Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Класкоўскі: Вялікая частка беларусаў расчаравалася ў «бацьку», але ня бачыць альтэрнатывы


Аляксандар Класкоўскі

Аляксандар Класкоўскі

Значнае падзеньне электаральнага рэйтынгу Аляксандра Лукашэнкі на сёньняшні дзень не пагражае ягонай уладзе, мяркуе экспэрт.

Такое меркаваньне ў інтэрвію Свабодзе выказаў палітычны аналітык Аляксандар Класкоўскі, камэнтуючы вынікі сакавіцкага апытаньня, праведзенага Незалежным інстытутам сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў (НІСЭПД).

Класкоўскі канстатуе, што падзеньне рэйтынгу Лукашэнкі было цалкам прадказальнае.

«Тут ня трэба быць вялікім аналітыкам, таму што як на далоні бачны ўсе гэтыя непапулярныя захады апошніх месяцаў — і падвышэньне камуналкі, і намер падвысіць пэнсійны ўзрост, і проста зьбядненьне насельніцтва ў выніку тупіковай эканамічнай палітыкі. Усё гэта ўдарыла па папулярнасьці ўладаў. Паказальна, што каля паловы рэспандэнтаў мяркуюць, што ў крызісе вінаваты менавіта кіраўнік краіны — гэта адваротны бок мэдаля, адваротны бок таго, што ў краіне, як ён сам сказаў, толькі адзін палітык. Цяпер ён расплочваецца за гэтую аднаасобную сыстэму ўлады, і нейкія такія танныя шоў кшталту адкруткі камунальных тарыфаў не ўратуюць сытуацыю. Чакаецца, што днямі Лукашэнка падпіша нейкі дакумэнт пра падвышэньне пэнсійнага ўзросту, і я думаю, што праз квартал чарговае апытаньне НІСЭПД зафіксуе, магчыма, яшчэ ніжэйшы ягоны рэйтынг. Ужо цяпер лічба блізкая да гістарычнага мінімуму, але яшчэ ёсьць куды падаць рэйтынгу Лукашэнкі, улічваючы глыбіню эканамічнага крызісу і беспэрспэктыўнасьць сёньняшняй сытуацыі, бо ня бачна тых чыньнікаў, якія б маглі ў бліжэйшай пэрспэктыве забясьпечыць эканамічны рост», — падкрэсьліў аналітык.

Праўда, Класкоўскі ня лічыць, што падзеньне рэйтынгу пагражае ўладзе Лукашэнкі:

«Непасрэдна ўладзе Лукашэнкі сёньня гэтыя лічбы, гэтыя трэнды не пагражаюць, бо тыя ж апытаньні паказваюць, што пратэстная актыўнасьць электарату знаходзіцца на нізкім узроўні, а рэйтынг палітычных партыяў, здаецца, увогуле ўпаў да гістарычнага мінімуму».

«То бок вялікая частка беларусаў расчаравалася ў „бацьку“ (як яго раней называлі многія ляяльныя выбаршчыкі з патэрналісцкім мысьленьнем), але разам з тым маса ня бачыць выразнай палітычнай альтэрнатывы. І тут толькі часткова можна папракаць апазыцыю за яе вечныя міжусобіцы, адсутнасьць кансалідацыі і выразнай стратэгіі. Самае сумнае, што ў краіне проста зачышчанае палітычнае поле, зламаныя ўсе мэханізмы палітычнай канкурэнцыі. І таму, з аднаго боку, цяперашняя ўлада завяла краіну ў тупік, у яе няма палітычнай волі да рэформаў, — але, зь іншага боку, няма і выразнай альтэрнатывы, бо палітычная сытуацыя замарожаная, ёсьць вялікі чыньнік страху, які дзейнічае на насельніцтва. Плюс паралізуе яго волю сумны досьвед Украіны. У выніку мы маем пэрспэктыву доўгай дэградацыі і на нейкай ступені, магчыма, сацыяльнага выбуху, бо ўлада ня хоча накіраваць сёньняшнюю сытуацыю ў рэчышча рэформаў і трансфармацыі. Натуральна, што рана ці позна можа проста сарваць накрыўку катла», — кажа Класкоўскі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG