Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША не гатовыя абмяняць Саўчанку на кантрабандыстаў Бута і Ярашэнку


Вашынгтон не разглядае магчымасьці абмену ўкраінскай лётчыцы Надзеі Саўчанкі, асуджанай расейскім судом на 22 гады пазбаўленьня волі за нібыта спрыяньне ў забойстве журналістаў, на расейцаў Віктара Бута і Канстанціна Ярашэнку, якія адбываюць пакараньне ў ЗША.

Пра гэта піша ў аўторак, 29 сакавіка, навіннае агенцтва «Інтэрфакс» са спасылкай на прадстаўніка амбасады ЗША ў Маскве Ўільяма Стывенса.

Раней у гэты дзень расейскі бок апублікаваў сьпіс грамадзян, на якіх гатовы абмяняць Саўчанку. Акрамя прадпрымальніка Віктара Бута, асуджанага ў 2011 годзе на 25 гадоў за гандаль зброяй, і лётчыка Канстанціна Ярашэнкі, асуджанага на 20 гадоў за наркагандаль, у гэтым пераліку ёсьць расіяне, «дзейнасьць якіх не афішуецца».

Амэрыканскі дыплямат нагадаў, што ЗША «адданыя сваім абавязаньням у рамках міжнароднага і нацыянальнага права ў справе ўтрыманьня зьняволеных». Вашынгтон таксама забясьпечвае неабходны консульскі доступ да замежных зняволеных, якiя адбываюць пакараньне на тэрыторыі ЗША, падкрэсліў Стывенс.

Расійскі пілёт Канстанцін Ярашэнка, арыштаваны ў 2010 годзе ў Лібэрыі, быў пазьней выдадзены ЗША, дзе ён быў асуджаны на 20 гадоў турэмнага зьняволеньня. Ён быў прызнаны вінаватым у злачыннай змове з мэтай кантрабанды ў ЗША какаіну на суму ^$ 100 млн.

«Зброевы барон» Віктар Бут, якому інкрымінуецца змова з мэтай забойства амэрыканскіх грамадзянаў шляхам кантрабанды зброі, у сваю чаргу, быў экстрадаваны ў ЗША з Тайлянду і атрымаў 25 гадоў турмы. Зброя, якой гандляваў Бут, прызначалася паўстанцам з Рэвалюцыйных узброеных сілаў Калюмбіі (FARC), прызнаных Вашынгтонам тэрарыстычнай арганізацыяй.

XS
SM
MD
LG