сырыі. Цяпер там кажуць ўжо не пра дзяржаўны пераварот рэжыму Асада, а пра палітычны пераходзе ўлады, у якой прэзыдэнт Асад будзе ці ня будзе адным з асноўных гульцоў. У выніку Расія ў вялікай ступені зьмякчыла сваю міжнародную ізаляцыю, ператварыўшыся ў аднаго з удзельнікаў абмеркаваньня будучыні Сырыі, якая цяпер ня можа вырашацца без яе. Масква не дамаглася афіцыйна абвешчанай мэты зьнішчыць «Ісламскую дзяржаву», але атрымала выгадныя толькі для яе самой палітычныя дывідэнды.

Цалкам інтэрвію чытаць тут.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG