Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тэракты ў Брусэлі: паліцыя адпусьціла падазраванага


У Бэльгіі сьледчыя вызвалілі Фэйсала Ш., затрыманага ў чацьвер па справе аб выбухах у Брусэлі.

Фэйсалу Ш. раней выставілі абвінавачваньні ва ўдзеле ў дзейнасьці тэрарыстычнай групы, забойстве пры зьдзяйсьненьні тэрарыстычнага акту і замаху на забойства пры зьдзяйсьненьні тэрарыстычнага акту.
Паведамляецца, што яго вымушаны былі адпусьціць, паколькі для яго далейшага ўтрыманьня пад вартай не ўдалося сабраць дастаткова доказаў.

Па зьвестках бэльгійскіх СМІ, гаворка ідзе пра Фэйсала Шэфу, журналіста-фрылансэра.

Прэса сьцьвярджае, што гэта менавіта той чалавек, які зафіксаваны ў капелюшы і сьветлай куртцы на кадрах камэрай назіраньня брусэльскага аэрапорта побач з Брахімам Бакраўі і Наджымам Лаашраўі, якія падарвалі дзьве бомбы ў залі аэрапорта і загінулі пры выбухах.
Фэйсал Ш. быў сярод 12 чалавек, арыштаваных у чацьвер і пятніцу ў ходзе паліцэйскіх рэйдаў ў Бэльгіі, Францыі і Нямеччыне. Падчас ператрусу ў яго доме не было выяўлена зброі, гаворыцца ў заяве пракуратуры.

Акрамя таго, яшчэ 3 чалавекі былі абвінавачаныя ў панядзелак у дачыненьні да дзейнасьці тэрарыстычнай арганізацыі, паведамляе ВВС.

Гэтыя трое — Ясін А., Мухамэд Б. і Абубакер О. — былі арыштаваныя падчас паліцэйскіх аблаваў, што прайшлі па 13 адрасах у суботу. Чацьвёрты затрыманы падчас аблавы быў адпушчаны без выстаўленьня абвінавачваньняў.

Па апошняй інфармацыі, колькасьць ахвяраў тэрактаў у Брусэлі вырасла да 35 чалавек, пасьля таго як 4 чалавекі памерлі ў бальніцы ад атрыманых траўмаў. Трое тэрарыстаў-самагубцаў у лік ахвяраў ня ўключаныя.

Адказнасьць за выбухі ўзяла на сябе экстрэмісцкая групоўка «Ісламская дзяржава», прызнаная тэрарыстычнай і забароненая ў многіх краінах.

XS
SM
MD
LG