Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Што азначае заява Аляксандра Лукашэнкі, што сёлетнія парлямэнцкія выбары павінны прайсьці без «гульні ў якуюсьці незразумелую дэмакратыю»? Як гэтая заява стасуецца са словамі кіраўніка Беларусі пра дэмакратыю, сказанымі кіраўніку польскага МЗС? Ці ёсьць шанцы ў апазыцыі патрапіць у палату прадстаўнікоў?

Абмяркоўваюць: Віталь Цыганкоў, Валер Карбалевіч, Юры Дракахруст.


Цыганкоў: «У новы парлямэнт павінны прыйсьці актыўныя, падрыхтаваныя людзі, якія змогуць вырашаць праблемы сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця краіны», — заявіў Аляксандр Лукашэнка 28 сакавіка на сустрэчы са старшынём палаты прадстаўнікоў Уладзімерам Андрэйчанкам. «Гэтая праца — на дзяржаву, і ў дадзеным выпадку няма патрэбы гуляць у нейкую незразумелую дэмакратыю», — гэта, бадай, самыя галоўныя словы Лукашэнкі. З гэтага павінна быць максымальна зразумела, якімі павінны быць выбары ў палату прадстаўнікоў.

Перш за ўсё, на фоне геапалітычных зьменаў, прыезду ў Менск эўрапейскіх палітыкаў, зьняцьця санкцый, Лукашэнка зараз значна менш баіцца Захаду. У прэсе даволі яскрава прагучала фраза міністра замежных справаў Польшчы Вітальда Вашчыкоўскага, што Захад не зьбіраецца рабіць у Беларусі Майдан, выступае за эвалюцыю, а не за рэвалюцыю. Ці паверыў польскаму міністру Аляксандар Лукашэнка? Магчыма, ня так ён і схільны верыць, але ўсе дзеяньні Захаду апошніх гадоў якраз пераконваюць у тым.

На фоне геапалітычных зьменаў, прыезду ў Менск эўрапейскіх палітыкаў, зьняцьця санкцый, Лукашэнка зараз значна менш баіцца Захаду.


Па-першае, зьменшылася падтрымка палітычнай часткі апазыцыі, і гэта адзначаюць усе. Відавочна, што Захад расчараваны гэтай падтрымкай і перанакіроўвае яе на грамадзянскую супольнасьць, але ня так актыўна. Ён не спадзяецца ў бліжэйшыя гады на кардынальныя палітычныя зьмены, больш за тое, ня робіць на іх стаўку. Таму Лукашэнка зразумеў, што Захад ня будзе моцна пратэставаць супраць звычайнага ў Беларусі правядзеньня парлямэнцкіх выбараў.

Зь іншага боку, у афіцыйнага Менску ёсьць разуменьне, што як ні старайся, усё роўна Захад не прызнае выбары дэмакратычнымі. Каб прызнаў, трэба ўсё кардынальна зьмяніць, а гэта афіцыйны Менск рабіць не зьбіраецца. Ну, а тыя касмэтычныя зьмены, якія праводзіліся на мінулых выбарах, відавочна не мяняюць галоўны падыход. Дык навошта надрывацца?

Так што Лукашэнка зразумеў, што лепш выбары праводзіць па-старому, у такім выпадку ён ні мінусаў, ні вялікіх плюсаў не атрымае. Гэтыя словы Лукашэнкі ставяць кропку ў такім гіпатэтычным пытаньні, якое ставілі аналітыкі, ці прапусьцяць у палату прадстаўнікоў апазыцыянэраў? Ніякай нават намінальнай колькасьці прадстаўнікоў апазыцыі туды не прапусьцяць. Так што палітычныя сілы, якія спадзяваліся, што іх прадстаўнікі акажуцца ў палаце, асабліва гэта кампанія «Гавары праўду», зараз па-іншаму павінны паглядзець на гэтую пэрспэктыву.

Дракахруст: Я падкрэсьлю: Лукашэнка сказаў, што ня трэба гуляць у дэмакратыю. А тая схема, якая прадугледжвае праход прадстаўнікоў «Гавары праўду» у парлямэнт, слаба зьвязаная з дэмакратыяй. Гэта проста будзе пэўнае рашэньне, таму я не выключае, што яно можа быць.

За тое, што былі зьнятыя санкцыі, гледзячы па ўсім, Лукашэнка больш плаціць ня хоча. За нешта новае — можа быць.


Але вяртаючыся да лёгікі беларускай улады, я яе разумею наступным чынам: мы, маўляў, і так шмат зрабілі, палітвязьняў вызвалілі, дэманстрацыі па Менску ходзяць, нікога не хапаюць, у турму не саджаюць — што вам яшчэ трэба? Цяжка сказаць, наколькі Аляксандар Лукашэнка тут канцэптуальны, але ён паказвае, што саступкі могуць быць у сфэры грамадзянскіх правоў — вось можна выпусьціць людзей з турмы, вось можна даць маніфэставаць без затрыманьняў і пасадак, але што тычыцца палітычных правоў, права на ўладу — гэта ўлада лічыць сваёй выключнай прэрагатывай і гэта яна аддасьць у апошні момант.

Аднак ня выключана, што гэтая заява, што ня будзе ніякай дэмакратыі — гэта пазыцыя запыту на перамовах з Захадам, якія ўжо ва ўмовах нармалізацыі працягваюцца. Ідуць перамовы пра крэдыты ад Эўрапейскага банку рэканструкцыі і разьвіцьця, ад МВФ, пра іншыя даброты. І Лукашэнка гаворыць: вось мая пазыцыя, я яе не мяняю, але калі заплаціце яшчэ, магу і зьмяніць.

Мне здаецца, пакуль апошняя кропка не пастаўленая: выбары ня заўтра. Тут магчымасьць для манэўру ёсьць. Але за тое, што былі зьнятыя санкцыі, гледзячы па ўсім, Лукашэнка больш плаціць ня хоча. За нешта новае — можа быць.

Карбалевіч: Думаю, што падчас размовы Лукашэнкі з Андрэйчанкам абмяркоўвалася пытаньне, каго зь цяперашніх дэпутатаў пакінуць у новым складзе палаты прадстаўнікоў.

Хачу нагадаць, што прымаючы на мінулым тыдні міністра замежных справаў Польшчы Вітальда Вашчыкоўскага, Лукашэнка заявіў: «Пры гэтым будзем старацца рабіць так, каб ніхто нас ніколі не папракнуў у малой дэмакратыі, у адсутнасьці яе. Мы будзем так рабіць, каб яе было ня менш, чым у Польшчы».

У рамках палітыкі нармалізацыі адносінаў з Захадам нешта мяняецца. І ў чыноўнікаў на месцах адбываецца кагнітыўны дысананс. Дык як цяпер праводзіць выбары? Так, як звычайна, ці па справядлівасьці?


А вось прымаючы Андрэйчанку, Лукашэнка вырашыў, што няма чаго саромецца, тут усе свае. І сказаў шчыра, што думаў. Маўляў, няма патрэбы «гуляць у якуюсьці незразумелую дэмакратыю». Кіраўнік Беларусі — чалавек шчыры.

Але, акрамя шчырасьці, тут робіцца і палітычны разьлік. Справа ў тым, што цяпер «вэртыкаль» улады знаходзіцца ў пэўнай разгубленасьці. Вось, у рамках палітыкі нармалізацыі адносінаў з Захадам нешта мяняецца, міліцыі забаранілі біць і затрымліваць пратэстоўцаў на вуліцах, а дазваляюць толькі складаць пратаколы і запрашаць у суд. І Ярмошына нешта гаворыць пра тое, што будзем супрацоўнічаць з Захадам у пляне правядзеньня выбараў. І ў чыноўнікаў на месцах у пэўным сэнсе адбываецца кагнітыўны дысананс. Дык як цяпер праводзіць выбары, хіба лічыць галасы? Так, як звычайна, ці па справядлівасьці?

І вось Лукашэнка дае ўсім сыгнал: няма патрэбы «гуляць у якуюсьці незразумелую дэмакратыю». То бок, усе павіны зразумець, што выбары павінны прайсьці па звычайнай схеме. А тое, што Лукашэнка, ці Макей, ці Ярмошына кажуць падчас сустрэчаў з заходнімі дэлегацыямі — гэта дыпляматычны ход. І ў перакладзе на беларускую палітычную мову гэта гучыць так, як кіраўнік дзяржавы сказаў Андрэйчанку.

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG