Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Роўна дваццаць гадоў таму, увесну 96-га, перад падпісаньнем дамовы аб беларуска-расейскай «супольнасьці», якая падавалася як ажыцьцяўленьне мары «разарванага паводле злой волі адзінага народа», — дзесяткі тысяч людзей выйшлі на вуліцы Менску. Кадры шэсьця пад сотнямі (менавіта так — сотнямі) бел-чырвона-белых сьцягоў паказалі вядучыя тэлекампаніі сьвету. Праз некалькі дзён у эўрапейскіх сталіцах мы з Пазьняком чулі ад палітыкаў: «Мы думалі, што ў вас усе за Расею, але ў тэлевізары ўбачылі іншае».

Кіраўнікі краінаў — таксама людзі, і ўласным вачам вераць болей, чым дэпэшам дыпляматычных місіяў ды справаздачам аналітыкаў.

Цяперашні Дзень Волі адбыўся ў зусім іншай атмасфэры — не пяцьдзесят тысяч, а тысяча-дзьве людзей прайшлі па цэнтральным праспэкце сталіцы.

Але — прайшлі.

А цяпер уявіце, што ў кожнага другога з гэтай тысячы у рукох быў бы бел-чырвона-белы сьцяг.

Пяцьсот сьцягоў, зьлітых у гэткае фэерычнае відовішча — было б вельмі моцным візуальным сыгналам Брусэлю і Вашынгтону і Маскве, што адміністрацыя — далёка не адзіны прадстаўнік беларускага народу.

Зрэшты, справа, канешне, не ў «карцінцы» для замежнага TV (хаця ў наш інфармацыйны час ігнараваць такі фактар не выпадае).

Ёсьць часы, калі сьцягі робяць болей за словы палітыкаў.

19 верасьня 2001-га, у гадавіну зацьвярджэньня бел-чырвона-белага сьцяга ў якасьці дзяржаўнага сымбалю, у інтэрвію Радыё Свабода Васіль Быкаў назваў яго «гнанай беларускай сьвятыняй». Сьцяг, сказаў Быкаў, «ў нас скралі, нахабна абрабавалі нацыю, што болей страшна за эканамічны рабунак і аналягічнае з нацыянальным генацыдам. Ужо адно тое, ня кажучы пра рабунак свабоды, робіць рабаўнікоў злачынцамі, злачынцамі перад нацыяй. Нават, калі яны спрабуюць падмяняць, падкласьці замест сьвятыні фальшыўку і патрабаваць да яе павагі, як да сьвятыні. Гэта ёсьць ужо падвойнае злачынства — перад нацыяй, перад гісторыяй, перад хрысьціянскай маральлю, таксама абрабаванай рабаўнікамі ». Але тут жа Быкаў заўважыў, што менавіта ў бел-чырвона-белых колерах «наша спадзёўка, наша няхай сабе і яшчэ не надта ўсьвядомленая нацыяй надзея».

Так, бел-чырвона-белы сьцяг — не набудзеш у краме. Але іх можна пашыць. І ў кожным нашым доме будзе, кажучы словамі Быкава, — надзея.

  • 16x9 Image

    Сяргей Навумчык

    Сяргей Навумчык нарадзіўся ў 1961 годзе ў Паставах. Скончыў факультэт журналістыкі БДУ, служыў у войску, працаваў у віцебскай абласной газэце. Быў дэпутатам Вярхоўнага Савета Беларусі і каардынатарам парлямэнцкай апазыцыі БНФ. У 1996 годзе атрымаў палітычны прытулак у ЗША.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG