Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці ўдалося Аляксандру Лукашэнку стаць ў вачах насельніцтва выратавальнікам ад «злых камунальшчыкаў?» Наколькі значным атрымалася зьніжэньне тарыфаў? Чаму людзі гэтак хваравіта рэагуюць на іх падвышэньне?

Карбалевіч: Дзяржаўныя мэдыі падаюць прэзыдэнцкі ўказ № 107 ад 23 сакавіка, як панацэю, якая выратавала насельніцтва ад «камунальшчыкаў», якія «ад балды» устанаўлівалі тарыфы на паслугі ЖКГ. Ён, нібыта, часткова «адкручвае» цэны назад. Сам Лукашэнка падчас паездкі на фабрыку «Камунарка» патлумачыў, што указ устанаўлівае верхнюю мяжу, вышэй якой тарыфы ня могуць падвышацца. А падвышэньне долі аплаты насельніцтвам камунальных паслугаў адбудзецца за кошт таго, што у камунальнай гаспадарцы адбудзецца памяншэньне сабекошту паслугаў.

І вось людзям прыйшлі «жыроўкі». Высьветлілася, як мы і меркавалі калісьці, што насамрэч кошты зьнізіліся зусім няшмат. Патаньнела трохі толькі вада. А вось ацяпленьне, гарачае водазабесьпячэньне і электраэнэргія — засталіся бязь зьменаў. У лютым тарыфы патаньнелі толькі таму, што месяц быў цёплы і кароткі. Напрыклад двухпакаёвая кватэры ў Менску патаньнела толькі на 24 тыс. рублёў.

То бок уся кампанія, распачатая Лукашэнкам па абароне насельніцтва ад «злых камунальшчыкаў», апынулася блефам. Гэта была проста тэатральная пастаноўка з крымінальнымі справамі, разносамі, мэдыйным эфэктам. Але пэўны псыхалягічны эфэкт гэта, магчыма, і дало. Але невялікі. Як вы лічыце, спадарства, ці атрымаў якія палітычныя дывідэнды Лукашэнка з гэтай кампаніі?

Цыганкоў: Я лічу, што атрымаў. Быў разыграны палітычны спэктакль. Дадам, што Лукашэнка ўспрымае гэтую сфэру як вельмі датклівую і важную, якую нельга запускаць. У той ці іншай ступені, але ён не дапусьціў бы вельмі значнага павышэньня тарыфаў, уся палітычная гісторыя яго кіраваньня даказвае гэта. Ён тут як нідзе адчувае настроі людзей.

Лукашэнка сочыць за такімі тэмамі з пункту гледжаньня палітычнага і прапагандысцкага

Калі можна дапусьціць падаражэньне нейкіх харчовых прадуктаў, то камунальная сфэра асаблівая — яна актыўна абмяркоўваецца ад вуліц да сацыяльных сетак. Была пэўная людзкая рэакцыя: сотні людзей па ўсёй краіне прыходзілі ў ЖЭСы, выказвалі сваё абурэньне, прасілі пералічыць рахункі. Нягледзячы на тое, што кажуць, што меркаваньне народа для Лукашэнкі няважнае, гэта даказвае, што адміністрацыя трымае руку на пульсе вельмі істотных для насельніцтва праблемаў. Можна ўвесьці падатак на дарогі ці замежныя пасылкі — гэта тое, што будзе тычыцца не ўсіх ці дастаткова заможнай часткі насельніцтва. І гэта ўсё дапушчальна. А з «камуналкай» — не. Хада падзеяў паказвае, што Лукашэнка сочыць за такімі тэмамі з пункту гледжаньня палітычнага і прапагандысцкага.

Дракахруст: У такім стаўленьні да камунальных тарыфаў Аляксандар Лукашэнка мае рацыю. Мы памятаем, як у мінулым годзе пачаліся вельмі моцныя хваляваньні ў Армэніі ад невялічкага падвышэньня цэнаў на электраэнэргію. Мы бачым, што зараз ва Ўкраіне пытаньне камунальных тарыфаў — адно з самых вострых і яно выходзіць на палітычны ўзровень. Тая ж Юлія Цімашэнка зрабіла гэтае пытаньне ледзь не сьцягам сваёй палітыкі.

Прычына ў тым, што камунальныя паслугі — гэта тавар, попыт на які неэлястычны. Яго няма чым замяніць. Умоўна кажучы, падвысілася цана на мяса — у прынцыпе, можна есьці хлеб. Але вада, газ, цяпло — ад гэтага не адмовісься і гэта нічым не заменіш. Можна крышачку зэканоміць, але пэўны аб’ём гэтых паслугаў чалавек вымушаны спажываць. Таму ў многіх краінах гэты момант вельмі балючы.

Што тычыцца спэктаклю — я не думаю, што гэта з самага пачатку было так разыграна, маўляў, мы падвысім, потым Лукашэнка бразьне кулаком па стале, зьнізіць тарыфы і народ яго палюбіць. Я думаю, што было рашэньне падвысіць — гэтага, як мы ведаем, МВФ патрабаваў, лібэральныя эканамісты ва ўладзе патрабавалі. Але потым убачылі гэтую «ціхую рэвалюцыю» ўсенароднага хаджэньня па ЖЭСах і вырашылі, што трэба адкруціць.

пройдзе некалькі месяцаў і ніхто ўжо не будзе памятаць, як у лютым-сакавіку 2016 году зьнізілі камунальныя тарыфы

Што тычыцца эфэкту — то людзі не ўдаюцца ў дэталі, ня надта думаюць пра магчымыя наступствы. Калі быў нафтавы бум, заробкі ў Беларусі расьлі — ну і ці многія задумваліся, а як доўга яны будуць расьці і што гэты рост магчыма за кошт наступных пакаленьняў? Растуць заробкі і добра.

Гэтак і зараз : адкруцілі — ну і добра, значыць можна было адкруціць, добрая ўлада, ў іншых месцах не адкручваюць. Іншая справа, што, як кажуць, страўнік — злодзей, дабра не памятае. Умоўна кажучы, пройдзе некалькі месяцаў і ніхто ўжо не будзе памятаць, як у лютым-сакавіку 2016 году зьнізілі камунальныя тарыфы. Па-першае, тарыфы падымуцца, гэта безумоўна. Па-другое, гэтага памятаць не будуць хутчэй за ўсё.

Цыганкоў: Тут уладам сэзонны фактар. Тое, што тарыфы падымуцца — гэта неабавязкова. Проста наступіць лета і сыдзе аплата за ацяпленьне, і таму ў траўні-чэрвені тарыфы відавочна будуць меншымі, чым у лютым.

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

XS
SM
MD
LG